Выбрать главу

— З вадой ты пакуль што асцеражней, — параіў ён. — А ад піва так бегаць не будзеш.

Потым, узяўшы яе пад руку, павёў паказваць Данглаў і так ганарыўся ім, быццам горад належаў яму. Што ж, Квінсленд — Люкава радзіма. I Данглаў — цудоўнае месца! Hi выглядам сваім, ні духам зусім не падобны на заходнія гарады. Велічынёй ён, відаць, такі, як Джылі, але не цягнецца бясконца і бязладна ўздоўж адной Галоўнай вуліцы, а пабудаваны роўнымі кварталамі, і ўсе магазіны і дамы афарбаваныя не ў карычневы, а ў белы колер. Вокны — драўляныя створкі з вертыкальнымі шчылінамі, відаць, каб лепш праветрывалася, і ўсюды, дзе можна, будынкі без дахаў, вось, напрыклад, кінатэатр — ёсць экран, рады парусінавых шэзлонгаў, сцены з такімі вокнамі, а даху няма.

З усіх бакоў ушчыльную да горада падступаюць сапраўдныя джунглі. Усё аплялі павойныя і паўзучыя расліны — тэлеграфныя слупы, сцены будынкаў, дахі. Дрэвы растуць дзе папала, пасярод нават вуліцы, а некаторыя дамы пабудаваны вакол дрэва ці, можа, дрэва прарасло скрозь дом. He зразумець, што паявілася раней — дрэва ці чалавечае жытло, нястрымнаму буянню зеляніны, здавалася, не было перашкод. Какосавыя пальмы, падумала Мэгі, больш высокія і стройныя, чым драгедскія волаты-эўкаліпты, шырокае лісце калышацца ў галавакружнай сінечы неба; куды ні кінь вокам, усё ззяе яркімі фарбамі. Аніякага намёку на карычняватую шэрань драгедскіх раўнін. Усе дрэвы, здаецца, у самым цвеце — асыпаны ліловымі, аранжавымі, пунсовымі, ружовымі, блакітнымі, белымі кветкамі.

На вуліцах безліч кітайцаў і кітаянак у чорных шаўковых штанах, белых шкарпэтках і маленькіх чорных з белым чаравічках, у белых кашулях са стаячым каўняром, па спіне спадаюць доўгія тонкія коскі. Мужчыны і жанчыны амаль аднолькавыя, і Мэгі не заўсёды магла адрозніць адных ад другіх. Здавалася, увесь гарадскі гандаль у руках кітайцаў; на шыльдзе вялікага універсальнага магазіна, такога шыкоўнага і багатага ў Джылі і блізка не было, выведзена кітайскае імя: «А Вонг».

Усе будынкі — на высокіх слупах, як былы дом старшага аўчара ў Драгедзе. Гэта для лепшага доступу паветра, сказаў Люк, і каб не падтачылі тэрміты, якія за адзін год могуць паваліць новы дом. Зверху на кожным слупе — бляшаны шчыток з загнутымі ўніз краямі: тулава тэрмітаў не згінаецца пасярэдзіне, і яны не могуць перапаўзці бляшаную перашкоду і дабрацца да драўніны будынка. Вядома, яны ненажэрна грызуць слупы, але сточаны слуп замяняюць новым. Гэта нашмат прасцей і танней, чым будаваць новы дом. Амаль усе сады каля дамоў — тыя ж джунглі: бамбук і пальмы, быццам іх жыхары капітулявалі перад неўтаймоўным буяннем флоры.

Гараджане — мужчыны і жанчыны — абурылі Мэгі сваім выглядам. Сабраўшыся павячэраць і прайсціся з Люкам, яна апранулася як належыць: туфлі на высокіх абцасах, шаўковыя панчохі, атласная камбінацыя, свабодная шаўковая сукенка з поясам і рукавамі да локця. На галаве — шыракаполы саламяны капялюш, на руках — пальчаткі. Але Мэгі з прыкрасцю заўважыла, што адчувае сябе няёмка — прахожыя вытрэшчвалі на яе вочы, быццам не яны апрануты непрыстойна, а яна, Мэгі!

Мужчыны ходзяць босыя, галаногія, амаль усе голыя да пояса — у адных толькі жаўтавата-зялёных шортах, а тыя нямногія, што ўкрываюць спіну і грудзі, носяць не кашулі, а спартыўныя безрукаўкі. Жанчыны — яшчэ горш. Некаторыя ў куцых, вузкіх сукеначках, пад якімі яўна больш нічога не надзета, без панчох, у разбітых сандалях. А большасць — у зусім кароценькіх штоніках, басанож, і грудзі ледзь прыкрытыя да непрыстойнасці вузенькай камізэлечкай. Данглаў усё ж не пляж, а цывілізаваны горад. Але белыя карэнныя жыхары разгульваюць ледзь не галышом; кітайцы апранаюцца ўжо больш прыстойна. I куды ні глянь — веласіпеды, сотні іх, аўтамабіляў мала, коней зусім няма. He, гэта не Джылі. А як горача тут, горача, горача... Вулічны градуснік, што вісеў на адным доме, паказваў дзевяноста — проста не верылася: у Джылі і пры стапятнаццаці не адчуваеш такой гарачыні. Мэгі здавалася, што яна праціскаецца скрозь шчыльнае, густое паветра, рассякае яго целам, як расталае масла, ад якога ідзе пара, і з кожным уздыхам уцягвае ў лёгкія не паветра, а нейкую жыжу.

