Выбрать главу

— П’ю за французскія штучкі! — сказаў ён.

Раніцай прыгарадны аўтобус —: старэнькі драхлы «фордзік» усяго на дванаццаць месц, без адзінай шыбы ў акенцах — павёз іх у Хімельхох. Мэгі адчувала сябе лепш, бо Люк больш не мучыў яе, яна сама падставіла яму грудзі — яму, відаць, падабалася гэта не менш, чым тая, другая жудасць. А ёй, хоць яна вельмі хацела дзяцей, проста здрадзіла мужнасць. У першую нядзелю, калі ўсё зажыве, можна будзе зноў паспрабаваць. А можа, дзіця ўжо і так паявіцца, і яна і думаць пра гэта пакіне, пакуль не захоча мець яшчэ адно. Вочы Мэгі пасвятлелі, і яна пачала з цікавасцю пазіраць з акна аўтобуса, які натужліва поўз па чырвонай грунтавой дарозе.

Дзіўны, цудоўны край, зусім не падобны на джыланбаўнскі, і, трэба прызнацца, ёсць у ім веліч і прыгажосць, якіх там і заваду няма. Адразу відаць, засухі тут не бывае. Глеба колеру свежапралітай крыві, ярка-пунсовая, і там, дзе зямля не пад папарам, цукровы трыснёг прыгожа кантрастуе з ёю — доўгае і вузкае светла-зялёнае лісце калышацца на бардовых сцяблах таўшчынёй з Люкаву руку, узвышаючыся над імі на пятнаццаць — дваццаць футаў. Нідзе на свеце, з захапленнем тлумачыў Люк, трыснёг не расце такі высокі і такі багаты на цукар, не дае такога ўраджаю. Пласт гэтай ярка-чырвонай глебы таўшчынёй больш за сто футаў, насычаны самымі пажыўнымі рэчывамі, акурат колькі трэба, і трыснёг паняволі расце тут найлепшы — яшчэ ж і дажджы тут шчодрыя. I нідзе болып на свеце не сякуць яго белыя, а белы чалавек у пагоні за грашыма працуе напорыста і хутка.

— З цябе выйшаў бы цудоўны вулічны аратар, Люк, — з іроніяй сказала Мэгі.

Люк падазрона пакасіўся на яе, але змоўчаў, бо аўтобус спыніўся на абочыне, ім трэба было выходзіць.

Хімельхохам называўся вялікі белы дом, які стаяў на самай вяршыні ўзгорка ў акружэнні какосавых і бананавых пальмаў і крыху меншых, але вельмі прыгожых пальмаў, лісце якіх раскрывалася веерам, як хвост у паўліна. Бамбукавы гай у сорак футаў вышынёй ахоўваў дом ад моцных паўночна-заходніх мусонных вятроў, і хоць яго ставілі на высокім узгорку, усё роўна паднялі на пятнаццаціфутавыя палі.

Люк нёс чамадан Мэгі; яна, цяжка дыхаючы, праз сілу паднімалася на ўзгорак па чырвонай дарозе ў сваіх нязменных панчохах і туфлях на высокіх абцасах, у капялюшыку з паніклымі вакол яе твару палямі. Трысняговага магната дома не было, але калі госці паднімаліся па прыступках, на веранду насустрач ім выйшла, абапіраючыся на мыліцы, яго жонка. Яна ўсміхалася. Мэгі паглядзела на яе добры, мілы твар, і на душы адразу палягчэла.

— Заходзьце, заходзьце! — сказала гаспадыня з характэрным аўстралійскім вымаўленнем.

Мэгі імгненна павесялела — яна рыхтавалася пачуць нямецкі гаварок. Люк паставіў чамадан на падлогу, абмяняўся поціскам рук з гаспадыняй, калі тая зняла правую руку з мыліцы, і панёсся ўніз па прыступках — спяшаўся да зваротнага рэйса аўтобуса. У дзесяць гадзін Арнэ Свенсан будзе чакаць яго каля піўной.

— Як вас завуць, місіс О’Ніл?

— Мэгі.

— Цудоўна. А мяне — Эн, і вы лепш так мяне і завіце — Эн. Мне было вельмі самотна пасля таго, як месяц назад ад нас пайшла дзяўчына, другую памочніцу знайсці цяпер нялёгка, давялося самой неяк упраўляцца. Мы тут толькі ўдваіх, я і Лудзі, дзяцей у нас няма. Спадзяюся, у нас вам спадабаецца, Мэгі.

— Ага, вядома, місіс Мюлер... Эн...

— Хадземце, я пакажу вам ваш пакой. З чамаданам вы справіцеся? Насіць я, на жаль, не вельмі магу.

Пакой быў абстаўлены строга і проста, як і ўвесь дом, але выходзіў на той адзіны бок, дзе позірк не ўпіраўся ў якую-небудзь жывую заслону ад ветру, і на тую ж веранду, што і гасціная, якая між іншым здалася Мэгі нейкай голай — плеценая мэбля, ніякай драпіроўкі.

— Для аксаміту ці паркалю ў нас тут вельмі горача, — паясніла Эн. — Жывём вось так — з трысняговай мэбляй і апранаемся лёгка — абы прыстойнасць захаваць. Давядзецца і вас гэтаму навучыць, a то прападзяце. На вас страх колькі ўсяго панадзявана.

