Выбрать главу

На кухні, забыўшыся зняць з шыі ліловую епітрахіль, айцец Ральф нахіліўся перад плітой, раздзьмуў полымя з пацямнелага ўжо жару, падкінуў дроў, прыкруціў кнот у лямпе на стале, што стаяў ззаду, апусціўся на лаўку насупраць Мэгі і стаў да яе прыглядацца. Дзяўчынка вырасла, ідзе наперад сямімільнымі крокамі, можна адстаць і ўжо не дагнаць яе; і, прыглядаючыся да яе, ён з небывалай вастрынёй адчуў раптам сваю ўшчэрбнасць, сумненне ва ўласнай мужнасці — пачуццё, якое неадступна грызла яго і мучыла ўсё жыццё. Але чаго яму баяцца? З чым, калі такое здарыцца, не пасмее ён сысціся твар у твар? Бывае ж ён моцны, калі заступаецца за іншых, і нікога не баіцца; але ў ім заўсёды тоіцца страх, страх, што тое, чаму яшчэ няма назвы, праслізне раптам у яго свядомасць і захопіць знянацку. А Мэгі, якая нарадзілася на васемнаццаць гадоў пазней, перасягне яго.

He, яна не святая і нічым такім не адрозніваецца ад большасці іншых. Толькі вось ніколі не скардзіцца — гэта асаблівы дар... а можа, нябесная кара?.. пакорлівасць лёсу. Любую страту, любы ўдар яна сустракае стойка, прымае і хавае ў сабе і тым жывіць агонь, што палае ў ёй. Што яе навучыла гэтаму? А ці можна гэтаму навучыцца? Можа, створаны ім вобраз усяго толькі спараджэнне яго фантазіі? А хіба не ўсё роўна? Што важней — сапраўдная Мэгі або тая, якой яна яму здаецца?

— Ох, Мэгі... — бездапаможна вымавіў ён.

Дзяўчынка скіравала на яго позірк і з глыбінь сваіх пакут адарыла ўсмешкай, у якой бруілася бязмежная любоў, яшчэ вольная ад забарон і путаў жаночай скрытнасці. Гэта бязмежная любоў ашаламіла яго, апякла, і як бы ён горача дзякаваў богу, у існаванні якога часам сумняваўся, калі б той стварыў яго кім хочаш, абы толькі не Ральфам де Брыкасарам! Дык, можа, гэта яно і ёсць, тое невядомае, безназоўнае? О божа, чаму ён так любіць яе? Але, як і заўсёды, яго пытанне засталося без адказу, а Мэгі ўсё сядзела і ўсміхалася яму.

На світанні Фія паднялася з ложка і пачала гатаваць снеданне. Сцюарт памагаў ёй; неўзабаве прыйшла місіс Сміт разам з Міні і Кэт, і жанчыны, сабраўшыся ўчатырох каля пліты, аб нечым гаварылі роўнымі, прыглушанымі галасамі, нібы з’яднаныя нейкім жалобным таінствам, якое не зразумець было ні Мэгі, ні айцу Ральфу. Пасля снедання Мэгі ўзялася высцілаць труну, хлапцы зрабілі яе як мае быць — гладка выгаблевалі і адпаліравалі кожную дошчачку. Фія, ні слова не гаворачы, дала Мэгі доўгую сукенку з белага атласу, якая ад старасці набыла колер слановай косці, і Мэгі адмерыла палосы тканіны акурат па ўнутраных сценках. Потым пастрачыла на машынцы, сшыла нешта накшталт навалочак, айцец Ральф напхаў іх усе абрэзкамі тканіны, і гэтымі падушачкамі яны разам абклалі ўсярэдзіне сценкі труны і прыкалолі кнопкамі. Тады Фія апранула Хэла ў яго святочны аксамітавы касцюмчык і паклала ў мяккую пасцель, ад якой пахла ёю, Фіяй, а не Мэгі, хоць Мэгі была яму сапраўднай мамай. Закрываючы века, Пэдзі плакаў; першы раз у жыцці ён страціў дзіця.

