Выбрать главу

Ліан не стаў складваць лісток і хаваць у бумажнік, але і не спаліў, а зрабіў з ім тое, што рабіў з усімі пісьмамі, якія не патрабуюць адказу — ледзь толькі дачытаў, засунуў у электрычную машынку — рэзалку непатрэбных папер. Ён быў вельмі няшчасны — так, думаў ён, Дэнава смерць разам усё абарвала, ніякія пачуцці ў Джасціне ўжо не прачнуцца. Несправядліва гэта. Ён так доўга чакаў.

На суботу і нядзелю ён усё ж паляцеў у Лондан, але не таму, каб з ёю пабачыцца, хоць ён яе і ўбачыў. Убачыў на сцэне, любімаю жонкай Шэкспіравага маўра, Дэздэмонаю. Незвычайная ігра. He, нічога ён не можа ёй даць, чаго не дала б сцэна, ва ўсякім выпадку, не цяпер. Вось так, мая разумніца! Усю сябе раскрый на сцэне.

Але яна не магла ўсю сябе раскрыць на сцэне, яна была вельмі маладая, каб сыграць Гекубу. Проста толькі на сцэне ўдавалася знайсці спакой і забыццё. I яна толькі ўгаворвала сябе: усё пройдзе, час лечыць раны, — але не верыла гэтаму. Чаму так балюча і ніколечкі не становіцца лягчэй? Пакуль Дэн быў жывы, яна, праўду кажучы, не так ужо многа пра яго думала, калі яны не былі разам, а з таго часу, як яны выраслі і выбралі процілеглыя, па сутнасці, прызванні, яны рэдка былі разам. Але вось яго не стала — і ў яе жыцці раскрылася бездань, і нічым ніколі гэту адкрытую бездань не запоўніць.

Страшней за ўсё кожны раз спахоплівацца на міжвольным парыве, на думцы — каб жа не забыцца расказаць пра гэта Дэну, вось ён пасмяецца... А так бывае заўсёды, і пакута цягнецца, цягнецца бясконца. Калі б усё, звязанае з яго смерцю, было не такое жахлівае, можа, Джасціна ачулася б хутчэй, але гэтыя страшэнныя некалькі дзён ніяк не бляклі ў памяці. Вельмі не хапае Дэна, так цяжка зноў і зноў нагадваць сабе тое, у што немагчыма паверыць, — Дэн памёр, Дэна не вярнуць.

I яшчэ: ведама ж, яна вельмі мала яму памагала. Усе, апроч яе, відаць, думалі, што ён — дасканаласць і не ведае трывог, якія мучаць другіх, але яна дык ведала, яму не давалі спакою сумненні, ён пакутаваў, уяўляючы, нібы нічога ён не варты, не разумеў, што бачаць у ім людзі, апрача прыгожага твару і зграбнага цела. Бедны Дэн, ён ніяк не мог зразумець, што яго любяць за дабрыню і чысціню. Страшна ўспомніць, што яму ўжо не паможаш — позна.

Джасціна бедавала і па маці. Калі Дэнава смерць траха не забіла мяне, як жа маме? Падумаеш пра гэта — і хоць крычы, бяжы на край свету ад думак, ад успамінаў. Уставалі перад вачыма дзядзькі, якія яны былі ў Рыме на Дэнавым пасвячэнні — проста раздзімаліся ад гонару, нібы галубы дутышы. Вось гэта найгорш — бачыць маці і ўсіх драгедскіх назаўсёды няўцешнымі, спустошанымі.

Будзь шчырая, Джасціна. Калі папраўдзе, ці гэта найгорш? Ці не дапякае цябе куды мацней другое? Ніяк не ўдаецца адагнаць думкі пра Ліана, а гэтым яна здраджвае Дэну. Яна імкнулася насустрач сваім жаданням і выправіла Дэна ў Грэцыю аднаго, а калі б паехала з ім, можа, ён застаўся б жывы. Праўда, якраз гэтак. Дэн загінуў таму, што яна эгаістка, упівалася Ліанам. Брата не вернеш, позна, але калі ніколі болей не бачыць Ліана, гэтым можна хоць неяк загладзіць сваю віну, дзеля гэтага трэба цярпець і смутак і адзіноту.

Так праходзілі тыдні, месяцы. Год, два гады. Дэздэмона, Афелія, Порцыя, Клеапатра. З самога пачатку Джасціна цешыла сябе надзеяй — яна трымаецца як трэба, нічым не выдае, што святло яе патухла; яна так старанна сачыла за тым, каб гаварыць, смяяцца, падтрымліваць сувязь з людзьмі, як і раней. Хіба што ў адным перамянілася — стала дабрэйшая, чужое гора раніла яе цяпер, як сваё. Але ўвогуле з выгляду яна была тая самая колішняя Джасціна — легкадумная, парывістая, дзёрзкая, незалежная, з’едлівая.

Двойчы яна спрабавала прымусіць сябе з’ездзіць у Драгеду праведаць сваіх; другім разам нават узяла білет на самалёт. I кожны раз у апошнюю хвіліну што-небудзь вельмі важнае і неадкладнае перашкаджала паехаць, але патаемна яна ведала: сапраўдная перашкода — адчуванне віны і баязлівасць. Няма сілы паглядзець маці ў вочы, тады ўся горкая праўда немінуча адкрыецца, і хутчэй за ўсё — выбухам гора, чаго яна да гэтага часу ўмудралася пазбегнуць. Хай усе ў Драгедзе, асабліва мама, і надалей цешаць сябе вераю, што хоць з ёю, Джасцінаю, усё добра, што яе рана ўсё ж не небяспечная. Значыць, ад Драгеды лепей трымацца далей. Намнога лепей.

