Выбрать главу

Пераехалі цераз рэчку і пусціліся ў самую глыб пажарышча. Нідзе ніводнага зялёнага ці хоць бы карычневага лапіка зямлі, адна чорная бяскрайняя пустыня, укрытая мокрым вуголлем, і нават вачам не верылася — яно яшчэ дымілася параю, хоць дождж ліў ужо некалькі гадзін. Ад кожнага лісточка на дрэвах застаўся толькі паніклы чорны жгуцік, а на месцы травы дзе-нідзе віднеліся чорныя купіны — астанкі згарэлых авечак, і зрэдку грудок большы — тое, што некалі было валом ці дзіком. Твары коннікаў былі мокрыя ад дажджу і слёз.

Боб з Мэгі ехалі наперадзе, за імі Джэк з Х’югі, ззаду — Фія і Сцюарт. Фія са Сцюартам ехалі моўчкі — адно тое, што яны разам, крыху супакойвала, суцяшала, словы былі лішнія, даволі таго, што яны побач. Коні то сыходзіліся амаль усутыч, то шарахаліся ў бакі, убачыўшы яшчэ нешта страшнае, але апошняя пара коннікаў быццам не заўважала гэтага. Па размоклай зямлі коні ішлі павольна, з цяжкасцю, і ўсё ж знаходзілі апору — спаленая, зблытаная трава ўкрывала глебу як цыноўкай з валокнаў какосавай пальмы. I праз кожныя некалькі крокаў коннікі з надзеяй узіраліся ў далягляд — ці не пакажацца на раўніне Пэдзі, але час ішоў, а ён усё не паяўляўся.

Ва ўсіх зайшлося сэрца, калі стала ясна, што пажар пачаўся далей, чым яны думалі, — на выгане Вілга. Відаць, дым зліваўся з навальнічнымі хмарамі, і таму пажар заўважылі не адразу. Уразіла ўсіх яго мяжа. Праведзена яна як пад лінейку: з аднаго боку — бліскучы чорны вар, з другога — звычайная раўніна, палава-карычневая, шызая, панылая ў гэты дождж, але жывая. Боб спыніў каня і павярнуўся да спадарожнікаў.

— Вось адсюль і пачнём. Я паеду на захад, гэта самы верагодны напрамак, а я дужэйшы за вас усіх. Патронаў ва ўсіх хапае? Добра. Хто што знойдзе, страляе тры разы ў паветра, а кожны, хто пачуе, дае адзін стрэл у адказ. Тады чакайце. Хто страляў тры разы, дае праз пяць мінут яшчэ тры стрэлы і потым яшчэ па тры кожныя пяць мінут, Хто чуе, адказвае адным стрэлам. Ты, Джэк, кіруй на поўдзень па самай гэтай мяжы. Ты, Х’югі, — на паўднёвы захад. Я, як ужо казаў, еду на захад. Мама з Мэгі едуць на паўночны захад. Толькі, прашу, не спяшайцеся. За дажджом дрэнна відаць, а тут яшчэ дрэў сям-там нямала. I часцей гукайце. Можа, ён у такім месцы, што вас не ўбачыць, а крык пачуе. I памятайце, страляйце толькі, калі што-небудзь знойдзеце, бо ў яго з сабой стрэльбы няма, і калі пачуе стрэл, а сам будзе далёка, яго голас ні да кога не дойдзе, уяўляеце, як яму будзе? Ну, з богам, у добры час!

I як паломнікі на апошнім раздарожжы, яны раздзяліліся і пад шэрай пялёнкай дажджу пачалі раз’язджацца, кожны ў свой бок, усё далей і далей, рабіліся ўсё меншымі, пакуль зусім не сталі нябачнымі адзін аднаму.

He праехаўшы і паўмілі, Сцюарт раптам заўважыў каля самай мяжы пажарышча купку абгарэлых дрэў. Тут стаяла высокая вілга, яе лісце пачарнела і скурчылася і нагадвала капу валасоў негрыцяняці, а на самым краі выпаленай зямлі — вялікі абсмалены пень. Раптам ён убачыў Пэдзевага каня — яго астанкі распасцерліся каля волата-эўкаліпта і прыкіпелі ў агні да яго камля, побач — абвугленыя трупы двух Пэдзевых сабак — як галавешкі, угару тырчалі іхнія лапы. Сцюарт спешыўся, і боты яго па шчыкалатку ўгрузлі ў чорнай гразі, потым дастаў стрэльбу з чахла пры сядле і пайшоў, стараючыся не паслізнуцца на мокрым, ліпкім вуголлі, вусны яго варушыліся ў бязгучнай малітве. Калі б не конь і сабакі, у яго была б надзея, што агонь захапіў тут у пастку якога-небудзь вандроўнага стрыгаля ці проста бяздомнага бадзягу. Але ў Пэдзі быў конь і пяць сабак; ніхто з вандроўнікаў тут верхам не ездзіць, а калі ў каго і ёсць сабака, дык толькі адзін. А гэта ж самая сярэдзіна драгедскай зямлі, так далёка не мог забрысці які-небудзь гуртаўшчык ці аўчар з Бугелы, што на захадзе. Крыху далей на зямлі ляжалі яшчэ тры трупы сабак; пяць сабак, усіх — пяць. Ён ведаў: шостага не знойдзе, і не знайшоў.

