Выбрать главу

Але нішто не магло пацясніць пылу, а рэчка перасохла, ператварылася ў нізку мелкіх лужын, і ўжо не было адкуль напампаваць вады на кухню, на ванную. Нарэшце Сцюарт з’ездзіў на грузавічку-вадавозе да Копанкі, прывёз яго поўны вады, выліў яе ў адзін з запасных дажджавых бакаў, і жанчынам давялося мыцца, мыць посуд і бялізну ў яшчэ адной агіднай вадкасці, горшай за мутную ваду з рэчкі. Пасля гэтай брыдкай, засоленай, з тухлым пахам гнілых яек, вады посуд даводзілася старанна выціраць, а валасы гублялі бляск і рабіліся сухія, як салома. Дажджавой вады засталося зусім мала, яе бераглі толькі на піццё і на кухню.

Айцец Ральф з пяшчотаю паглядаў на Мэгі. Дзяўчынка расчэсвала рыжыя кучаркі Пэтсі, а Джымс, пахістваючыся на яшчэ слабых ножках, стаяў побач, цярпліва чакаючы сваёй чаргі; дзве пары ясна-блакітных вочак з замілаваннем пазіралі на сястру. Зусім як маленькая мама, гэтая Мэгі. У жанчын, відаць, гэта ад прыроды, — разважаў айцец Ральф, — дзіўная цяга да малых дзяцей, інакш дзяўчынцы ў яе гады няньчыцца з імі было б не прыемнасцю, а нудным абавязкам, і яна старалася б хутчэй збегчы ад іх і заняцца чым-небудзь цікавейшым. А яна знарок расцягвае расчэсванне, закручвае валосікі Пэтсі пальцамі, каб яны не абы як круціліся, а леглі хвалямі. Нейкі час свяшчэннік любаваўся заняткам Мэгі, потым ляснуў ручкай плёткі па запыленай халяве і скіраваў пахмурны позірк да Вялікага дома, што хаваўся за прывіднымі эўкаліптамі і павойнымі лозамі, за лабірынтам гаспадарчых будынкаў, за магутнымі перцавымі дрэвамі, зусім аддзелены ад восі, вакол якой круцілася жыццё на ферме, — ад дома старшага аўчара. Якія каверзы строіць, якія інтрыгі пляце старая павучыха, засеўшы пасярод сваёй аграмаднай павуціны?

— Айцец Ральф, вам ужо нецікава? — дакорліва спыталася Мэгі.

— Прабач, Мэгі, я задумаўся. — Ён павярнуўся — дзяўчынка ўжо прычасала Джымса, і ўсе трое стаялі, з чаканнем пазіраючы на яго, і ён нагнуўся, падхапіў абаіх блізнят, аднаго левай, другога правай рукой. — Гайда ў госці да вашай цётачкі Мэры, пайшлі?

Мэгі ішла ззаду, несла яго бізун і за повад вяла буланую кабылу, на якой прыехаў свяшчэннік, а ён неяк па-сваяцку і з ахвотай нёс на руках малых, хоць ад рэчкі да Вялікага дома была амаль міля. Ля летняга доміка-кухні ён перадаў блізнят місіс Сміт, якая аж заззяла ад радасці, і павёў Мэгі па дарожцы да гаспадарскага дома.

Мэры Карсан сядзела ў сваім вялікім крэсле з падгалоўнікам. Апошнія дні старая рэдка калі яго пакідала — не было асаблівай патрэбы, Пэдзі і сам добра ўпраўляўся з усімі гаспадарчымі справамі. Калі, трымаючы Мэгі за руку, увайшоў айцец Ральф, яна працяла малую нядобрым позіркам, і тая апусціла вочы; айцец Ральф адчуў пальцамі, як затрапятаўся пульс дзяўчынкі, і спагадліва сціснуў ёй запясце. Мэгі нялоўка прысела ў паклоне і нешта ледзь чутна пралепятала.

— Ідзі на кухню, мілачка, папі чаю з місіс Сміт, — рэзка загадала Мэры Карсан.

— Чаму вы яе так не любіце? — спытаўся айцец Ральф, апускаючыся ў крэсла, якое ўжо прывык лічыць сваім.

— Таму што вы яе любіце, — прагучаў адказ.

— Што вы, Мэры! — Нарэшце-такі старая ўвагнала яго ў чырвань! — Мэгі вельмі адзінокае дзіця.

— He гэта для вас галоўнае, вы і самі добра ведаеце.

Прыгожыя блакітныя вочы змерылі старую з’едлівым позіркам — айцец Ральф ужо амаль авалодаў сабой.

— Вы думаеце, я гвалтаўнік малалетніх? Усё ж такі я свяшчэннік!

— Перш за ўсё вы мужчына, Ральф дэ Брыкасар! I як свяшчэннік адчуваеце сябе ў бяспецы, толькі і ўсяго!

Ён скалануўся, але засмяяўся. Сёння чамусьці яму не ўдаецца парыраваць яе выпады; яна, мусіць, знайшла шчылінку ў яго даспехах і забралася туды са сваім павучыным ядам. А ён ужо не той — відаць, старэе, звыкаецца з гібеннем у гэтай глушэчы — Джыланбаўне. Тухне былы агонь ці, можа, цяпер ён жывіцца ўжо не тым, чым раней?

— Я не мужчына, — сказаў айцец Ральф. — Я свяшчэннік... Можа, мяне перасіліла гарачыня, гэты пыл і мухі... Але я не мужчына, Мэры. Я — свяшчэннік.

— Ах, Ральф, такая перамена! — здзекліва ўсміхнулася Мэры Карсан. — Ці вас я чую, кардынал дэ Брыкасар?

