Выбрать главу

Тады чаго ж на яго гэтак злавацца? З якой прычыны ненавідзець Ральфа, а не Люка? Вінаватая яна сама, нічога не разумее ў жыцці, яе страхі вінаватыя і непамерная злосная крыўда на яго за тое, што ён упарта яе адштурхоўваў, а яна так любіла яго, так прагнула яго любові. I яшчэ вінаваты бяздумны парыў, які штурхнуў яе выйсці за Люка О’Ніла. Яна здрадзіла і сабе, і Ральфу. Такая важнасць, калі ёй і нельга было стаць яго жонкаю, спаць з ім, нарадзіць ад яго дзіця. Такая важнасць, калі ён і не хацеў яе, а ён і напраўду яе не хацеў. Важна адно: ёй патрэбен толькі ён, і не трэба было мірыцца з меншым.

Але зразумець памылку яшчэ не значыць яе паправіць. Яна застаецца жонкаю Люка О’Ніла і дзіця народзіць ад Люка О’Ніла. Як жа ёй цешыцца з будучага Люкавага дзіцяці, калі сам Люк гэтага дзіцяці не жадае? Беднае малое. Але, па крайняй меры, калі яно народзіцца, яно будзе само па сабе, зусім новы чалавечак, і можна будзе любіць яго самога. Ды толькі... Вось калі б гэта было дзіця Ральфа дэ Брыкасара! А гэта немагчыма, гэтаму не бываць. Ральф служыць царкве, а царква патрабуе яго ўсяго без астатку, патрабуе нават і тое, што ёй не патрэбна, — яго мужчынскі пачатак. Святая царква патрабуе, каб яго ахвяравалі ёй, гэтым яна сцвярджае сваю ўладу над сваім слугою — і знішчае яго, выкрэслівае яго з жыцця, бо калі ён перастане дыхаць, ён нікога не пакіне пасля сябе. Але прыйдзе дзень, і яна паплаціцца за сваю прагнасць. Прыйдзе дзень — і не застанецца болей Ральфаў дэ Брыкасараў, бо яны пачнуць цаніць у сабе мужчынскі пачатак і зразумеюць, што царква патрабуе ад іх ахвяры дарэмнай, зусім неразумнай...

Мэгі рэзка паднялася, цяжка ступаючы, прайшла ў гасцёўню — там Эн чытала забаронены раман Нормана Ліндсея, цешачыся з кожнага забароненага слова.

— Эн, здаецца, выйдзе па-вашаму.

Эн рассеяна падняла галаву.

— Пра што вы, дарагая?

— Пазваніце доктару Сміту. Я нараджу гэтага няшчаснага малога тут, у вас, і вельмі хутка.

— О божа! Ідзіце ў спальню і кладзіцеся — не да сябе, у нашу спальню!

Кленучы капрызы лёсу і рашучасць дзяцей, доктар Сміт прымчаўся з Данглаў на сваёй старой, растрэсенай машыне, прыхапіўшы мясцовую акушэрку і ўсе інструменты і лякарствы, якія знайшліся ў яго глухой бальнічцы. Класці Мэгі ў гэтую ўбогую бальнічку няма ніякага сэнсу — усё, што можна зрабіць там, ён зробіць і ў Хімельхоху. Вось калі б у Кэрнс, тады іншая справа.

— Мужу паведамілі? — папытаўся ён, узбегшы на ганак. Услед за ім ішла акушэрка.

— Паслалі тэлеграму. Мэгі ў маім пакоі; я падумала, там вам будзе прастарней.

I Эн зачыкільгала за прыезджымі ў спальню. Мэгі ляжала на ложку, глядзела шырока расплюшчанымі вачыма, але нічым не паказвала, што ёй баліць, толькі зрэдку сутаргава сціскала рукі і курчылася. Яна павярнула галаву, усміхнулася Эн — і ў гэтых шырока расплюшчаных вачах Эн убачыла бязмежны страх.

— Я радая, што не трапіла ў Кэрнс, — сказала Мэгі. — Мая мама ніколі не клалася дзеля гэтага ў бальніцу, а тата неяк сказаў, што Хэлам яна страшэнна намучылася. Але яна засталася жывая, і я таксама не памру.

Праз некалькі гадзін доктар Сміт выйшаў на веранду да Эн.

— У беднай вельмі зацяжныя і цяжкія роды. Першае дзіця амаль заўсёды цяжка даецца, а ў гэтага яшчэ і становішча няправільнае, і яна толькі мучыцца. Была б яна ў кэрнскай бальніцы, мы зрабілі б кесарава сячэнне, а тут пра гэта і думаць няма чаго. Яна павінна разрадзіцца сама.

— Яна пры памяці?

— Ага, пры поўнай памяці. Храбрая малышка, не крычыць, не жаліцца. Самым лепшым жанчынам даводзіцца найцяжэй, вось што я вам скажу. Яна ўсё пытаецца, ці прыехаў ужо Ральф, давялося нешта выдумляць, я ёй сказаў, што дарогу размыла. Мне здавалася, яе мужа завуць Люк?

— Ага.

— Гм-м! Ну, можа, таму ёй і спатрэбіўся Ральф, хто ён там ні ёсць. Ад гэтага Люка, відаць, радасці мала?

— Ён нягоднік.