Урачыстая зала ў доме гаспадыні Драгеды шмат ужо гадоў служыла хатняй царквой; у адным канцы яе ўзвышаўся алтар, на які манашкі з кляштара Святой Марыі Урсойскай за тысячу фунтаў, атрыманых ад Мэры Карсан, вышылі золатам покрыва. Місіс Сміт упрыгожыла алтар і ўсю залу зімовымі кветкамі з драгедскіх клумбаў — жоўтафіёлямі, рознымі раннімі кветкамі, познімі ружамі, мноствам ружовых, чырвона-бурых ружаў; здавалася, яны намаляваныя пэндзлем і толькі ад чараў пахнуць. Айцец Ральф у белым стыхары без карункаў паверх строгай чорнай рызы адслужыў памінальную месу.

Як амаль ва ўсіх вялікіх маёнтках у гэтым маланаселеным краі, у Драгедзе хавалі нябожчыкаў на сваёй зямлі. Могілкі былі за садамі, на зарослым вербамі беразе рэчкі, адгароджаныя каванай жалезнай рашоткай белага колеру, і нават у гэтую сухмень тут было зелена, бо не шкадавалі вады з сядзібных цыстэрнаў. Тут, у пышным мармуровым склепе, спачывалі Майкл Карсан і яго сын — дзіця, і каля ўвахода мармуровы анёл у чалавечы рост з аголеным мячом у руцэ ахоўваў іх спакой. Але ўрачыстую пахавальню абкружаў з тузін больш сціплых магіл — роўныя рады афарбаваных у белы колер драцяных арак, накшталт кракетных варотцаў, з белымі драўлянымі крыжамі, некаторыя без надпісаў; ляжаў тут нейкі стрыгаль без роду без племені, забіты ў барачнай сварцы; двое-трое бяздомных бадзяг, на чыім шляху Драгеда аказалася апошнім прыстанішчам; нечыя зусім ужо безыменныя косці, знойдзеныя на адным выгане — ці то мужчыны, ці то жанчыны, ніхто не ведаў; кітаец, повар Майкла Карсана, — над яго астанкамі стаяў мудрагелісты пунсовы парасон са званочкамі, якія журботна і бясконца вызвоньвалі, здавалася, яго імя: Хі Сінг, Хі Сінг, Хі Сінг; гуртаўшчык — на яго крыжы быў надпіс: «Чарлі з Тэнкстада, добры быў хлапец»; і яшчэ некалькі нябожчыкаў, сярод іх і жанчыны. Але Хэла — пляменніка ўладаркі Драгеды хаваць так сціпла не пасавала, і самаробную дамавіну паставілі ў склепе на выступе, і за ёй зачыніліся адмысловыя бронзавыя дзверы.

Міналі дні, пра Хэла гаварыць перасталі, хіба толькі хто ўпамяне яго мімаходзь. Гора сваё Мэгі хавала ў сабе; у яе смутку таілася няўцешная роспач, бессвядомая, непамерная і загадкавая, як гэта бывае ў дзяцей, і менавіта таму, што яна была яшчэ дзіця, боль яе засланялі штодзённыя клопаты, крыху сцішалі яго. Хлапчукі не дужа перажывалі, апрача Боба, — ён быў ужо не малалетак і горача любіў свайго маленькага браціка. Пэдзі смуткаваў глыбока, але ніхто не ведаў, ці гаравала Фія. Здавалася, яна ўсё больш і больш аддаляецца ад мужа і дзяцей, адракаецца ад усіх пачуццяў. I Пэдзі ад душы быў удзячны Сцюарту, што ён так клапоціцца пра маці, так стрымана і беражліва абыходзіцца з ёю. Адзін толькі Пэдзі ведаў, якая была Фія, калі ён без Фрэнка вярнуўся з Джылі. Hi іскрынкі не ўспыхнула ў яе мяккіх шэрых вачах і не выдала душэўнага стану, не было ў яе позірку ні злосці, ні папроку, ні нянавісці, ні смутку. Нібыта яна загадзя чакала ўдару, як чакае смертаноснай кулі асуджаны на знішчэнне сабака, — ведае свой лёс, ды не можа пазбегнуць яго.

