Выбрать главу

Рэлігія ў жыцці Пэдзі займала асаблівае месца. Каталіцкая царква неахвотна дала згоду на яго шлюб з Фіёнай Армстронг, бо дзяўчына належала да англіканскай царквы; дзеля Пэдзі яна пакінула сваю веру, але веру мужаву прыняць адмовілася. Цяжка сказаць, з якой прычыны; магчыма, таму, што Армстронгі паходзілі са старадаўняга роду першых пасяленцаў, якія няўхільна трымаліся англіканства, тады як Пэдзі быў навічок-імігрант, без граша ў кішэні, ды яшчэ родам з той часткі Ірландыі, якая не падпала пад англійскую ўладу. Армстронгі пасяліліся ў Новай Зеландыі задоўга да першых «афіцыйных» каланістаў, і гэта паслужыла найлепшым пропускам у асяроддзе каланіяльнай арыстакратыі. З пункту гледжання бацькоў і сваякоў Фіі яе шлюб быў ганебным мезальянсам.

Новазеландскі клан Армстронгаў быў заснаваны Родэрыкам, і гісторыя яго заснавання даволі цікавая.

Пачалося ўсё з падзеі, якая адгукнулася ў Англіі мноствам непрадбачаных вынікаў — з амерыканскай вайны за незалежнасць. Да 1776 года брытанскія караблі штогод перапраўлялі ў Вірджынію і абедзве Караліны больш як тысячу дробных злачынцаў, прададзеных па кантракту на прымусовую працу, якая была нічым не лепшая за рабства. У тыя часы брытанскае правасуддзе было жорсткім і бязлітасным: забойства, падпал, загадкавае злачынства — «фальшывае цыганства» і крадзеж на суму большую за шылінг караліся смерцю на шыбеніцы. За драбнейшыя злачынствы карай была пажыццёвая ссылка ў Паўночную ці Паўднёвую Амерыку.

Але ў 1776 годзе доступ у Амерыку быў закрыты, і Англія апынулася ў цяжкім становішчы: колькасць асуджаных хутка расла, а дзець іх не было куды. Усе турмы былі перапоўненыя, і «лішак» затаўклі ў плывучыя вязніцы, што гнілі на вадзе ў вусцях рэчак. Трэба было штосьці рабіць, і такі зрабілі. З вялікай неахвотай, бо давялося патраціць некалькі тысяч фунтаў стэрлінгаў, капітану Артуру Філіпу загадалі адплысці да Вялікай Паўднёвай Зямлі. Ішоў 1787 год. Адзінаццаць караблёў павезлі больш за тысячу катаржан, ды яшчэ матросаў, афіцэраў і атрад марской пяхоты. Падарожжа зусім не нагадвала якую-небудзь слаўную адысею шукальнікаў свабоды. У канцы студзеня 1788 года, праз восем месяцаў пасля адплыцця ад берагоў Англіі, флот капітана Філіпа кінуў якар у заліве Ботані-Бэй. Яго Вар’яцкая Вялікасць Георг Трэці знайшоў новую звалку для сваіх злачынцаў — калонію Новы Паўднёвы Уэльс.

У 1801 годзе, ледзь Родэрыку Армстронгу споўнілася дваццаць, яго прыгаварылі да пажыццёвай ссылкі. Пазнейшыя пакаленні Армстронгаў сцвярджалі, што ён паходзіў ад сомерсецкіх дваран, якіх ушчэнт разарыла амерыканская рэвалюцыя, і што ніякага злачынства ён не ўчыняў, але ніхто з яго нашчадкаў ніколі сур’ёзна не спрабаваў прасачыць мінулае свайго славутага продка. Яны толькі грэліся ў праменнях яго славы і патроху сёе-тое прыдумлялі.

