Выбрать главу

— Бедная дзяўчынка! — сказала Эн мужу. — Сваімі рукамі забіла б яго!

Надышоў і мінуў студзень, самы бяздзейны месяц для секараў трыснягу, а Люк не паказваўся. Тады, у свой прыезд, ён нешта прамямліў пра тое, што возьме Мэгі з сабой у Сідней, але замест гэтага паехаў туды з Арнэ адзін. Арнэ быў халасцяк, яго цётка мела свой дом у Разелі, адтуль можна было прайсці пеша (не трэба траціцца на трамвай — яшчэ некалькі медзякоў у скарбонку) да рафінаднага завода. За гэтымі высачэзнымі бетоннымі сценамі, што нагадвалі крэпасць на ўзвышшы, секарам, у якіх былі знаёмствы, заўсёды знаходзілася работа. Люк з Арнэ складалі мяхі з цукрам у роўныя штабелі, а ў вольны час купаліся ў моры, плавалі, каталіся на дошцы на хвалях прыбою.

Мэгі так і засталася з Мюлерамі ў Данглаў і прамучылася ўсё макроцце — так тут называлася пара мусонных дажджоў. Суш доўжылася з сакавіка да лістапада і ў гэтай частцы аўстралійскага мацерыка была не такая ўжо і сухая, але ў параўнанні з макроццем час гэты здаваўся благаславенным. У пару макроцця нябёсы нібы разяўляліся і вылівалі патокі вады — не цэлымі днямі, а парывамі, прыступамі, і ў прамежках між гэтых патопаў усё навокал дымілася парай, вялікія белыя клубы паднімаліся над цукровым трыснягом, над зямлёю, над дзікімі зараснікамі, над гарамі.

Міналі дні, і Мэгі ўсё мацней тужыла па роднай Драгедзе. У Паўночным Квінслендзе, цяпер яна ўжо цвёрда ведала, яна ніколі не адчуе сябе як дома, — магчыма, таму, што амаль усё жыццё пражыла ў сухой мясцовасці. Ёй моташна было ад адзіноты, ад мужавай бяздушнасці, ад неадчэпнага гнятлівага здранцвення і апатыі. Моташна ад гэтай плоймы насякомых і паўзуноў — вялізных жаб, тарантулаў, тараканаў, пацукоў; кожная ноч была ёй пакутай, ніякая сіла не магла іх выгнаць з дому, смяротны страх яны наводзілі на яе. Усе такія вялізныя, агрэсіўныя, галодныя. Больш за ўсё яна ўзненавідзела «дані» — так на мясцовым дыялекце называліся прыбіральні, і гэтак жа гучала памяншальная назва акруговага горада Данглаў — Дані, што было вялікай уцехай тамашнім дасціпнікам і давала ім падставу для бясконцых жартаў і каламбураў. Усё нутро выварочвала ад гэтых даньскіх «дані»; капаць ямы ў тым клімаце было нельга — усё цячэ і расцякаецца, не мінуць брушнога тыфу і іншых кішэчных хвароб. I замест ямы ўжывалі абмазаны варам вялікі бляшаны бак, ад якога ішоў смурод, раі мух асаджалі яго і моцна гулі, а сам ён кішма кішэў чарвямі і рознай іншай поскуддзю. Раз у тыдзень бак вывозілі і замянялі пустым, але раз у тыдзень — гэта вельмі ўжо рэдка.

Уся істота Мэгі паўставала супраць абыякавасці, з якой мясцовыя жыхары ставіліся да гэтай прыкрасці, як да нечага зусім звычайнага і нармальнага; калі б нават усё жыццё яна пражыла ў Паўночным Квінслендзе, і тады б ніколі з гэтым не прымірылася. I ўсё ж, з роспаччу думала яна, відаць, сапраўды давядзецца пражыць тут усё жыццё, прынамсі, пакуль Люк ужо так не састарыцца, што не зможа працаваць секарам. Як ні тужыла па доме, як ні марыла яна пра Драгеду, гордасць не дазваляла ёй прызнацца сваім родным, што муж зусім кінуў яе; чым прызнаць такое, не раз сурова гаварыла яна сабе, лепш ужо цярпець гэту пажыццёвую катаргу.