Сама яна была ў блузцы без рукавоў і з вялікім выразам і ў кароценькіх шорціках, з якіх бездапаможна звісалі хворыя, скрыўленыя ногі. Як вокам міргнуць апынулася Мэгі ў такім самым убранні — прыняла часова ад Эн, а там, можа, удасца ўгаварыць Люка купіць ёй што-небудзь такое. Прыніжэннем было тлумачыць, што муж зусім не дае ёй грошай, але затое гэтае абразлівае адчуванне крыху прытупіла пачуццё няёмкасці ад таго, што на ёй цяпер так мала адзежы.

— Што ж, на вас мае шорты выглядаюць прыгажэй, чым на мне, — сказала Эн і працягвала жыва тлумачыць: — Дроў вам Лудзі прынясе, самой калоць вам іх і па лесвіцы цягаць не давядзецца. На жаль, у нас няма электрычнасці, як у тых, што жывуць бліжэй да Данглаў, але ўлады тутэйшыя, як смаўжы, марудлівыя. Магчыма, налета лінію дацягнуць да Хімельхоха, а пакуль што ў нас вось толькі гэтая старая гадасць — печка. Але пацярпіце, Мэгі! Як толькі дадуць ток, у нас умомант паявіцца электрычная пліта, асвятленне і халадзільнік.

— Я прывыкла абыходзіцца без усяго гэтага.

— Так, але там, адкуль вы прыехалі, гарачыня сухая. Тут нашмат, нашмат горш. Я баюся нават, каб вы не захварэлі. Тут у нас гэта часта здараецца з жанчынамі, што нарадзіліся і выраслі не ў гэтай мясцовасці, — нешта з крывёю. Мы, ведаеце, на той жа шыраце на поўдзень ад экватара, як Бамбей і Рангун на поўнач ад яго, — клімат не вельмі спрыяльны ні для чалавека, ні для звера, калі яны не нарадзіліся ў нашых краях. — Эн усміхнулася: — Ох, якая я вам радая! Мы цудоўна з вамі зажывём. Вы кнігі чытаць любіце? Мы з Лудзі проста адарвацца ад іх не можам.

Твар Мэгі заззяў:

— I я таксама!

— Цудоўна! I вы не будзеце сумаваць без такога прыгожага, статнага мужа.

Мэгі прамаўчала. Сумаваць без Люка? I хіба ён такі ўжо прыгажун? Падумала: вось было б шчасце — ніколі больш яго не бачыць. Але ж ён сапраўдны яе муж, і па закону яна павінна да канца жыцця пражыць з ім. Яна ж сама, па сваёй волі, пайшла на гэта, каго ж вінаваціць, акрамя сябе самой? Але, можа, калі набярэцца даволі грошай і збудзецца мара аб ферме ў Заходнім Квінслендзе, яны ўвесь час будуць разам, добра ўладкуюцца, лепш пазнаюць адно аднаго і ўсё пойдзе на лад.

Наогул Люк чалавек не дрэнны і не прыкры, проста вельмі доўгі час пражыў адзін і не ўмее ні з кім дзяліцца. Ён чалавек просты, ідзе напралом да аднае мэты, не ведаючы ні жалю, ні мук сумнення. Тое, да чаго ён усёй душой імкнецца, рэч зусім канкрэтная, рэальная, хоць пакуль што толькі мара, — шчодрая ўзнагарода за ўпартую працу і гатоўнасць ісці на ахвяры. I за гэта яго мімаволі паважаеш. У Мэгі ні разу і ў думках не мільганула, што ён можа патраціць грошы на якія-небудзь свае ўцехі: што думаў ён, тое і гаварыў — грошы будуць ляжаць у банку.

Уся бяда ў тым, што ў яго не было ні часу, ні жадання зразумець жанчыну, ён, відаць, нават не падазрае, што жанчына скроена іначай і ёй патрэбна тое, што яму зусім не патрэбна, як і яму патрэбна тое, што не патрэбна ёй. Што ж, магло быць і горш. Ён мог бы прыстроіць яе на работу ў людзей не такіх ветлівых і ўважлівых, як Эн Мюлер. У гэтым доме на ўзгорку з ёю нічога благога не здарыцца. Але як далёка, ох як далёка адсюль Драгеда!

Драгеда зноў усплыла ў яе памяці, калі яны з Эн абышлі ўвесь дом і спыніліся на верандзе гасцінай, азіраючы далі Хімельхоха. Шырокія плантацыі цукровага трыснягу (усё ж меншыя за авечыя пашы Драгеды, якіх нельга было ахапіць вокам) пышна зыбаліся пад ветрам, няспынна пабліскваючы абмытай да глянцу зеленню, і па адложыстым схіле ўзгорка спускаліся да дзікіх зараснікаў на беразе вялікай ракі, шырэйшай за Баруан. За ракой зноў паката паднімаліся трысняговыя палі — ядавіта-зялёныя квадраты, перасыпаныя крывава-чырвонымі ўчасткамі папару, а далей, каля падножжа высачэзнай гары, уробленыя землі абрываліся, і лясныя нетры канчаткова ўступалі ў свае правы. За спічастай вяршыняй гары ўзнімаліся новыя горныя пікі, паступова расплываючыся ўдалечыні ліловымі плямамі. Сінеча неба тут была ярчэйшая, больш насычаная, чым у іх там, у Джылі, абсыпаная густымі белымі баранчыкамі воблакаў, і фарбы ўсе навокал — жывыя, яскравыя.

— Гара гэта называецца Бартл-Фрэр, — сказала Эн, паказваючы на адзінокую вяршыню. — Шэсць тысяч футаў над узроўнем мора. Кажуць, уся яна — чыстае волава, а здабываць яго немагчыма — скрозь непралазныя джунглі.