Якімі б ні былі яго радаслоўная і становішча ў Англіі, Родэрык Армстронг быў дзікай, неўтаймаванай натуры. За восем жахлівых месяцаў плавання ў Новы Паўднёвы Уэльс малады вязень паказаў крайнюю ўпартасць і незгаворлівасць, а яшчэ больш вылучыўся ў вачах карабельнага начальства рашучым нежаданнем паміраць. Пасля прыбыцця ў 1803 годзе ў Сідней ён зусім расперазаўся, і яго адправілі на востраў Норфальк у турму для непапраўных. Але і там з ім не было зладу. Яго марылі голадам; кідалі ў мураваную адзіночку, такую цесную, што нельга было ні стаяць, ні сядзець, ні ляжаць; яго білі бізунамі — аж скура лопалася і мяса ператваралася ў крывавае месіва; прыкоўвалі да нізкай скалы ў моры так, што ён ледзь не тапіўся. А ён смяяўся з іх — адна скура ды косці ў брудных лахманах, без ніводнага зуба ў роце, увесь у рубцах і шрамах, але поўны ўнутранага агню, агню выкліку і нянавісці, які, здавалася, нічым нельга патушыць. Дзень ён пачынаў з таго, што загадваў сабе не паміраць, а канчаў пераможным смехам ад радасці, што выжыў.

У 1810 годзе яго разам з партыяй кайданнікаў паслалі на Ван-Дзьемаву Зямлю прасякаць дарогу ў цвёрдым, як жалеза, пясчаным грунце за Хобартам. Ледзь толькі выпаў зручны момант, ён сваёй кіркаю прабіў дзірку ў грудзях начальніка коннага канвою; ён і яшчэ дзесяць катаржнікаў люта расправіліся з пяццю астатнімі канваірамі — цаля за цаляй зразалі ў іх з касцей мяса, пакуль тыя не сканалі ў страшнай перадсмяротнай агоніі. Бо і катаржнікі, і іхнія вартавыя ператварыліся амаль у звяроў, у першабытных дзікуноў, у іх пачуццях нічога чалавечага ўжо не засталося. Родэрык Армстронг не мог проста так ратавацца ўцёкамі, нічым не адплаціўшы сваім катам альбо пакараўшы іх толькі хуткай смерцю, таксама як раней не мог прымірыцца з доляй катаржніка.

Захапіўшы з сабой знойдзеныя ў забітых салдатаў ром, хлеб і вяленае мяса, адзінаццаць уцекачоў пад ледзяным дажджом прадраліся праз доўгія мілі лясных гушчароў і выйшлі да марской базы кітабояў — да Хобарта, а там укралі баркас і без ежы, без вады, без ветразяў паплылі цераз Тасманава мора. Калі хвалі прыбілі баркас да дзікага заходняга берага Паўднёвага вострава Новай Зеландыі, жывыя засталіся толькі Родэрык Армстронг і яшчэ двое. Сам ён ніколі не расказваў пра тое неверагоднае падарожжа, але людзі шапталіся, што тройца гэтая таму і выжыла, што забіла і з’ела сваіх слабейшых спадарожнікаў.

Усё гэта здарылася ўсяго праз дзевяць гадоў пасля высылкі Родэрыка з Англіі. Ён быў яшчэ малады, але выглядаў на шэсцьдзесят. Да 1840 года, калі ў Новую Зеландыю прыбылі першыя пасяленцы, якія мелі афіцыйны дазвол англійскіх улад, ён адхапіў ужо сабе землі ва ўрадлівай Кентэрберыйскай акрузе на Паўднёвым востраве, «ажаніўся» з дзяўчынай-маоры і пусціў на свет трынаццаць прыгожых паўеўрапейцаў, паўпалінезійцаў. А да 1860 года Армстронгі належалі ўжо да каланіяльнай арыстакратыі, пасылалі сваіх атожылкаў мужчынскага полу на вучобу ў Англію і сваім каварствам і прагай да нажывы доказна пацвердзілі, што яны сапраўды патомкі незвычайнай і грознай асобы. У 1880 годзе ўнук Родэрыка Джэймс стаў бацькам Фіёны — адзінай дачкі сярод яго пятнаццаці дзяцей.