Месяц ішоў за месяцам, мінуў год, падкрадаўся канец другога. Толькі заўсёдная дабрата Мюлераў утрымлівала Мэгі ў Хімельхоху, і яна ніяк не магла вырашыць цяжкую задачу — якое прыняць рашэнне? Калі напісаць Бобу, ён, безумоўна, адразу тэлеграфам пашле ёй грошай на дарогу, але бедная Мэгі не магла набрацца рашучасці паведаміць родным, што Люк пакінуў яе з пустым кашальком. У той жа дзень, калі яна ім пра гэта скажа, ёй давядзецца расстацца з Люкам назаўсёды, а яна яшчэ не была гатовая на такі крок. Усё, што было ёй прывіта выхаваннем, нібы з’ядналася, каб прадухіліць яе разрыў з Люкам: і вера ў святасць шлюбу, і надзея, што ў яе рана ці позна паявіцца дзіця, і перакананне, што муж, а значыць, Люк — гаспадар яе лёсу. I яшчэ яе ўласны характар — упартая, зацятая гордасць ды назольна-дакучлівая думка, што і на ёй ляжыць віна, не толькі на Люку. Нешта нядобрае з ёю, a то Люк, можа, зусім інакш паводзіў бы сябе.

За паўтара года добраахвотнага выгнанніцтва яна бачыла яго толькі шэсць разоў і, нават паняцця не маючы пра такую штуку, як гомасексуалізм, часта думала: вось з кім трэба было Люку павянчацца — з Арнэ, бо яны ўжо ж напэўна жывуць разам і кампанія Арнэ Люку болын даспадобы. Яны з Арнэ сталі партнёрамі на роўных і раз’язджаюць узад і ўперад па ўсім тысячамільным прыбярэжжы — туды, дзе паспеў цукровы трыснёг, і, здаецца, жывуць толькі працай. Калі ж Люк зрэдку наязджае, ён не думае ні пра якую блізкасць з ёю — пасядзіць гадзіну-дзве, пабалакае з Лудзі і Эн, тады пойдзе прагуляецца з Мэгі, па-сяброўску пацалуе яе ў шчочку, і зноў толькі яго і бачылі.

Увесь свой вольны час Лудзі, Эн і Мэгі праводзілі за чытаннем. Бібліятэка ў Хімельхоху была багацейшая за драгедскую, у якой на кнігі хапала ўсяго некалькі паліц, а самі кнігі тут былі больш вучоныя, сярод іх нават «непрыстойныя», і Мэгі шмат чаго з іх вычытала.

Аднаго дня, у нядзелю, быў чэрвень месяц 1936 года, прыехалі Люк і Арнэ, абодва ў вельмі добрым настроі. Сказалі, што хочуць зрабіць Мэгі вялікую прыемнасць, і таму запрашаюць яе на «сілід».

Звычайна розныя этнічныя групы перасяленцаў рассейваюцца па ўсёй Аўстраліі і паступова набываюць агульныя для аўстралійцаў рысы, але ў Паўночным Квінслендзе, на гэтым паўвостраве, выхадцы з розных краін упарта імкнуцца зберагчы свае нацыянальныя звычаі і традыцыі: асноўныя насельнікі тут кітайцы, італьянцы, немцы і шатландцы з ірландцамі. I калі шатландцы наладжваюць сілід, усе да апошняга шатландца з’язджаюцца за многія мілі.