— Я ведала, што ён не вернецца, — толькі і прамовіла Фія.

— Можа, і вернецца, — сказаў Пэдзі, — ты толькі напішы яму адразу.

Фія пакруціла галавой, але — на тое яна і Фія — не стала нічога тлумачыць. Няхай лепш Фрэнк пачне новае жыццё далей ад Драгеды і ад яе самой. Яна занадта добра ведала сына і не сумнявалася: адно яе слова, і ён вернецца, — значыць, у яе не вырвецца гэтае слова, ніколі. Хай дні яе доўгія і горкія: яна пацярпела паражэнне, але трываць трэба моўчкі. Яна не сама выбрала Пэдзі, але лепшага за Пэдзі не было і няма нікога на свеце. Фія належала да тых людзей, хто адчувае занадта востра, так востра, што, здаецца, няма ўжо сілы цярпець, нельга жыць, а ўрок яна атрымала жорсткі. Бо амаль дваццаць пяць гадоў душыла ў сабе ўсякае пачуццё і цвёрда верыла, што вытрымка і стойкасць нарэшце перамогуць.

Жыццё ішло сваёй каляінай — размераны, адвечны зямны кругаварот; летам прайшлі дажджы, не мусонныя, а іх адгалоскі, і наваднілі рэчку, напоўнілі цыстэрны і бакі, напаілі карэнне сасмяглай травы, змылі каварны, пранырлівы пыл. Людзі, ледзь не са слязьмі ад радасці, аддаліся сваёй справе — ведалі: авечкі ўжо не застануцца без падножнага корму. Травы хапіла да новай, падбаўлялі, праўда, вецце больш-менш сакавітых дрэў; але так было не на ўсіх фермах Джыланбаўнскай акругі. Колькі на ферме жывёлы, цалкам залежыць ад гаспадара. На такі вялікі маёнтак, як Драгеда, статак быў крыху замалы, і таму пашы хапіла надаўжэй.

Пара ягнення і ліхаманкавыя тыдні пасля яго — самы гарачы час у календары аўчара. Кожнае нованароджанае ягня трэба падхапіць, акальцаваць яму хвост, памеціць вуха, а баранчыка, не прызначанага на племя, яшчэ і спакладаць. Прыкрая, агідная работа, адзенне наскрозь у крыві, бо за кароткі час, які адпушчаны на гэта, управіцца з многімі тысячамі баранчыкаў можна толькі адным спосабам: яечкі заціскаюць між пальцаў, адкусваюць і выплёўваюць на зямлю. Хвасты ўсім ягнятам незалежна ад полу, туга перацягваюць бляшаным абадком, кровазварот парушаецца, хвост пухне, высыхае і адвальваецца.

У тых краях разводзілі самых лепшых на свеце танкарунных авечак і з такім размахам, як нідзе, а рабочых рук не хапала. Усё было накіравана на выраб найбольшай колькасці воўны вышэйшай якасці. Да прыкладу, «саскрэбванне»: воўна ззаду ў авечкі загаджваецца, кішыць мухамі, чарнее, зліпаецца ў каўтуны, як кажуць аўчары, «вісюлькі». Таму яе тут трэба нагала збрыць — «саскрэбці». Амаль як стрыжка, толькі малая, але непараўнальна больш непрыемная — у смуродзе, у хмарах мух, затое плата большая. Потым — «купанне»: тысячы і тысячы мітуслівых авечак, якія нема бляюць, зганяюць разам і праганяюць праз лабірынт з чанамі, кожную на міг акунаюць у раствор фенілу — такое купанне знішчае кляшчоў, блох і іншую нечысць. А тады — «уліванне»: у глотку авечцы ўсоўваюць вялікую спрынцоўку і ўпырскваюць лякарства, якое выводзіць кішэчных паразітаў.