Непадалёк ад каня, спачатку схаванае ад вачэй паваленым ствалом, ляжала на зямлі тое, што раней было чалавекам. Памыліцца было немагчыма. Паблісквае і ільсніцца пад дажджом, лежачы на спіне, чорнае цела, толькі плечы і крыж кранаюцца зямлі. Рукі раскінуты ў бакі і сагнуты ў локцях, нібы ўзнятыя ў апошняй мальбе да нябёсаў, скурчаныя, абгарэлыя да касцей пальцы быццам хапаюцца за пустату. Ногі таксама рассунутыя, але сагнутыя ў каленях, а чорны шарык чэрапа пустымі вачніцамі глядзіць у неба.

Нейкі момант ясны, усёвідушчы позірк Сцюарта быў скіраваны на бацьку — юнак бачыў не абвугленае цела, a чалавека, якім ён быў пры жыцці. Сцюарт ускінуў угару стрэльбу, стрэліў, перазарадзіў яе, зноў стрэліў, перазарадзіў і стрэліў трэці раз. Здалёку данёсся слабы гук стрэлу, потым, нашмат далей, яшчэ адзін. I тут Сцюарт успомніў — бліжэйшым стрэлам, напэўна, адказала маці і сястра. Яны паехалі на паўночны захад, ён — на поўнач. He чакаючы, пакуль пройдуць дамоўленыя пяць мінут, ён зноў паклаў патрон у казённік, і грукнуў стрэл. Яшчэ раз зарадзіў, зноў грукнуў стрэл, яшчэ раз — і прагучаў трэці. Сцюарт паклаў стрэльбу на дол і стаяў, закінуўшы галаву, тварам на поўдзень, прыслухоўваўся. Цяпер першы стрэл у адказ пачуўся з захаду, ад Боба, другі — ад Джэка ці Х’югі, і толькі трэці — ад маці. Сцюарт з палёгкай уздыхнуў: лепш, каб жанчыны аказаліся тут не першыя.

I ён не ўбачыў, як з гайка, што быў на поўнач ад яго, выйшаў вялікі дзік, пачуў толькі яго пах. Вялізны, з карову, магутны звер, уздрыгваючы і пагойдваючыся на моцных нагах, нізка прыгнуў галаву і рыўся лычом у абгарэлай мокрай зямлі. Яго патрывожылі стрэлы, раздзіраў боль. Рэдкае чорнае шчацінне на баку было абсмаленае, скура апаленая, барвовая; і калі Сцюарт пазіраў на поўдзень, ён раптам удыхнуў прыемны, духмяны пах падсмажанай свіной скуркі, на якой яшчэ пузырыцца гарачы тук, быццам толькі што знялі з агню свежаніну з карычневай хрусткай скарыначкай. Знянацку выведзены з нейкага дзіўна спакойнага, ціхага смутку, які амаль ніколі не пакідаў яго, Сцюарт азірнуўся, у думках усё яшчэ гаворачы сабе, што ён тут ужо некалі быў, што гэтая прамоклая чорная мясціна нібы вытравілася ў яго мазгу з самага дня нараджэння. Ён нахіліўся, каб узяць стрэльбу, хоць і памятаў, што яна не зараджаная. Вепр замёр на месцы, зіркаючы маленькімі пачырванелымі вочкамі, ашалелымі ад болю, яго вострыя жоўтыя іклы загіналіся паўколам угору. Пачуўшы звера, Сцюартаў конь заржаў; дзік рыўком павярнуў масіўную галаву ў яго бок і прыгнуў яе, гатовы да нападу. Гэта дало Сцюарту адзіную надзею на выратаванне, і ён, паспешліва нахіліўшыся, схапіў стрэльбу, адвёў затвор, усунуў другую руку ў кішэню па патрон. Па-ранейшаму ліў дождж, заглушаючы сваім шумам усе астатнія гукі. Але звер пачуў металічны шчаўчок і ў апошняе імгненне рынуўся не на каня, а на чалавека. Куля трапіла дзіку ў грудзі, але ён быў ужо зусім блізка і не спыніўся. Іклы развярнуліся ўгору і наўкос і ткнуліся Сцюарту ў пахвіну. Ён упаў, і быццам з адкручанага да канца крана струменем ударыла кроў, прамачыла адзежу, заліла зямлю.

Звер нязграбна павярнуўся, куля давала ўжо сябе знаць, і зноў кінуўся на сваю ахвяру, гатовы яшчэ раз праткнуць яго ікламі, але спатыкнуўся, зыбануўся і захістаўся. Велізарная тысячапяцісотфунтовая туша навалілася на Сцюарта, уціснула яго твар у густую, чорную, як вар, гразь. Нейкую мінуту юнак адчайна чапляўся пальцамі за зямлю, спрабуючы вызваліцца, але дарэмна; дык вось яно — тое, што ён заўсёды ведаў, таму ніколі не песціў ніякіх надзей, ні мар, не строіў планаў, а толькі сядзеў, глыбока ўбіраючы ў сябе вачамі жывы навакольны свет, так што не заставалася часу гараваць аб наканаваным яму лёсе. «Мама! Мама! Я не магу застацца з табой, мама!» — сказаў ён у думках, калі ўжо разрывалася сэрца.

— Чаму гэта Сцюарт больш не страляе? — запыталася Мэгі ў маці, калі яны ехалі рыссю туды, адкуль двойчы пачуліся тры стрэлы, гразкая зямля не давала пагнаць коней шпарчэй, і абедзвюх мучыла трывога.

— Пэўна, вырашыў, што мы і так пачулі, — адказала Фія, але з закуткаў яе памяці выплыў твар Сцюарта ў тую хвіліну, калі яны раз’язджаліся на пошукі ў розныя бакі, і яна прыгадала, як ён сціснуў ёй руку і як ёй усміхнуўся. — Цяпер, відаць, ужо недалёка, — сказала Фія і пусціла каня няўклюдным галопам па коўзкай зямлі.