Выбрать главу

Два новыя чалавечкі неўзабаве паявіліся ў доме. У Фіі нарадзіліся блізняты — яшчэ два маленькія рыжагаловыя Кліры; назвалі іх Джэймс і Патрык. Слаўныя хлопчыкі, абое ў бацьку — усмешлівыя, некапрызныя, з першых дзён яны зрабіліся агульнай уласнасцю, і Фія амаль занядбала іх, толькі грудзьмі карміла. Хутка хлопчыкаў пачалі называць коратка — Джымс і Пэтсі; яны сталі любімцамі жанчын з Вялікага дома — дзвюх пакаёвак, старых дзевак, і аканомкі, бяздзетнай удавы: яны даўно ўжо згаладаліся па такой радасці — няньчыцца з маленькімі дзецьмі. I Фія надзіва лёгка аддалілася ад блізнят — у іх і без яе тры клапатлівыя маці, і неўзабаве ўвайшло ў звычай, што малыя, як не спалі, увесь амаль час былі ў Вялікім доме. У Мэгі проста не было вольнай хвілінкі, каб узяць іх пад сваё крылца — управіцца хоць з Хэлам: ён не адпускаў яе ад сябе ні на момант. Няўклюдная ўгодлівасць і надакучлівае сюсюканне місіс Сміт, Міні і Кэт былі яму не па душы. У яго маленькім сусвеце Мэгі была адзінай крыніцай любові, ніхто яму больш не быў патрэбны, толькі Мэгі, адна толькі Мэгі.

Бадзяка Уільямс змяняў сваіх славутых ламавых коней і вялізны фургон на грузавік, і цяпер пошта прыходзіла ўжо не раз у шэсць тыдняў, як раней, а кожны месяц, але ад Фрэнка ўсё роўна не было вестак. I патроху ўспаміны пра яго пачалі блякнуць, як непазбежна блякнуць успаміны, нават самыя дарагія сэрцу; быццам нейкая падсвядомая, незалежная ад нашага розуму гаючая сіла сцішвае душэўную муку, зажыўляе раны, насуперак адчайнай рашучасці не забываць. З памяці Мэгі вобраз Фрэнка сціраўся з ныючым болем, мілыя рысы расплываліся ў смутнае аблічча, падобнае на лік святога, але падабенства з Фрэнкам у ім было не больш, чым паміж іканапісным Хрыстом і тым, якім, напэўна, быў Муж смуткаў. А ў Фіі з тых маўклівых глыбінь, у якіх яна прыглушала рух сваёй душы, вымкнула на замену новае пачуццё.

Яно авалодвала ёю спакваля, не назойліва, і ніхто нічога не прыкмячаў. Фія агарнулася маўклівасцю і непарушнай стрыманасцю: гэтай унутранай перамены ніхто не паспеў заўважыць, акрамя таго, на каго цяпер скіравалася яе любоў, але ён не падаваў выгляду. Утоенае і нявыказанае яднала іх, змякчала боль адзіноты. Відаць, гэта было непазбежна, бо з усіх дзяцей Пэдзі толькі Сцюарт удаўся ў маці. У чатырнаццаць гадоў ён быў такой жа невырашальнай загадкай для бацькі і братоў, як раней Фрэнк, але, у адрозненне ад Фрэнка, не выклікаў ні раздражнення, ні варожасці. Без нараканняў рабіў усё, што казалі, працаваў не з меншай рупнасцю, чым іншыя, і не каламуціў ціхай завадзі — жыцця сям’і Кліры. Як і ва ўсіх, валасы ў яго былі рыжыя, толькі цямнейшыя, чым у астатніх хлопчыкаў, — больш пад колер чырвонага дрэва, а вочы — празрыстыя, як прэсная вада ў цяні, быццам яны праніклі ў глыб часоў да самых вытокаў, існага і бачаць усё такім, як яно ёсць. Ён адзіны з усіх сыноў Пэдзі абяцаў вырасці ў прыгожага мужчыну, хоць Мэгі была ў душы перакананая, што яе Хэл зацьміць Сцюарта, калі надыдзе яго чарга стаць дарослым. Ніхто не ведаў, што ў Сцюарта наўме: як і Фія, ён гаварыў мала і ніколі не выказваў услых сваіх тайных думак. I яшчэ меў нейкую дзіўную манеру раптам прыціхаць — не толькі целам, а і душою; і сястры, з якой яны былі пагодкі, здавалася, што вось-вось ён памкнецца кудысьці, куды ўсім іншым заказаны шлях. Айцец Ральф выказаў гэта па-свойму.

— Хлопчык як не з гэтага свету! — усклікнуў ён, калі прывёз Сцюарта ў Драгеду з кляштара, дзе той, застаўшыся адзін, без Мэгі, наладзіў галодную забастоўку. — Можа, сказаў, што дамоў хоча? Можа, сказаў, што без Мэгі сумуе? Дзе там! Проста есці перастаў і цярпліва чакаў, пакуль да нашых тупых галоў дойдзе, чаго гэта ён. I ні разу рота не раскрыў, каб пажаліцца, а калі я прыйшоў да яго і зароў: «Табе што, дамоў захацелася?» — ён усміхнуўся толькі і галавой паківаў!

З часам было моўчкі прызнана, што Сцюарт не будзе працаваць на выганах з бацькам і астатнімі хлопцамі, хоць па гадах ужо і мог бы. Сцю застанецца сцерагчы дом, дровы калоць, агарод даглядаць, карову даіць — ці злічыш усе гаспадарчыя клопаты? Жанчыны ўсюды не паспеюць: на руках трое малых дзяцей. I хоць бы дзеля перасцярогі разумна мець пры доме мужчыну, хай нават ён і не дарослы, — як бы знак таго, што ёсць яшчэ і іншыя паблізу. Таму што, здаралася, завітвалі няпрошаныя госці — прагрукацяць па дашчаных прыступках чужыя боты, прагучыць чужы голас:

— Вітанне, гаспадынька, ёсць што-небудзь пажаваць?

