Выбрать главу

Люка з Арнэ тут, відавочна, усе ведалі і любілі. Як жа ж часта яны бывалі тут без яе? I што на іх найшло, чаму яны ўзялі яе сёння з сабой? Мэгі ўздыхнула, прыхілілася да сцяны. Жанчыны з цікавасцю разглядалі яе, асаблівую іх увагу прыцягваў яе заручальны пярсцёнак; да Люка і Арнэ яны былі яўна нераўнадушныя, а ёй яўна зайздросцілі. Цікава, што б яны сказалі, калі б я прызналася ім, што гэты цёмнавалосы велікан, мой муж, за апошнія восем месяцаў прыязджаў да мяне толькі два разы, і наогул, калі прыязджае, нават і не падумае легчы са мною ў ложак. Вы толькі паглядзіце на гэту парачку самазадаволеных выфранчаных «горцаў»! А яны ж зусім не шатландцы, проста камедыю ламаюць, бо ведаюць, які ў іх бліскучы выгляд у гэтых шатландскіх спаднічках, і вельмі любяць, каб усе на іх з захапленнем глядзелі. Ну і шэльмы ж вы абодва! Такія ўжо самаўлюбёныя, што больш нічыёй любові вам не трэба.

Апоўначы ўжо ўсіх жанчын адправілі падпіраць сцены; музыкі на ўсю моц зайгралі «Кабер Фейд», і пачаліся галоўныя танцы. Потым усё сваё жыццё, ледзь толькі пачуе гук валынкі, Мэгі ў думках зноў вярталася пад гэтыя кроквы — варта было толькі раз калыхнуцца шатландскай спаднічцы. Нібы ў сне зліліся ў адно гукі і вобразы, рэальнасці жыцця і невычэрпная жыццяздольнасць.

На ўсю падлогу леглі скрыжаваныя мячы, і двое ў колерах клана Макдональд са Сліта ўскінулі над галавою рукі, кісці затрапяталіся, як у балетных танцораў, і сурова, быццам вастрыямі мячоў пад канец суджана было праткнуць ім грудзі, пачалі свой небяспечны, вёрткі танец сярод лёзаў.

Потым цягучыя, дрыгатлівыя рукі валынак прарэзаў пранізлівы крык, і дудары зайгралі «Граніцу адстаім сваю, шатландцы!». Зброю згрэблі ў кучу, і ўсе мужчыны рынуліся ў карагод, то беручыся за рукі, то разнімаючы іх, адно мільгалі стракатыя тартаны кланаў. Вясёлы рыл, імклівы стрэспей, шалёны флінг — адзін танец змяняўся другім, тупат ног па дашчаным насціле гулкім рэхам аддаваўся пад бэлькамі, блішчалі спражкі на туфлях, і кожны раз, як пачынаўся новы танец, хто-небудзь з мужчын, закінуўшы галаву, абзываўся пранізлівым залівістым крыкам, і дзесяткі магутных глотак уторылі яму. А жанчыны, зусім забытыя, былі толькі гледачамі.

Вечарынка скончылася пад раніцу, каля чатырох; за парогам, замест калянай свежасці Блэр-Атола ці Ская, на іх дыхнула атупляльнай духатой трапічнай ночы, вялікі важкі месяц поўз па ўсеянай зорамі пустыні нябёсаў, і ўсё захлістваў смурод мангравага тлену. Калі Арнэ павёз Люка з жонкай у сваім старым задышлівым «фордзе» назад, Мэгі напаследак пачула гукі тужлівай песні «Лясныя краскі», што заміралі ўдалечы, яна клікала з гулянкі дамоў. Дадому. А дзе ён, дом?

— Ну, спадабалася табе? — папытаўся Люк.

— Спадабалася б яшчэ больш, калі б я больш патанцавала, — адказала Мэгі.

— Што, на сілідзе? Кінь, Мэг! Там толькі мужчыны танцуюць, мы і так далікатна абышліся з вамі, жанчынамі, — хоць трохі далі пакруціцца.

— Здаецца, на свеце шмат такога, чым займаюцца толькі мужчыны, асабліва калі гэта прыемна і весела.

— He, ты ўжо мне прабач! — суха адказаў Люк. — Я думаў, табе прыемна будзе хоць крыху адарвацца ад будзёншчыны, таму і ўзяў цябе туды. А мог, ведаеш, і не браць! Раз не цэніш, больш не вазьму.

— Ты, відаць, усё роўна не збіраешся мяне нікуды браць, — запярэчыла Мэгі. — He вельмі добра дапускаць мяне ў сваё жыццё. За гэтыя некалькі гадзін я шмат чаго даведалася, толькі, думаю, не таго, чаму ты хацеў мяне навучыць. Цяпер мяне ўжо не так лёгка абдурыць, Люк. Шчыра кажучы, мне абрыдла ўсё — і ты, і маё цяперашняе жыццё, і ўсё астатняе.

— Ш-шш! — абурана зашыпеў Люк. — Мы не адны!

— Дык прыязджай адзін! — адрэзала Мэгі. — Ты ж са мной ніколі адзін не заставаўся, хіба толькі на некалькі мінутак.