Мэгі злавіла сябе на тым, што ўздыхае, і прыдушыла ўздых. Калі б так не нылі ўсе косці, яна асядлала б каня, але сёння ад аднае думкі пра паездку верхам боль яшчэ мацнее. Як-небудзь другім разам, калі не так будзе мучыць артрыт.

Яна пачула — пад’язджае машына, стукае малаток каля парадных дзвярэй — бронзавая галава ў барана, далятаюць невыразныя галасы, мацерын голас, хада. Ці не ўсё роўна, гэта ж не Джасціна.

— Мэгі, — паклікала Фія, выглянуўшы на веранду, — у нас госць. Можа, зойдзеш у пакоі?

У госця выгляд вельмі важны, ён не першай маладосці, хоць, бадай што. і маладзейшы, чым здаецца. Нейкі ні на кога не падобны, яна такіх ніколі не сустракала, вось толькі адчуваецца ў ім тая самая сіла і ўпэўненасць, якая была некалі ў Ральфа. Некалі. У далёкія, незваротныя часы.

— Мэгі, гэта — містэр Ліан Хартгейм, — сказала Фія, адышла да свайго крэсла, але не села.

— О! — вырвалася ў Мэгі, так дзіўна раптам убачыць таго, хто займаў некалі немалое месца ў Джасцініных пісьмах. Але адразу яна ўспомніла пра прыстойнасць: — Калі ласка, сядайце, містэр Хартгейм.

Ён таксама глядзеў на яе здзіўлена.

— Але вы ані не падобныя на Джасціну, — сказаў ён разгублена.

— Праўда, мы зусім не падобныя. — I Мэгі села насупраць яго.

— Я вас пакідаю, Мэгі, містэр Хартгейм сказаў, што яму трэба пагаварыць з табою сам-насам. Калі вам захочацца чаю, пазвані, — распарадзілася Фія і выйшла.

— Значыць, вы і ёсць Джасцінін друг з Германіі, — здзіўлена сказала Мэгі.

Ён дастаў партсігар.

— Вы дазволіце?

— Ведама.

— Ці не закурыце і вы, місіс О’Ніл?

— He, дзякуй. Я не куру. — Яна расправіла складкі ў сукенцы на каленях. — Вы так далёка ад радзімы, містэр Хартгейм. Вас прывялі ў Аўстралію справы?

Ён усміхнуўся: што яна сказала б, каб ведала, што ён, па сутнасці, і ёсць гаспадар Драгеды. Але ён не мае намеру ёй гэта гаварыць, няхай усе тут думаюць, што іх дабрабыт залежыць ад зусім пабочнага чалавека, якому ён даручыў ролю пасрэдніка.

— Калі ласка, місіс О’Ніл, называйце мяне проста Ліан. — Ён вымавіў сваё імя амаль як Лівень, як звала яго Джасціна, і нявесела падумаў — пэўна, гэтая жанчына не хутка стане так проста да яго звяртацца, яна яўна не з тых, што адчуваюць сябе лёгка з чужымі. — He, у мяне няма ніякіх афіцыйных спраў у Аўстраліі, але мяне прывяла сюды вельмі важная прычына. Я хацеў убачыць вас.

— Мяне?! — здзівілася Мэгі. I, нібыта каб утаіць збянтэжанасць, адразу загаварыла пра другое: — Mae браты часта вас успамінаюць. Вы былі такі добры да іх, калі яны прыязджалі ў Рым на Дэнава пасвячэнне. — Дэнава імя прагучала звычайна, без надрыву, нібы яна часта яго вымаўляла. — Спадзяюся, вы пагосціце ў нас некалькі дзён і пабачыцеся з імі.

— Ахвотна, місіс О’Ніл, — з лёгкасцю згадзіўся ён.

Сустрэча абарочвалася неяк нечакана, Мэгі адчула сябе няёмка: чужы чалавек проста гаворыць, што прыехаў за дванаццаць тысяч міль толькі дзеля таго, каб пабачыцца з ёю, і, аднак, не спяшаецца растлумачыць, навошта гэта яму трэба. Урэшце, ён, відаць, нават нішто сабе, але чамусьці перад ім крыху бянтэжышся. Можа, ён вывеў яе з раўнавагі проста таму, што яна такіх ніколі яшчэ не сустракала. Раптам Джасціна ўявілася ёй у зусім новым святле — яе дачка папросту водзіць знаёмства з такімі людзьмі, як гэты Ліан Мёрлінг Хартгейм! Упершыню Мэгі ўрэшце падумала пра Джасціну як пра раўню.

Хоць яна і немаладая, і зусім сівая, а ўсё яшчэ вельмі прыгожая, думаў Ліан, сустракаючы яе ветліва-ўважлівы пагляд; і ўсё ж дзіўна, зусім не падобная на Джасціну, вось Дэн — той быў выліты кардынал дэ Брыкасар! Як ёй, мусіць, адзінока! I ўсё ж яе не так шкада, як Джасціну: яна напэўна змагла зноў знайсці душэўную раўнавагу.

— Як Джасціна? — папыталася Мэгі.

Ён паціснуў плячыма.

— На жаль, не ведаю. Апошні раз мы бачыліся яшчэ да гібелі Дэна.

Мэгі нічым не паказала, што здзіўленая.

— Я і сама пасля пахавання яе не бачыла. — Яна ўздыхнула. — Я ўсё спадзявалася, што яна прыедзе дадому, але, здаецца, яна ніколі ўжо не вернецца.