— Люк, я больш не магу! Прашу цябе, можа, вернемся? — ледзь не задыхаючыся, узмалілася Мэгі, калі яны не прайшлі яшчэ і паўмілі.

— Як хочаш. Ты не прывычная да высокай вільготнасці. Яна тут рэдка калі бывае ніжэй за дзевяноста працэнтаў — што зімою, што летам, а тэрмометр амаль заўсёды паказвае восемдзесят пяць — дзевяноста пяць градусаў. Змена пораў года мала што мяняе, толькі ўлетку, калі стаіць страшэнная спёка, мусоны даводзяць вільготнасць аж да ста працэнтаў.

— Тут што, дажджы летам, не зімой?

— Круглы год. Мусоны дзьмуць амаль бесперастанку, а не мусоны, дык пасаты з паўднёвага ўсходу. Яны таксама не скупяцца на дажджы. У Данглаў за год выпадае ад адной да трох соцень цаляў.

На трыста цаляў дажджу ў год! Уся няшчасная джыланбаўнская акруга аж скача ад радасці, калі прырода расшчодрыцца хоць на пятнаццаць цаляў, а тут, за дзве тысячы міль ад Джылі, выпадае да трохсот!

— Хоць ноччу тут спёка спадае? — папыталася Мэгі ўжо ў гасцініцы; самыя спякотныя ночы ў Джылі былі лягчэйшыя за гэту парылку.

— He надта. Але ты прывыкнеш. — Люк адчыніў дзверы іхняга нумара, саступіў убок, прапусціў Мэгі. — Я ў бар спушчуся, піўка вып’ю, праз паўгадзіны вярнуся. Так што часу табе хопіць.

Мэгі ўскінула на яго спалоханыя вочы.

— Добра, Люк.

Данглаў ляжыць на семнаццатай паралелі на поўдзень ад экватара, і ноч тут раптоўная, як удар грому; здаецца, сонца вось толькі кранулася лініі далягляду, і праз імгненне ўсё залівае густая і цёплая, як патака, чорная-чорная цемра. Калі Люк вярнуўся з бара, Мэгі ўжо патушыла святло і ляжала ў пасцелі, закрыўшыся прасціной да падбародка. Люк са смехам сарваў прасціну і кінуў на падлогу.

— I так горача, мілачка! I зусім прасціна нам без патрэбы.

Яна чула, як ён ходзіць па пакоі, цьмяна бачыла яго абрысы — ён распранаўся.

— Піжама твая на туалетным століку, — прашаптала Мэгі.

— Піжама? Такой гарачынёй? Ну ясна, у Джылі ўсіх хапіў бы ўдар — падумаць толькі: мужчына і без піжамы! Але тут Данглаў, мілачка! Няўжо ты начную сарочку надзела?

— Ага.

— Дык скінь. Нашто яна, адна чортава марока.

Мэгі нехлямяжа выкруцілася з доўгай батыставай начной сарочкі, якую місіс Сміт клапатліва вышыла ёй да шлюбнай ночы: дзякуй богу, зусім цёмна, і Люк не ўбачыць. Але яго праўда — ляжаць без усяго нашмат прыямней — не так горача, ветрык з раскрытых жалюзі злёгку абвявае скуру. Адно непрыемна: у пасцелі з ёю будзе яшчэ адно гарачае цела.

Зарыпелі спружыны; Мэгі адчула дотык вільготнай скуры да свайго пляча і здрыганулася. Люк павярнуўся на бок, прыцягнуў яе да сябе і стаў цалаваць. Спярша яна ляжала нерухома, старалася не заўважаць яго шырока раскрытага рота і непрыстойна назойлівага языка, потым пачала вырывацца, не хацела абнімацца — і так горача, не хацела пацалункаў, ды і самога Люка не хацела. Цяпер усё зусім не так, як было тады, у «ролс-ройсе», калі яны вярталіся з Радна-Ханіша. Мэгі адчувала, што цяпер Люк зусім не думае пра яе, толькі настойліва прынікае да яе цела, кароткімі вострымі пазногцямі ўпіваецца ў яе ззаду. Спалох перарос у жах, яна аказалася бездапаможнай перад яго сілай і ўпартасцю, і не толькі целам — Люк нібы забыўся, што яна жывы чалавек. I раптам ён выпусціў яе, сеў і неяк незразумела пачаў корпацца ў сябе, важдацца з нечым.

— Лепш засцерагчыся, — выдыхнуў ён. — Лажыся, як трэба, пара! Ды не так! Вось гэтак! Госпадзі, ты што, зусім нічога не разумееш?

He разумею, Люк, нічога не разумею! — хацелася ёй закрычаць. Гэта агідна, непрыстойна; тое, што ты са мной робіш, ужо ж напэўна супраць законаў божых і чалавечых! Ён наваліўся на яе ўсім целам, адной рукой націскаў на плячо, другой так учапіўся ў яе валасы, што Мэгі не магла варухнуць галавой. Уздрыгваючы ад чужога, невядомага, яна спрабавала пакарыцца Люку, але ён быў большы і шырэйшы, і ад яго напору, ад непрывычнай позы ёй сутаргай звяло бёдры. Нават скрозь туман страху і знямогі яна адчула напорыстую сілу, і раптам у яе вырваўся пранізлівы, працяжны крык.

— Цішэй ты! — глуха буркнуў Люк, адпусціў яе валасы і паспешліва заціснуў ёй рот далонню. — Хочаш, каб уся гасцініца падумала, што я рэжу цябе? Ляжы ціха, балець будзе, колькі трэба, і ўсё. Ціха ляжы!