Мэгі моцна здзівілася, убачыўшы Люка і Арнэ ў шатландскіх кароткіх спадніцах; выглядаюць яны ў іх, вырашыла яна, калі перавяла дух, проста цудоўна. Ніякае адзенне не падкрэслівае так мужнасць чалавека, як шатландскі нацыянальны касцюм, — спаднічка ззаду хваліста пераліваецца складкамі ў лад шырокаму роўнаму кроку, а спераду не варухнецца; скураная сумка поўсцю наверх — як набедраны шчыток; ніжэй спаднічкі, якая даходзіць да сярэдзіны калена, — моцныя стройныя ногі ў туфлях са спражкамі, шчыльна абцягнутыя трыко ў косую клетку. Плед і куртку ў такую гарачыню насіць немагчыма, і мужчыны абышліся белымі кашулямі з адкрытым каўняром, закасалі па локці рукавы.

— А што гэта такое — сілід? — пацікавілася Мэгі, калі ўсе трое пусціліся ў дарогу.

— Гэльскае слова — зборышча, вечарынка з танцамі.

— А вы чаго шатландскія спадніцы панадзявалі?

— Без іх туды не пускаюць, а мы заўсёды бываем на іхніх гулянках, ад Брысбена да Кэрнса.

— Ах так? Вы, відаць, сапраўды часцяком наведваецеся на гэтыя сіліды, інакш не ўяўляю, чаго б гэта Люк раптам раскашэліўся на такі ўбор. Праўда, Арнэ?

— Трэба ж чалавеку хоць крышачку адпачыць, — мякка адпарыраваў Люк.

Сілід спраўлялі ў нейкай старой паўразваленай павеці між зарослых мангравымі дрэвамі гнілых балот, што цягнуліся ўздоўж вусця ракі Данглаў. Якіх толькі пахаў няма ў гэтых краях! — у роспачы падумала Мэгі, моршчачыся ад яшчэ аднаго нясцерпнага агіднага паху ў дадатак да ранейшых. Чорная патака, плесня, прыбіральні, а цяпер вось яшчэ і мангравыя балоты. Усе гніласныя выпарэнні зліліся ў адзін букет.

Мужчыны, што сабраліся ў павеці, і сапраўды былі ўсе ў шатландскіх касцюмах. Увайшоўшы туды разам з Люкам і Арнэ, Мэгі агледзелася і зразумела, якой нікчэмнай і шэрай павінна адчуваць сябе пава, аслепленая яскравай пышнасцю паўліна. Мужчыны зусім зацьмілі жанчын, тыя, здавалася, перасталі існаваць, і з кожнай гадзінай такое ўражанне толькі мацнела.

На хілым памосце стаялі два дудары, апранутыя ў колеры свайго клана — стракатая клетка на блакітным фоне — і дружна дудзелі на валынках вясёлы шатландскі рыл, рыжаватыя валасы іх стаялі тарчма, расчырванелыя твары заліваў пот.

Толькі некалькі пар танцавалі, а самае шумнае ажыўленне панавала вакол купкі мужчын, якія раздавалі шклянкі не іначай як з шатландскім віскі. Неўзабаве Мэгі і яшчэ некалькі жанчын аказаліся адціснутымі ў кут, і яна з радасцю засталася там, зачаравана азіраючы натоўп. Hi на адной жанчыне не было тартана — клятчастай тканіны колераў свайго клана, бо спадніц шатландскіх горцаў яны не носяць, а толькі плед, але ў такую спёку немагчыма хутаць плечы такім вялікім кавалкам шчыльнай матэрыі. I жанчыны былі ў звычайных для Паўночнага Квінсленда просценькіх сукенках, якія зусім пабляклі побач з яркім убраннем мужчын. Якіх толькі колераў не было! Агніста-чырвоны з белым клана Мензіс, кідкі чорны з жоўтым клана Маклаўд з Люіса, бледна-блакітны у чырвоную клетку клана Скен, яркая гама фарбаў клана Огілві і чырвона-шэра-чорная клетка клана Макферсан. На Люку былі колеры клана Макніл, на Арнэ — якабітаў Сэсенекаў. Сапраўды прыгожа!