Выбрать главу

Хоць пасля таго вар’яцкага тыдня, у пачатку якога памерла Мэры Карсан, прайшлі яшчэ цэлыя тры, ніхто з Кліры і блізка яшчэ не падыходзіў да Вялікага дома. Затое цяпер Фія з лішкам навярстала ўпушчанае. З цэлай світай — Мэгі, місіс Сміт, Міні і Кэт, яна пераходзіла з пакоя ў пакой, і Мэгі проста дзіву давалася — ніколі раней не бачыла сваю маці такой энергічнай. I ўвесь час Фія не пераставала мармытаць сабе пад нос: гэта — адзін жах, тое — проста жудасць: старая што, колераў не разбірала ці густу ні дробачкі не мела?

Найдаўжэй Фія прабыла ў гасцінай, усё ўважліва агледзела прыдзірлівым вокам. Памерамі гасціная ўступала толькі зале — сорак футаў у даўжыню, трыццаць у шырыню, столь — пятнаццаць футаў над падлогай. Ва ўбранстве — дзіўная мешаніна прыгожага і пачварнага, суцэльная крэмавая афарбоўка даўно пажаўцела, не адцяняла адмысловай ляпной аздобы на столі і разных драўляных панеляў на сценах. Па ўсёй саракафутавай даўжыні сцяны, што выходзіла на веранду, выстраіліся ў рад высачэзныя, ад падлогі да столі, вокны-дзверы, шчыльна завешаныя цяжкімі шторамі з крэмавага аксаміту, праз якія ледзь прабіваліся сонечныя промні, цьмяна асвятляючы мяккія бура-карычневыя крэслы, дзве цудоўныя малахітавыя лавачкі, дзве не менш прыгожыя лаўкі з фларэнтыйскага мармуру і вялікі камін, выкладзены мармурам крэмавага колеру з густа-ружовымі прожылкамі. На бліскучым паркеце з цікавага дрэва — тры абюсонскія дываны, раскладзеныя акуратна, як пад шнур, а пад самай столлю — уотэрфордаўская хрустальная люстра, што можа апускацца ўніз на шэсць футаў ад падлогі на ланцугах, якія цяпер былі закручаны ў вузел.

— Вы заслугоўваеце вялікіх пахвал, місіс Сміт, — сказала Фія. — Усё тут проста жудасць адна, але чысценька, ні плямачкі нідзе. Я дам вам нешта больш вартае вашых турбот. Такія цудоўныя лавачкі — і зусім губляюцца без адпаведнага фону, сорам які! З першага ж разу, як убачыла я гэты пакой, мне так і карцела перарабіць яго, каб кожны, хто ўвойдзе, прыйшоў у захапленне, але каб пры гэтым было так утульна, што не хацелася б ісці з яго.

Пісьмовы стол Мэры Карсан быў нехлямяжы, старамодны — бюро ў стылі каралевы Вікторыі. Фія падышла, пстрыкнула костачкамі пальцаў па счарнелым дрэве стальніцы, на якой стаяў тэлефон.

— Мой пісьмовы столік будзе тут сама раз, — сказала яна. — З гэтага пакоя я і пачну, і пераеду сюды з рэчкі не раней, як давяду яго да ладу. Тады ў нас будзе месцейка, дзе прыемна сабрацца ўсім і пасядзець.

Яна апусцілася ў крэсла і падняла тэлефонную трубку.

Мэгі і тры служанкі збіліся ў цесную купку і збянтэжана слухалі, як Фія дае даручэнні Гары Гофу. Хай Марк Фойз вышле вячэрняй поштай узоры тканін; магазін «Нок і Кербіс» хай прышле ўзоры фарбаў, а «Браты Грэйс» — узоры шпалераў; няхай гэтыя і іншыя сіднейскія магазіны прышлюць спецыяльна для яе складзеныя спісы з апісаннем усяго, што ў іх ёсць з абсталявання. Са смехам у голасе Гары паабяцаў ёй знайсці абівальшчыка, майстра сваёй справы, і арцель маляроў, здольных выканаць карпатлівую работу, якую патрабуе Фія. Вось дык місіс Кліры! Яна начыста вымеце памяць аб Мэры Карсан з дому.

Калі скончыліся тэлефонныя перагаворы, усім было загадана зараз жа сарваць з вокнаў карычневыя аксамітныя шторы. У разгуле марнатраўства, тон якому задавала Фія, іх кідалі ў кучу смецця, і гаспадыня сваёй рукой яе падпаліла.

— Яны нам не патрэбныя, — паясніла Фія, — джыланбаўнскай беднаце навязваць іх я не збіраюся.

— Ага, ма, — ледзь варухнула языком асалапелая Мэгі.

— Вокны тут завешваць няма чаго, — рашуча сказала Фія, кідаючы дзёрзкі выклік тагачаснаму звычаю ўбіраць жыллё. — Веранда такая шырокая, што сонца проста ў гасціную не свеціць, дык навошта ж нам шторы? Хачу, каб гасціная ўся была адкрытая воку.

Прыбыла ўся заказаная тканіна і фарба, прыехалі абівальшчык і маляры; Мэгі і Кэт было загадана ўзлезці на драбіны і да бляску начысціць верхнія шыбы, місіс Сміт з Міні наводзілі глянец на ніжніх, а Фія паходжвала каля іх, і ад яе зоркага вока ніводная хіба не магла схавацца.