— Гэта немагчыма, — сказаў ён, і вочы яго на міг заслаліся тугой. — Здаецца, сан гэты мне ўжо больш не патрэбен.

Мэры Карсан зарагатала, тузаючыся ўзад і ўперад у крэсле і не зводзячы пільных вачэй са свяшчэнніка.

— Вось як, Ральф? Сан кардынала вам ужо не патрэбны? Што ж, я дам вам яшчэ крыху патаміцца, але, будзьце ўпэўнены, дзень расплаты прыйдзе. He заўтра яшчэ і, можа не раней як праз два-тры гады, але ён прыйдзе. Як той д’ябал-спакуснік я прапаную вам... але хопіць, і так досыць сказана! Толькі не сумнявайцеся, вы будзеце курчыцца ў пакутах. Ніколі ў жыцці не сустракала больш прывабнага мужчыны. Сваёй прыгажосцю вы кідаеце жанчынам выклік і пагарджаеце намі за безразважлівасць. Але я прыпру вас у кут вашай жа слабасцю, і вы прадасце сябе, як размаляваная шлюха. Вы сумняваецеся?

Усміхаючыся, айцец Ральф адкінуўся на спінку крэсла.

— Чаму? Я не сумняваюся, што вы паспрабуеце. Толькі наўрад ці вы так ужо добра вывучылі мяне, як вам здаецца.

— Нават так? Час пакажа, Ральф, толькі час. Я ўжо старая, і ў мяне засталося толькі адно — час.

— А што ў мяне засталося, па-вашаму? Час, Мэры, толькі час. Час, пыл і мухі.

Неба заслалася густымі хмарамі, і ў Пэдзі з’явілася надзея на дождж.

— Пыльныя буры, — прадракла Мэры Карсан. — З гэтых хмар дажджу не будзе. Нам яго яшчэ доўга чакаць.

Дарэмна сям’я Кліры думала, што зведала ўжо самыя жорсткія праявы суровага аўстралійскага клімату, іх чакала новае выпрабаванне — пыльная бура на выпаленай засухай раўніне. Пазбаўленыя прыміральнай вільгаці, высахлая зямля і паветра з трэскам церліся адно аб адно, распалялі адно аднаго, даходзячы да ўсе большага і большага напружання, гатовага, нарэшце, разрадзіцца гіганцкім вывяржэннем запашанай энергіі. Неба зусім нізка навісла над зямлёю і так пачарнела, што Фіі давялося запаліць у пакоях дзве лямпы; коні на стайні ўздрыгвалі і палахліва ўскідваліся ад самага нязначнага шуму; куры ўзляцелі на седалы і схавалі галовы ў крылах; сабакі гыркалі і грызліся між сабою; свінні кінулі рыцца ў памыйцы, глыбей зарыліся лычамі ў пыл і толькі вызіралі з яго сваімі бліскучымі, рэзвымі вочкамі. Пагрозлівыя сілы, што прытаіліся ў небе, нагналі жах на ўсё жывое — агромністыя чорныя валы хмар паглынулі сонца, намерваючыся зрынуць яго полымя на зямлю.

Здалёку з усё большай хуткасцю каціліся грымоты, дробныя ўспышкі на небасхіле выразна высвечвалі абрысы высока нагрувашчаных хмар, над сінявата-чорнымі, як у поўнач, глыбінямі пеніліся і клубіліся іхнія да жудасці белыя грабяні. I нарэшце стыхія разлютавалася — з выццём наляцеў вецер, узвіхурыў пыл і пачаў балюча сячы па вачах, па губах, па твары. Нашым навічкам-аўстралійцам цяпер было няцяжка ўявіць, што такое гнеў гасподні па бібліі — яны адчулі яго на сабе. Ад магутных перуноў усе скаланаліся і ледзь не падскоквалі — грукатала і ляскатала аглушальна і ярасна, здавалася, зараз на кавалкі расколецца зямля, і ўсё ж Кліры — яны ўсе пахаваліся ў доме — мала-памалу прыцярпеліся да гэтага буйства стыхіі і адзін за другім павыходзілі на веранду, скіравалі пільныя позіркі за рэчку, на далёкія выганы. Увесь небасхіл бесперапынна ашчаціньваўся дзесяткамі бліскавічных рагулін, пераплеценых вогненнымі прожылкамі, брудна-фіялетавыя сполахі чарадой праразалі хмары, то знікалі ў непраглядных зыбкіх грамадах, то вынырвалі з іх, быццам гулялі ў нейкія фантастычныя хованкі. Пабітыя яшчэ раней маланкамі дрэвы, што адзінока тырчалі сярод лугоў, цяпер тлелі і куродымелі, і Кліры, нарэшце, зразумелі, чаму былі мёртвыя гэтыя самотныя вартавыя авечых пашаў.

У паветры паступова разлівалася страхотлівае, нібыта тагасветнае святло, паветра ўжо не было нябачнае, а само быццам падсвечвалася знутры фасфарычным бляскам — ружовым, бэзавым, зеленавата-жоўтым, і ад яго ішоў назойлівы саладжавы пах, нейкі невыразны, ні на што не падобны. Дрэвы мігатліва паблісквалі, рыжыя валасы на галовах у Кліры ззялі вогненным арэолам, валаскі на руках сталі тарчма. Так прайшоў цэлы дзень, і толькі пад вечар бура нехаця адступіла на ўсход, і на захадзе сонца гэтае жудаснае насланнё, нарэшце, пакінула іх, але і тады не прыйшло супакаення — усе былі ўсхваляваныя, узбударажаныя. Дажджу не выпала ні кроплі. Перажыць гэту лютасць стыхіі і застацца жывым і здаровым — усё роўна што памерці і зноў вярнуцца да жыцця; цэлы тыдзень толькі пра гэта і гаварылі.