Выбрать главу

Недзе а чацвёртай гадзіне хмары адкаціліся на ўсход, і ўсе міжволі ўздыхнулі з палёгкай: у час сухіх бур трывога не адпускала нікога, хоць на ўсіх будынках у Драгедзе былі громаадводы, Джэк і Боб падняліся і выйшлі з дому — сказалі, што хочуць падыхаць свежым паветрам, а на самай справе хацелі крыху адпачыць ад нядаўняга трывожнага напружання.

— Глянь! — Боб паказаў рукой на захад.

Над вершалінамі дрэў, што кальцом абкружалі Прысядзібны луг, разрасталася вялізнае бронзавае воблака дыму, шалёны вецер матлашыў яго краі, і яны трапяталіся касмыкаватымі вымпеламі.

— Божа мой! — вырвалася ў Джэка, і ён кінуўся ў дом да тэлефона.

— Пажар! Пажар! — закрычаў Джэк у трубку, і ўсе здзіўлена ўтаропіліся на яго. — У Драгедзе пажар, вялікі! — Джэк паклаў трубку — больш нічога не трэба было гаварыць тэлефаністцы ў Джылі і ўсім, хто карыстаецца агульнай лініяй: яны, ледзь дзынкне апарат, адразу паднімаюць трубку. I хоць за той час, што Кліры жылі ў Драгедзе, у Джыланбаўнскай акрузе ніводнага вялікага пажару не было ні разу, усе ведалі, што трэба рабіць у такіх выпадках.

Хлопцы рвануліся па коней, работнікі павысыпалі з баракаў, а місіс Сміт адамкнула адну з клецяў і пачала тузінамі раздаваць джутавыя мяшкі. Дым навіс на захадзе, вецер дзьме з захаду, значыць, агонь ідзе на сядзібу. Фія скінула з сябе доўгую спадніцу, нацягнула Пэдзевы штаны і разам з Мэгі кінулася на стайню — цяпер на ўліку кожная пара рук, здольных трымаць мяшкі.

У доміку-кухні місіс Сміт распаліла вялікі агонь у пліце, а памочніцы яе паздымалі з крукоў, убітых у столь, вялікія катлы.

— Добра хоць, што ўчора бычка зарэзалі, — сказала аканомка. — На вось табе, Міні, ключ ад кладоўкі са спіртным. Схадзіце з Кэт і прынясіце ўсё піва і ром, што там ёсць, пасля адразу бярыцеся пячы праснакі, а я буду мяса тушыць. Ды хутчэй, спяшайцеся!

Узбударажаныя бурай коні цяпер яшчэ і дым пачулі і не даваліся сядлаць; Фія з Мэгі вывелі на двор дзвюх неспакойных, наравістых чыстакровак, каб лягчэй было з імі справіцца. Пакуль Мэгі ваявала са сваёй буланкай, па жвіровай алеі, што вяла ад дарогі з Джылі, цяжка тупаючы, падбеглі двое бадзяг.

— Пажар, гаспадынька, пажар! Ці ёсць у вас яшчэ пара коней? I давайце мяшкі!

— Ідзіце вунь туды, на конны двор. Божа мой, хоць бы нікога з вашых агонь не заспеў у дарозе! — сказала Мэгі; яна не ведала, дзе ў тую хвіліну быў яе бацька.

Яны схапілі з рук місіс Сміт джутавыя мяшкі і бурдзюкі з вадой; Боб і ўсе мужчыны ўжо пяць мінут як паехалі з двара. Гэтыя двое пусціліся наўздагон, і апошнімі паскакалі Фія і Мэгі — галопам да рэчкі, уброд на другі бераг і далей, насустрач дыму.

Застаўся толькі Том, садовы рабочы; напампаваў у грузавік-цыстэрну вады з артэзіянскай свідравіны, завёў матор. Такі вялікі пажар ніякай вадой не патушыш, хіба толькі з неба раптам хлыне лівень, але вады падвезці трэба — мачыць мяшкі, абліваць людзей, якія імі арудуюць. Адольваючы адхон другога берага рэчкі, Том пераключыў матор на малую хуткасць і кінуў імгненны позірк назад — на апусцелы дом старшага аўчара, за якім стаялі яшчэ два незаселеныя дамы. Тут самае слабае месца Галоўнай сядзібы — толькі тут тое, што можа стаць спажывай агню, размешчана ў небяспечным суседстве з ляснымі зараснікамі. Стары Том зірнуў на захад, пакруціў галавой і рашуча даў задні ход і так, задам наперад, вывеў машыну цераз рэчку зноў на бліжні бераг. Пажару там, на выганах, ніякая сіла не спыніць, і людзі вернуцца ні з чым. Над вусцем яра, каля дома старшага аўчара, у якім і сам ён, бывала, кватараваў, Том прыкруціў да цыстэрны шланг і шчодра паліў будыніну вадой, потым пад’ехаў да двух дамкоў і іх таксама добра абліў. Вось дзе больш за ўсё патрэбна яго дапамога — ён так прамочыць вадой гэтыя тры дамы, што агонь іх нізавошта не возьме.