У студзені, да пачатку другога тыдня, работа была скончана, і, зразумела, вестка пра гэта па агульнай тэлефоннай лініі адразу разнеслася па ўсёй акрузе. Місіс Кліры ператварыла гасціную ў Драгедзе ў раскошную залу, як у сапраўдным палацы, дык ці ж простая далікатнасць не патрабуе, каб місіс Кінг і місіс О’Рорк разам з місіс Хоўптан зрабілі ёй візіт і павіншавалі з пераездам у Вялікі дом?

Усе сышліся на адным: дзякуючы старанням Фіі гасціная стала неперасягнутым узорам хараства. Крэмавыя абюсонскія дываны, расшытыя не вельмі кідкімі букетамі светла-чырвоных і пунсовых ружаў у зялёным лісці, раскладзены па люстраным паркеце нібыта як папала. Сцены і столь пакрытыя свежай крэмавай фарбай, уся ляпная аздоба на столі і разьба на панелях старанна пазалочана, а вялікія плоскія авалы зацягнуты чорным матавым шоўкам з такімі ж букетамі ружаў, што і на дыванах, і нагадваюць вытанчаныя японскія малюнкі ў крэмавым з пазалотай абрамленні. Уотэрфордаўская люстра апушчана так, што ніжнія падвескі пазвоньваюць за шэсць з палавінай футаў ад падлогі, і кожная з тысяч яе хрустальных граней ззяюць усімі колерамі вясёлкі, а масіўны бронзавы ланцуг адведзены ўжо да сцяны, а не вісіць вузлом пад столлю. На крэмавых пазалочаных століках з высокімі тонкімі ножкамі — хрустальныя уотэрфордаўскія лямпы, попельніцы і вазы, поўныя чайных і светла-чырвоных ружаў; вялікія мяккія крэслы, нанова абцягнутыя муаравым шоўкам крэмавага колеру, парасстаўляныя ўтульнымі групкамі з шырокім пуфам каля кожнай — так і вабіць прысесці; у асветленым сонцам куце — адмысловы стары клавесін, на ім вялізная ваза з ружамі. Над камінам — вялікі партрэт Фіёнінай бабкі ў ружовым крыналіне; з процілеглай сцяны на яе пазірае з большага партрэта даволі маладая Мэры Карсан, тварам падобная на не старую яшчэ каралеву Вікторыю, — у строгай чорнай сукенцы з пышным, па модзе, турнюрам.

— Ну вось, — сказала Фія, — цяпер можна перабірацца з рэчкі сюды. Астатнімі пакоямі займуся, як выпадзе вольны час. Ну, хіба ж не цудоўна, калі ў цябе ёсць грошы і добры дом, на які іх можна патраціць?

Дні за тры да пераезду, на світанні, калі сонца яшчэ не выплыла на небакрай, на птушыным двары закукарэкалі пеўні.

— Вось нягоднікі, — сказала Фія, загортваючы фарфоравыя кубкі і сподкі свайго чайнага сервіза ў старыя газеты. — Раскрычаліся, як быццам што-небудзь добрае зрабілі. У нас ніводнага яйка няма на снеданне, а да пераезду ўсе мужчыны будуць дома. Вазьмі ты, Мэгі, схадзі на птушнік, a то мне няма калі. — Фія прабегла вачамі зжаўцелую старонку газеты «Сідней Морнінг Геральд» і пагардліва фыркнула, убачыўшы рэкламу карсета «асіная талія». — Ніяк розуму не дабяру, навошта Пэдзі заўсёды выпісвае ўсе гэтыя газеты, у каго ёсць час іх чытаць? Нават у печцы спаліць іх і то не паспяваем. А вось на, паглядзі! Гэтая газета выйшла яшчэ да нашага прыезду сюды. Ну што ж, на ўпакоўку згадзіцца.

Як добра, што мама такая вясёлая, думала Мэгі, збягаючы з ганка і паспешліва крочачы праз пыльны двор. Усім, вядома, хочацца хутчэй пасяліцца ў Вялікім доме, а маме дык ужо так не церпіцца, быццам яна памятае, як ёй добра некалі жылося ў такім вось доме. А якая яна разумная, які тонкі густ у яе! Раней ніхто нават і не падазраваў такога, бо ў яе не было ні часу, ні грошай, каб усё гэта магло выявіцца. Радасцю поўнілася сэрца Мэгі: з атрыманых пяці тысяч фунтаў Пэдзі паслаў грошай ювеліру ў Джылі і заказаў маме сапраўднае жамчужнае калье і завушніцы з сапраўднага жэмчугу ды яшчэ з маленькімі брыльянцікамі. Ён падорыць іх маме на першым сямейным абедзе ў Вялікім доме. Цяпер Мэгі ўжо ведала, які ў мамы твар, калі з яго сходзіць хмурая зацятасць, і ёй хацелася хутчэй убачыць, як ён заззяе, калі тата паднясе маме такі падарунак. Уся хлапечая частка сям’і, ад Боба да блізнятаў, не можа дачакацца гэтага моманту — тата паказаў ім вялікі пляскаты футляр, адчыніў вечка, і на чорным аксаміце замігацелі пералівістыя апалавыя пацеркі. Усіх ахапіла глыбокая радасць, што мама такая шчаслівая, проста расквітнела, быццам раптам пасля засухі пайшоў доўгачаканы шчодры дождж. Раней ніхто з іх ніколі па-сапраўднаму не разумеў, якая няшчасная была іхняя маці.