Эн на верандзе абаперлася абедзвюма рукамі на парэнчы, нахілілася. З дарогі, што вяла з Данглаў, павярнула таксі, вось яно падымаецца пад гару, да Хімельхоха. Зоркія вочы Эн здалёку пазналі цёмныя вочы пасажыра на заднім сядзенні, і ў яе вырваўся вокліч радасці і палёгкі.

— Проста вачам не веру, але здаецца, Люк усё-такі ўспомніў, што ў яго ёсць жонка!

— Я лепей пайду да яе, а вы з ім самі разбірайцеся, Эні. Я пакуль ёй нічога не скажу, раптам вы абазналіся. А калі гэта ён, перш чым агарошыць, дайце яму кубак чаю. Няхай спачатку падмацуецца.

Таксі спынілася; на здзіўленне Эні, шафёр выйшаў і сам адчыніў дзверцы перад пасажырам. У Джо Касцільёне, шафёра адзінага ў Дані таксі, такая ветлівасць не была ў звычцы.

— Прыехалі, ваша праасвяшчэнства, — сказаў ён і нізка пакланіўся.

З машыны выйшаў чалавек у доўгай чорнай сутане, падпяразанай ліловым шоўкам. Павярнуўся — і на імгненне ашаломленай Эн здалося, што Люк О’Ніл разыгрывае З ёю нейкі незразумелы жарт. Потым яна ўбачыла, што гэта зусім другі чалавек, па крайняй меры гадоў на дзесяць старэйшы за Люка. Божа, — падумала яна, пакуль ён, высокі, стройны, падымаўся да яе, пераступаючы цераз дзве прыступкі, — у жыцці не бачыла такога прыгажуна! Архіепіскап, не болей і не меней! Што спатрэбілася каталіцкаму архіепіскапу ад нас з Людвігам, старых лютэран?

— Місіс Мюлер? — папытаўся ён з усмешкаю, гледзячы на яе зверху ўніз сінімі вачыма, пагляд быў добры, але нейкі абыякавы. Быццам гэты чалавек проці волі надта многа бачыў на сваім веку і даўным-даўно ўмудрыўся заглушыць у сабе здольнасць што-небудзь адчуваць.

— Ага, я Эн Мюлер.

Ральф? Ральф?! Дык гэта і ёсць Ральф?!

— Я яе даўні сябар. Скажыце, ці нельга мне яе ўбачыць?

— Бачыце, архіепіскап... — не, так не гавораць, да архіепіскапа трэба звяртацца «ваша праасвяшчэнства», як Джо Касцільёне, — я ведаю, у звычайных абставінах Мэгі была б вельмі радая вас бачыць, але цяпер у яе роды, і роды вельмі цяжкія.

I тут Эн убачыла, што гэты чалавек не змог да канца заглушыць у сабе здольнасці адчуваць, а толькі сілаю розуму загнаў яе ў самы далёкі куток свядомасці, быццам збітага сабаку. Вочы ў яго былі сінія-сінія, Эн зусім патанула ў іх, а на дне ўбачыла такое... і з неўразуменнем папыталася ў сябе — што Мэгі гэтаму архіепіскапу і што ён Мэгі?

— Я ведаў, ведаў, што нешта з ёю здарылася! Даўно гэта адчуваў, а апошнім часам трывожыўся без памяці. Я павінен быў прыехаць, убачыць на свае вочы. Калі ласка, дазвольце мне зірнуць на яе! Хоць бы таму, што я свяшчэннік.

Эн зусім і не думала яму не дазваляць.

— Хадземце, ваша праасвяшчэнства. Сюды, калі ласка.

I яна паволі зачыкільгала, апіраючыся на мыліцы, a думкі абганялі адна адну: ці чыста ў хаце, ці прыбрана? Ці выцерла я сёння пыл? He забыліся мы выкінуць пратухлую барановую нагу, раптам ад яе ўсё прапахла? Трэба ж было такому важнаму госцю з’явіцца ў самы нязручны час! Людвіг, мяла няшчаснае, хоць бы ты злез нарэшце з трактара і прыйшоў дахаты! Па цябе сто гадоў назад паслалі!

Госць прайшоў міма доктара Сміта і акушэркі, быццам іх тут і не было, апусціўся на калені каля пасцелі, узяў хворую за руку.

— Мэгі!

Цераз сілу яна выплыла са страшнага сну, куды акунулася, быццам у вір, ужо да ўсяго абыякавая, і ўбачыла зусім блізка любы твар, густыя чорныя валасы, у якіх цяпер двума белымі крыламі свяцілася сівізна, і далікатны арыстакратычны твар, на якім трошкі болей стала маршчын і — што, здавалася, немагчыма — яшчэ болей цярпення, і сінія вочы зазірнулі ёй у вочы з бясконцаю любоўю і пяшчотаю. Як магла яна падумаць, быццам Люк на яго падобны? Другога такога няма на свеце і не будзе, а яна здрадзіла свайму пачуццю да яго. Люк — адбітак у цёмным шкле, а Ральф асляпляльны, быццам сонца, і, быццам сонца, недасягальны. Якое шчасце бачыць яго!

— Памажы мне, Ральф, — сказала яна.

Ён палка пацалаваў яе руку, потым прытуліў да свае шчакі.

— Я заўсёды гатовы табе памагчы, мая Мэгі, ты ж ведаеш.

— Памаліся за мяне і за маленькага. Толькі ты можаш мяне выратаваць. Ты бліжэй за нас да бога. Мы нікому не патрэбныя, мы ніколі нікому не былі патрэбныя, нават табе.