Выбрать главу

— Пра любоў такую самую чыстую, як мая любоў да бога, Віторыё. Яна робіць толькі гонар гэтым старонкам.

— Я так і падумаў, бо ведаю вас. Але ці не прыніжае яна, гэта любоў, вашай любові да святое царквы?

— He. Дзеля царквы я ад яе і адмовіўся і заўсёды буду адмаўляцца. Я далёка пайшоў ад яе і ніколі да яе не вярнуся.

— Дык вось адкуль ваш смутак, нарэшце я зразумеў! Дарагі Ральф, гэта не так блага, як вам здаецца, папраўдзе. У сваім жыцці вы прынесяце шмат дабра многім людзям, і многія людзі вас будуць любіць. I тая, каму аддадзена любоў, што ў гэтай духмянай памятцы, ніколі не будзе абдзелена любоўю. Бо вы разам з ружаю збераглі і любоў.

— Я думаю, яна гэтага не зразумее.

— О не. Калі вы так моцна яе любілі, значыць, яна настолькі жанчына, што здольная гэта зразумець. Іначай вы даўно б яе забылі і не бераглі б так доўга гэту рэліквію.

— Іншы раз такое моцнае было ўва мне жаданне пакінуць пасаду і вярнуцца да яе, што толькі доўгія гадзіны ў малітве стрымлівалі мяне.

Архіепіскап падняўся з крэсла, падышоў і ўкленчыў побач з сябрам, побач з гэтым прыгажуном, якога ён палюбіў, як мала што любіў, апрача госпада бога і царквы — любоў да бога і царквы ў яго была адзіная і непадзельная.

— Вы не пакінеце свае пасады, Ральф, вы і самі гэта добра ведаеце. Вы належыце святой царкве, заўсёды ёй належалі і заўсёды будзеце ёй належаць. Гэта — сапраўднае ваша прызванне. Памолімся ж разам, і з гэтага часу да канца жыцця я буду маліцца і за вашу ружу. Гасподзь пашле нам многія скрухі і пакуты на нашай дарозе да вечнага жыцця. I мы — я таксама, як і вы, — павінны вучыцца пакорліва іх трываць.

У канцы жніўня Мэгі атрымала ад Люка пісьмо: ён пісаў, што ляжыць у таўнсвілскай бальніцы, у яго хвароба Вейля, але ніякай небяспекі няма, хутка яго ўжо выпішуць.

«Так што, выходзіць, нам не давядзецца чакаць канца года, каб адпачыць разам, Мэг. Секчы трыснёг я пакуль не магу, спачатку трэба зусім выздаравець, а для гэтага самае важнае — добра адпачыць. Дык прыкладна праз тыдзень я па цябе прыеду. Пажывём тыдняў два на возеры Ічэм на Этэртан Тэйбленд, за гэты час я набяруся сілы і пайду зноў працаваць».

Мэгі неяк не верылася, што яны нарэшце будуць разам, яна і сама не разумела — можа, ёй гэтага болей і не хочацца? Вядома, «мядовы месяц» на заезным двары ў Дані стаў ёй катаваннем, і душэўны боль не праходзіў даўжэй, чым фізічны, але Мэгі так даўно і так старанна адганяла гэтыя ўспаміны, што цяпер яны ўжо не палохалі; дый яна з таго часу многа чытала, і яна зразумела, што ў многім вінавата было проста невуцтва: і яна і Люк вельмі мала ведалі. Дай жа божа, каб ад гэтай сустрэчы нарадзілася дзіця! Будзе ў яе малое, будзе каго любіць, і тады ёй стане куды лягчэй. Эн будзе не супраць малога ў доме, яна яго палюбіць. I Людвіг таксама. Яны ёй сто разоў гэта гаварылі, усё спадзяваліся, што Люк у які-небудзь свой прыезд даўжэй пабудзе і пустое, адзінокае існаванне яго жонкі набудзе новы сэнс.

Яна расказвала ім, што піша Люк, і яны ўголас парадаваліся, але патаемна прынялі навіну недаверліва.

— Галаву даю на адрэз, што гэты нягоднік зноў знойдзе нейкую прычыну, каб паехаць без яе, — сказала мужу Эн.

Люк пазычыў у некага машыну і раніцаю прыехаў па Мэгі. Ён вельмі пахудзеў, пажаўцеў і зморшчыўся, нібыта вымачаны ў воцаце. Мэгі была ашаломлена; яна аддала яму чамадан і села ў машыну з ім побач.

— Што гэта за хвароба Вейля, Люк? Ты пісаў, нічога небяспечнага, а па табе адразу відаць, што хварэў ты вельмі моцна.

— Ды не, гэта накшталт жаўтухі, рана ці позна яе падхопіць кожны секар. Яе разносяць трысняговыя пацукі; калі ў цябе парэз ці драпіна, заразы не мінуць. Я хлопец здаровы, таму вырабіўся лёгка, другія куды цяжэй хварэюць. Дактары кажуць, я як бач зноў буду малайцом.