Мэгі і Фія ехалі поплеч, а злавесная хмара на захадзе расла, і вецер усё мацней абдаваў пахам гару. Цямнела, з захаду па лузе мчалася ўсё больш і больш жывых істот — кенгуру, дзікі, ашалелыя ад страху авечкі і каровы, страусы эму, ігуаны, тысячы трусоў. Едучы са Свідравіннага выгану на Біла-Білу — у Драгедзе ўсе выганы мелі сваю назву, — Мэгі ўбачыла, што Боб пакінуў усе вароты кашар насцеж расчыненымі. Але ў авечак розуму не хапіла бегчы ў адчыненыя вароты, і яны слепа тыцкаліся ў агароджу за якія тры крокі ад іх.

Калі людзі пад’ехалі да краю пажару, агонь перанёсся ўжо на дзесяць міль наперад і з не меншай хуткасцю разбягаўся па фронце, усё шырэй і шырэй з кожнай секундай. Яны стрымалі коней — тыя пужліва рваліся пад седакамі, — і бездапаможна пазіралі на захад — шалёны вецер гнаў полымя па высокай сухой траве скачкамі ад гайка да гайка. Спыніць агонь тут няма чаго і думаць, такога пажару і цэлая армія пажарнікаў не спыніць. Трэба вярнуцца на сядзібу і паспрабаваць адстаяць хоць бы яе. Пажар наступае ўжо фронтам у пяць міль; калі зараз жа не пагнаць стомленых коней на ўсю моц, агонь можа дагнаць і перагнаць. Шкада авечак, вельмі шкада. Але што зробіш?

Калі коннікі з плёскатам перабіраліся праз неглыбокі брод, Том усё яшчэ паліваў вадой тры будынкі каля рэчкі.

— Малайчына, Том! — крыкнуў яму Боб. — Палівай, палівай, пакуль нясцерпна горача не стане, ды глядзі, у пару выбірайся, чуеш? I дарэмна не геройнічай, чалавек важнейшы за нейкія там дошкі і шкло.

На сядзібе было поўна аўтамашын, а ўдалечыні, на дарозе з Джылі, віднеліся яркія, дрыгатлівыя агні фар усё новых машын; калі Боб звярнуў на конны двор, там яго ўжо чакаў цэлы натоўп людзей.

— Пажар вельмі вялікі, Боб? — запытаўся Марцін Кінг.

— Такі вялікі, што, баюся, нам з ім не справіцца, — з роспаччу адказаў Боб. — У шырыню, думаю, міль пяць, і ветрам яго гоніць з такой хуткасцю — амаль як конь галопам. He ведаю, ці адстаім сядзібу, а вось Хоры, па-мойму, павінен падрыхтавацца. Пасля нас на яго пойдзе, бо тут мы агонь наўрад ці спынім.

— Што ж, вялікаму пажару даўно ўжо час. З дзевятнаццатага года не было. Я збяру атрад, пашлю на Біл-Біл, але і тут людзей хопіць, вунь яшчэ пад’язджаюць. Джыланбаўнская акруга можа выставіць супраць пажару да пяці соцень чалавек. Некаторыя застануцца ў вас. Адно скажу — дзякуй богу, што мая ферма на захад ад Драгеды.

Боб ухмыльнуўся:

— Вы чартоўскі ўмееце суцяшаць, Марцін.

— А бацька твой дзе, Боб? — запытаўся Марцін, азіраючыся па баках.

— На захадзе ад пажару, недзе каля Бугелы. Паехаў на выган Вілга па котных авечак, а пажар, думаю, пачаўся не менш як міль на пяць на ўсход.

— Больш ні за кога не трывожышся?

— Сёння, дзякуй богу, усе астатнія дома.

He раўнуючы як вайна, падумала Мэгі, уваходзячы ў дом: дзеянні хуткія, без мітусні, клопат пра ежу і піццё, пра тое, каб сабрацца з сілаю і паказаць цвёрдасць духу. I немінучая пагроза. Прыбывалі яшчэ і яшчэ людзі і адразу далучаліся да тых, хто валіў на Прысядзібным лузе нешматлікія дрэвы, што раслі каля самага берага рэчкі, і касіў перарослую траву па ўсёй лініі абароны. Мэгі прыгадала: яшчэ калі толькі прыехала ў Драгеду, падумала, які гэты луг голы і панылы і як бы ён папрыгажэў, калі б на ім раслі такія ж пышныя зялёныя дрэвы, як вакол яго. Цяпер яна зразумела: Прысядзібны луг — проста велізарная круглая высека для засцярогі ад пажару.

Усе толькі і гаварылі што пра пажары, якія бывалі ў Джыланбаўнскай акрузе за семдзесят гадоў яе заснавання. Як ні дзіўна, а ў час доўгай засухі пажары не былі такой страшнай пагрозай, бо па кволай траве агонь не мог перакінуцца далёка. Але здаралася і так, як вось цяпер, — праз адзін-два гады пасля шчодрых дажджоў, калі трава стаіць высокая і сухая, як трут, успыхвалі вялікія пажары, іншы раз з імі не ўдавалася саўладаць, і агонь спусташаў усё на сотні міль навокал.

Марцін Кінг узяў пад сваю каманду тры сотні людзей, што засталіся абараняць Драгеду. Ён быў старэйшы фермер-жывёлавод акругі і паўвека ўжо ваяваў з пажарамі.