Арнэ спыніў машыну каля падножжа хімельхохскага ўзгорка і спагадліва ўхмыльнуўся Люку:

— Давай, прыяцель, вядзі яе наверх, я тут пачакаю. Куды нам спяшацца?

— Я, Люк, сур’ёзна кажу, — заявіла Мэгі, як толькі яны адышліся настолькі, што Арнэ не мог чуць. — Усякаму цярпенню ёсць межы, разумееш? Ведаю, я дала зарок быць паслухмянай жонкай, але ж і ты абяцаў любіць мяне і клапаціцца пра мяне, так што выходзіць, мы абое зманілі! Я хачу вярнуцца дамоў, у Драгеду!

— Што ты, Мэг, — разгублена сказаў Люк. — Паслухай, міленькая, гэта ж не навек, павер мне! А гэтым летам я забяру цябе з сабой у Сідней, слова О’ Ніла! У доме ў Арнавай цёткі якраз вызваліцца кватэра, і мы з табой прабудзем там цэлыя тры месяцы, цудоўна прабавім час! Пацярпі крышачку, яшчэ з годзік які я папрацую на плантацыях, а тады мы купім участак і зажывём у сваім доме га?

Святло месяца ўпала на яго твар, і Люк здаўся ёй такім шчырым, поўным смутку, трывогі і раскаяння. I вельмі падобным на Ральфа дэ Брыкасара.

Мэгі палагаднела — ёй усё яшчэ хацелася мець ад яго дзяцей.

— Добра, — сказала яна, — яшчэ адзін год. Але я лаўлю цябе на слове, Люк: ты абяцаў узяць мяне ў Сідней, дык не забудзься!

12

Раз на месяц Мэгі добрасумленна пісала мацеры і братам — расказвала пра Паўночны Квінсленд, старанна і ў меру жартавала і ні разу не сказала ні слова ні пра якія нелады з Люкам. Усё гэта тая самая ганарлівасць. У Драгедзе толькі і ведалі: Мюлеры — Люкавы сябры, і Мэгі жыве ў іх таму, што ён заўсёды ў раз’ездах. Па ўсім адчувалася, што Мэгі шчыра прывязана да гэтых мілых людзей, і ў Драгедзе не трывожыліся за яе. Засмучала адно — чаму яна ніколі не праведае сваіх. Але ж яна не магла ім напісаць, што ў яе няма грошай на дарогу, бо тады давялося б тлумачыць, як нешчасліва склалася яе сямейнае жыццё з Люкам О’Нілам.

Зрэдку яна асмельвалася нібыта між іншым папытацца, як жыве епіскап Ральф, і яшчэ радзей Боб успамінаў перадаць ёй тое нямногае, што чуў пра епіскапа ад мацеры. А потым прыйшло пісьмо, у якім толькі і гаварылася, што аб прападобным дэ Брыкасары.

«Ён як з неба зваліўся, — пісаў Боб. — Прыехаў нечакана і нейкі быў невясёлы, проста як у ваду апушчаны. А таму, што цябе не застаў, і зусім засмуціўся. Спачатку накінуўся на нас, чаму мы яму не паведамілі, што ты выходзіш за Люка, ну, мама яму растлумачыла, што ты сама не дазволіла, такое на цябе найшло ўтрапенне, тут ён і змоўк, слоўца болей пра гэта не сказаў. Але, па-мойму, ён па табе знудзіўся болей, чым па ўсіх нас, ды яно і зразумела, ніхто ж з нас так многа з ім не бываў, як ты, і, па-мойму, ён заўсёды цябе любіў, як родную сястрычку. Ён тут, бедалага, блукаў непрыкаяны, нібыта чакаў — ты вось-вось выскачыш з-за вугла. У нас дык і картачак не знайшлося яму паказаць, раней мне і ў галаву не прыходзіла, а як ён папытаўся, я падумаў — і праўда, дзіва, чаму ў цябе няма вясельнае фатаграфіі. Ён папытаўся, ці ёсць у цябе дзеці, і я сказаў, быццам няма. Няма ж, праўда, Мэгі? Колькі ўжо часу ты замужам? Хутка два гады? Ну але, гэта ж ліпень цяпер на дварэ. He згледзець, як бяжыць час! Спадзяюся, у цябе хутка будуць дзеці, па-мойму, наш епіскап абрадуецца, калі дазнаецца. Я хацеў даць яму твой адрас, але ён не ўзяў. Сказаў, што яму гэта не дае ніякае карысці, бо ён едзе на нейкі час у Грэцыю, у Афіны, з архіепіскапам, пры якім служыць. Архіепіскап, відаць, з італьянцаў, імя даўжэзнае-даўжэзнае, ніяк не запомню. Уяўляеш, Мэгі, ён паляціць туды на аэраплане! Клянуся табе! Ну вось, ён калі дазнаўся, што цябе няма і няма каму гуляць з ім па Драгедзе, доўга тут не забавіўся, пабыў толькі тыдзень, разы два паездзіў верхам, кожны дзень правіў нам імшу, а потым узяў дый паехаў».