Калі ёй цяпер і неставала суровых пратэстанцкіх абрадаў, да якіх яна прывыкла ў дзяцінстве, Фіёна ніколі ў гэтым не прызнавалася. Яна зусім цярпіма ставілася да рэлігійных перакананняў Пэдрайка, разам з ім хадзіла на нядзельную месу, сачыла, каб дзеці пакланяліся толькі каталіцкаму богу. Але ад таго, што сама яна каталіцтва не прыняла, нейкіх дробязей бракавала — ніхто не маліўся ні перад ядой, ні перад сном, і наогул у будні ніякай набожнасці ў доме не адчувалася.

Калі не лічыць адзінай паездкі ў Вэгайн паўтара года назад, Мэгі ніколі не адыходзіла ад дома далей як да свірна з кузняй у лагчыне. Раніцай свайго першага школьнага дня яна так расхвалявалася, што пасля снедання званітавала, і яе паспешліва занеслі ў спальню пераадзець. Хуценька вылузалі дзяўчынку з цудоўнага зусім новенькага цёмна-сіняга касцюмчыка з белым шырокім матроскім каўняром, нацягнулі на яе ўжо абрыдлую карычневую фланелевую сукенку з высокім каўняром на гузіках, які, здавалася, вось-вось задушыць яе.

— I, прашу небам, Мэгі, другі раз, калі цябе занудзіць, не сядзі за сталом, пакуль ужо позна, і мне, апрача ўсяго, давядзецца яшчэ і прыбіраць за табою і ўсё такое іншае! А цяпер не марудзь, бо, калі спознішся да званка, сястра Агата, пэўна ж, адлупцуе цябе. Паводзь сябе добра, слухайся братоў.

Каля варотаў Боб, Джэк, Х’югі і Сцю падскоквалі ўжо ад нецярплівасці, калі Фія нарэшце выпхнула Мэгі за дзверы, паклаўшы ў старую школьную сумку яе снеданне — некалькі сандвічаў з джэмам.

— Гайда, Мэгі, a то спознімся! — крыкнуў Боб і пашыбаваў па дарозе.

Мэгі кінулася даганяць хлопчыкаў, якія паспелі ўжо ладна адысціся.

Было толькі крыху больш за сем гадзін раніцы, але сонца ўжо некалькі гадзін лашчыла зямлю; там, дзе на траву не падаў густы цень, раса высахла. У Вэгайн вяла грунтавая дарога, прарэзаная глыбокімі каляінамі ад колаў — два цёмна-чырвоныя гліністыя палкі, падзеленыя шырокай стужкай ярка-зялёнай травы. А ў высокай траве абапал дарогі, дзе акуратныя штыкетнікі закрывалі доступ у чужыя ўладанні, густа цвілі белыя калы і аранжавыя настуркі.

Боб, як заўсёды, калі выпраўляўся ў школу, першую частку дарогі прайшоў па версе суседскіх парканаў з правага боку і сваю скураную сумку нёс не цераз плячо, а на галаве. Левы паркан належаў Джэку, а сама дарога аддавалася ва ўладу траім малодшым Кліры. На вяршыні высокага крутога ўзгорка, куды дзеці ўзабраліся з лагчыны, у якой стаяла іх кузня, — там, дзе Робертсанава дарога злучалася з дарогай на Вэгайн, яны на момант спыніліся, каб перавесці дух, і на фоне ўсеянага пушыстымі воблачкамі неба ярка заззялі пяць рыжых галовак. Тут была самая лепшая частка дарогі, і, узяўшыся за рукі, яны подскакам панесліся ўніз па травяністым схіле, пакуль вяршыня не схавалася за густым перапляценнем кветак, і вельмі шкадавалі, што няма часу пракрасціся пад паркан містэра Чэпмена і адтуль лавінай скаціцца да самага нізу.