Па глыбокай, густа зарослай лесам цясніне дарога караскалася ўгару, у глыбіню мацерыка; на дне цясніны раўла і грукатала набухлая, паўнаводная рэчка, а ў адной мясціне аднекуль зверху ў яе зрываўся, перасякаючы дарогу, незвычайны вадаспад. I яны праехалі паміж стромаю скалою і дугою вадаспада, пад зіхатліваю волкаю аркаю — дзівосным спляценнем святла і ценяў. Чым вышэй угару, тым халадней станавілася, у паветры разлівалася дзівосная свежасць, — а Мэгі ўжо і забылася, як лёгка дыхаецца, калі прахалода. Джунглі нагіналіся над дарогаю, уставалі збоку суцэльнаю страшнаю, непрагляднаю сцяною. Ствалоў дрэваў нельга было разгледзець пад цяжкім покрывам густалістых ліянаў, яны пералазілі з вяршыні на вяршыню, цягнуліся неразрыўна, несканчона, быццам на ўвесь лес накінуты вялізны дыван зялёнага аксаміту. Але пад гэтымі зялёнымі скляпеннямі перад вачыма ў Мэгі мільгалі то дзівосная кветачка, то матылёк, то кола павуціны і, быццам яе нерухомая вось, вялізны, у прыгожых крапінках, павук, то незвычайныя грыбы, якія ўядаюцца ў парослы мохам ствол, то птушкі з доўгімі, распушанымі пунсовымі і залацістымі хвастамі.

Возера Ічэм ляжала на пласкагор’і, прыгожае ў бездакорнай рамцы няходжаных берагоў. Перад захадам сонца Мэгі з Люкам выйшлі на веранду пансіёна паглядзець на гэтае хараство ціхай вады. Мэгі хацелася паглядзець, як вялікія кажаны, пажыральнікі пладоў (яшчэ іх называюць лятучымі лісамі), злятаючыся на кармленне, кружацца ў небе, быццам вестуны Страшнага суда. З выгляду яны пачварныя і агідныя, але надзіва палахлівыя і няшкодныя. Калі бачылася цёмная чарада, якая трапяталася ў расплаўленым золаце захаду, замірала сэрца; у Хімельхоху Мэгі кожны вечар выходзіла паглядзець на іх.

А якое гэта шчасце — мяккая халаднаватая пасцель, тут не страшна і зварухнуцца, прасціна не прамокне ад поту і не трэба будзе асцярожна пасовацца на другую мясціну, ведаючы, што тая ўсё роўна не прасохне. Люк дастаў з свайго чамадана пляскаты карычневы пакет, выняў прыгаршчы нейкіх кружочкаў і расклаў іх радком на начным століку.

Мэгі ўзяла адну такую штучку, пакруціла ў руцэ. Папыталася з цікаўнасцю:

— Што гэта?

— Французскі гасцінчык. — Люк паспеў забыцца пра сваё рашэнне двухгадовай даўнасці — не казаць ёй, што ён карыстаецца процізачаткавымі сродкамі. — Я спярша надзяю гэту штучку, а ўжо потым можна і да цябе. А не дык, напэўна, можна дзіця прыстарацца, а нам нельга сабе гэтага дазволіць, пакуль у нас няма свайго дома. — Ён сядзеў з краю на ложку голы, схуднелы, скура ды косці. Але сінія вочы яго блішчалі, ён пацягнуўся да Мэгі, сціснуў руку, у якой яна ўсё яшчэ трымала «французскі гасцінчык». — Мы ўжо амаль дайшлі да мэты, Мэг, амаль дайшлі да мэты! Паводле маіх разлікаў, яшчэ пяць тысяч — і мы зможам купіць найлепшую сядзібу, якая знойдзецца на захад ад Чартэрс Таўэрс.

— Тады лічы, што мы ўжо яе купілі, — вельмі спакойна, роўным голасам сказала Мэгі. — Я напішу епіскапу дэ Брыкасару і папрашу ў яго пазычыць гэтыя пяць тысяч. Ён не будзе браць з нас працэнтаў.

— I не думай! — крыкнуў Люк. — Чорт вазьмі, Мэг, ёсць у цябе гонар? Мы сваё заробім, а пазычаць ні ў кога не станем! Зроду я ні ў кога не пазычаў ні капейкі і пазычаць не буду.

Яна не слухала, толькі глядзела на яго, вочы завалакло чырвоным туманам. Яшчэ ніколі ў жыцці яна не ведала такога шаленства. Хлус, жулік, эгаіст! Ды як ён пасмеў гэтак ашукаць яе, пазбавіць дзіцяці, марочыць байкаю, быццам хоча стаць жывёлаводам! Яму і так выдатна жывецца — з гэтым Арнэ Свенсанам, на высечцы трыснягу.

Яна і сама дзівілася, як змагла схаваць шаленства, і зноў загаварыла пра тое, што ляжала ў яе на далоні.

— Растлумач, што такое гэтыя гасцінчыкі. Чаму праз іх у мяне няма дзіцяці?

Люк падышоў, прыпыніўся ў яе за спінаю, і Мэгі здрыганулася; ён падумаў, што яго дотык яе хвалюе, але Мэгі разумела — ёй агідна.

— Ты што, зусім нічога не ведаеш, Мэг?

— Нічога, — схлусіла яна; зрэшты, пра такое яна і праўда нічога не ведала, не помніла, каб пра такія штукі гаварылася хоць у адной кнізе.

Яго неспакойныя рукі ціскалі ёй грудзі.

— Разумееш, калі я... гатоў... без гэтага ўсё застаецца ў табе, і тады атрымліваецца дзіця.

Дык вунь яно што выходзіць! Знайшоў ахову ад дзяцей! Жулік!

Люк патушыў святло, завабіў Мэгі на ложак, і вельмі хутка Мэгі пачула тыя самыя гукі, што тады ў гасцініцы ў Даніі, і цяпер зразумела: ён рыхтуецца. Жулік! Але як яго перахітрыць?