У тутэйшай глушы яны кішма кішаць — сезоннікі, што бадзяюцца ад фермы да фермы са сваім скарбам на гарбе, увязаным у сінюю коўдру, хто з Квінсленда, хто з Вікторыі — людзі, што ўпусцілі свой шанц у жыцці альбо пабойваюцца ярма сталай работы і лічаць за лепшае тупаць тысячы міль у пошуках толькі ім адным ведама чаго. Большасцю ўсе яны людзі неблагія — прыйдуць, наядуцца ўволю, засунуць у складкі коўдры што ім дадуць — крышачку чаю, трохі цукру, мукі, і пойдуць прасёлкам у Баркулу ці ў Наранганг, пабрэнкваючы бляшанымі паходнымі кацялкамі, а за імі плятуцца следам худыя — скура ды косці — сабакі. У Аўстраліі рэдка падарожнічаюць конна, больш ходзяць пеша.

Зрэдку, бывала, наведваўся і нядобры чалавек: выгледзіць дзе жанчын без мужчын, не гвалціць — рабаваць. Таму на кухні ў Фіі, у тым куце, куды не маглі дабрацца малыя, заўсёды стаяў прыслонены да сцяны драбавік, і Фія старалася трымацца да яго бліжэй, чым прышлы, пакуль спрактыкаваным вокам не вызначыць, што ён за чалавек. Калі на Сцюарта ўсклалі адказнасць за дом, Фія з радасцю перадала яму стрэльбу.

He ўсе візіцёры былі бадзягі-сезоннікі з сінімі клункамі за плячыма; паяўляўся, напрыклад, прыказчык з магазіна Уоткінса. Ён прывозіў усё, што хочаш, — ад конскай мазі да пахучага мыла, зусім не падобнага на цвёрдыя камякі з тлушчу і соды, якія Фія варыла ў катле, у якім выварвалі бялізну; прывозіў і лавандавую ваду, і адэкалон, і пудру, і крэм для высушанай сонцам скуры. Былі і такія рэчы, якія ніхто нават не спадзяваўся купіць у каго-небудзь, акрамя як у прыказчыка ад Уоткінса; да прыкладу, у яго было націранне, з якім не параўнаюцца найлепшыя аптэчныя бальзамы, — і ўжо гатовыя, і тыя, што на заказ: яно загойвала ўсё — і дзірку ў баку ў аўчаркі, і язву на назе ў чалавека. Да каго на кухню ні заскочыць прыказчык, туды адразу набіваліся жанчыны і не маглі дачакацца, пакуль ён не адкіне века вялізнага чамадана з таварамі.

Завітвалі і іншыя гандляры ўразнос, толькі яны заязджалі ў гэтую авечую глуш нерэгулярна, але і ім не менш радаваліся; і чаго толькі ў іх не было — ад гатовых цыгарэт і мудрагелістых люлек да цэлых рулонаў тканіны, а часам і неадольна спакуслівыя прадметы бялізны і карсеты з багатай шнуроўкай. Гэтым жанчынам з глыбінкі надаралася, можа, толькі раз ці два ў год выбрацца ў бліжэйшы горад, і яны занудзіліся тут, адрэзаныя ад раскошных сіднейскіх магазінаў, ад навінак моды і жаночых бразготак.

У жыцці, здавалася, толькі і асталося, што мухі ды пыл. Дажджу даўно ўжо не было — хоць бы папырскаў і прыбіў гэты пыл, прагнаў мух, бо чым радзей ідзе дождж, тым больш мух і пылу.

З усіх столей гірляндамі звешваюцца і паволі пакручваюцца доўгія стужкі ліпкай паперы, чорныя ад наліплых на іх за дзень мух. Ніводнай пасудзіны на кухні нельга ні на момант пакінуць непрыкрытай — яна імгненна робіцца прытулішчам разгульнага балявання ці мушыным могільнікам, а ў пакоях уся мэбля і сцены заседжаны мухамі, нават каляндар-даведнік джыланбаўнскага універсальнага магазіна.

I ох, гэты пыл! Ад яго ратунку не было, ад гэтага драбнюткага, як пудра, пылу; ён пранікаў праз самыя шчыльныя накрыўкі і вечкі, ад яго цямнелі толькі што памытыя валасы, ён скрыпеў на скуры, набіваўся ў складкі адзення і фіранак, тонкай бруднай плёнкай засцілаў паліраваныя сталы — не паспееш сцерці, а ён зноў ужо тут. На падлозе пыл ляжаў тоўстым пластом, занесены нядбайна выцертымі чаравікамі і сухім гарачым ветрам, што павяваў праз расчыненыя насцеж дзверы і вокны; Фіі давялося скруціць свае персідскія дываны, што ў гасцінай, і загадаць Сцюарту прыбіць цвікамі лінолеум — яго, нават не паглядзеўшы, яна выпісала з джыланбаўнскага магазіна.

На кухні, дзе найбольш таўклося старонняга люду, дашчаная падлога стала белая, як старая высахлая косць, — яе бясконца скрэблі драцянай шчоткай і лугавым мылам. Фія і Мэгі пасыпалі яе апілкамі — іх Сцюарт клапатліва збіраў каля дрывотні, скупа апырсквалі такой дарагой вадой, а потым усю гэту вільготную масу, ад якой ішоў востры духмяны пах, вымяталі за дзверы на веранду, адтуль — на агарод, дзе яна неўзабаве рабілася перагноем.