Выбрать главу

На гэтым двухспальным ложку яна здавалася такою маленькаю, такою худзенькаю, што архіепіскапу Ральфу давялося схаваць у далёкі куток памяці яшчэ і гэты боль — пазней трэба будзе дастаць яго на святло, і абдумаць, і сцярпець. Мэгі, бедная мая, спакутаваная, пацярпелая крушэнне Мэгі... я заўсёды буду цябе любіць, але я не магу даць табе таго, што даў, хоць і проці свае волі, Люк О’Ніл.

А прычына ўсяго — крыклівы камячок мяса — ляжала ў плеценай калысцы каля дальняй сцяны і ведаць не ведала тых, што абступілі яе і разглядвалі. Дзяўчынка сярдзіта крычала, крычала безупынку. Нарэшце сядзелка падняла яе разам з калыскаю і занесла ў пакой, які з гэтага часу стаў дзіцячы.

— Што-што, а лёгкія ў яе здаровыя, — сказаў архіепіскап Ральф, сеў з краю на ложку і ўзяў бяскроўную руку Мэгі ў свае.

— Па-мойму, жыццё ёй не вельмі спадабалася, — усміхнулася ў адказ Мэгі. Ён так пастарэў! Як і раней, моцны і стройны, але як быццам пражыў сто гадоў. Мэгі павярнула галаву да Эн і Людвіга, падала ім вольную руку. — Мілыя, добрыя мае сябры! Што б я рабіла без вас? А ад Люка няма весткі?

— Прыйшла тэлеграма, ён вельмі заняты, прыехаць не можа, але шле вам найлепшыя пажаданні.

— Гэта велікадушна з яго боку, — сказала Мэгі.

Эн хуценька нахілілася, пацалавала яе ў шчаку.

— Мы пойдзем, дарагая, не будзем вам замінаць. У вас з архіепіскапам напэўна ж ёсць пра што пагаварыць. — Эн абаперлася на мужаву руку, пальцам кіўнула сядзелцы: тая здзіўлена разглядвала свяшчэнніка, быццам вачам сваім не верыла. — Хадземце, Нэці, выпіце з намі чаю. Калі вы спатрэбіцеся Мэгі, яго праасвяшчэнства вас пакліча.

— Як жа ты назавеш сваю крыксу дачку? — папытаўся архіепіскап, калі дзверы зачыніліся і яны з Мэгі засталіся ўдваіх.

— Джасціна.

— Вельмі добрае імя, але чаму ты яго выбрала?

— Вычытала недзе, і мне спадабалася.

— Яна — нежаданае дзіця, Мэгі?

Мэгі страшна змарнела, на схуднелым твары засталіся, здаецца, адны вочы; гэтыя вочы, лагодныя, затуманеныя, ціха свяціліся, у іх не было нянавісці, але не было і любові.

— Мусіць, жаданае. Праўда, жаданае. Я столькі хітравала, каб мець яе. Але пакуль я яе насіла, толькі і адчувала: я ёй нежаданая. Мне здаецца, яна ніколі не будзе маім дзіцем або Люкаваю дачкою, яна будзе нічыя. Мне здаецца, яна заўсёды будзе сама па сабе.

— Мне пара, Мэгі, — нямоцна сказаў Ральф.

Яе вочы холадна бліснулі, губы скрывіла нядобрая грымаса.

— Так я і ведала! Дзіва, як мужчыны заўсёды спяшаюцца ўцячы ад мяне і схавацца ў шчыліну!

Ён зморшчыўся.

— He трэба гэтак злосна, Мэгі. Мне цяжка паехаць і помніць цябе такую. Некалі, што б з табою ні здарылася, ты заўсёды заставалася мілая і пяшчотная, і гэта было мне ў табе за ўсё даражэй. He здраджвай сабе, няхай усё, што здарылася, не робіць жорсткаю цябе. Я разумею, напэўна, гэта страшна, што Люк такі няўважлівы, нават не прыехаў, але не здраджвай сабе. Тады б ты перастала быць маёю Мэгі.

Але яна ўсё глядзела на яго ледзь не з нянавісцю.

— Ат, перастаньце, Ральф! Зусім я не ваша Мэгі і ніколі ваша не была. Вы мяне не хацелі, гэта вы штурхнулі мяне да яго, да Люка. Што я, па-вашаму, святая? Ці, можа, манашка? Нічога падобнага! Я самая звычайная жанчына, і вы сапсавалі мне жыццё! Колькі гадоў я вас любіла, і ніхто болей не быў мне патрэбен, і А вас чакала... я з усяе сілы старалася вас забыць, а потым выйшла за яго замуж, таму што мне здалося — ён трошкі падобны на вас, а ён зусім мяне не хоча, і я яму не патрэбная. Няўжо гэта такія непамерныя патрабаванні да мужчыны — калі хочаш быць яму патрэбнаю і жаданаю?

Яна ўсхліпнула, але адразу авалодала сабою; першы раз ён заўважыў на яе твары пакутніцкія маршчынкі і зразумеў — іх не згладзіць ні адпачынак, ні вернутае здароўе.

— Люк неблагі чалавек і нават не без прывабнасці, — казала зноў Мэгі. — Мужчына як мужчына. Усе вы аднолькавыя, гэтакія вялізныя валасатыя матылькі, з усяе сілы рвяцеся на які-небудзь нікчэмны агеньчык, б’яцеся аб празрыстае шкло і ніяк яго не разгледзіце. А калі ўжо ўхітрыцеся пралезці праз шкло, дык лезеце проста ў агонь і згараеце, і канец. А побач жа цень і халадок, ёсць і яда, і любоў, і можна завесці новых маленькіх матылькоў. Але хіба вы гэта бачыце, хіба вы гэтага хочаце? Нічога падобнага! Вас зноў цягне да агню, і вы б’яцеся, б’яцеся да непрытомнасці, пакуль не згарыце!

Ён не ведаў, што сказаць, яна раптам павярнулася да яго новым, раней невядомым бокам. Было гэта ў ёй заўсёды ці паявілася ад таго, што яна спакутавалася, няшчасная, кінутая? Мэгі — і раптам гаворыць такое? Ён амаль і не чуў яе слоў, яго ашаламіла, што яна можа так гаварыць, і таму ён не зразумеў, што гэта крычыць у ёй адзінота і разуменне віны.

— А помніш, у той вечар, калі я выязджаў з Драгеды, ты падарыла мне ружу? — папытаўся ён з пяшчотаю.

— А як жа, помню.

Голас яе прагучаў вяла, гнеўны агонь патух у вачах. Цяпер яна глядзела як чалавек, які ўжо ні на што не спадзяецца, вачыма, якія нічога не гавораць, шклянымі, як вочы ў яе маці.

— Гэтая ружа і цяпер са мною, у маім трэбніку. I кожны раз, калі я бачу ружу такога колеру, я думаю пра цябе. Я люблю цябе, Мэгі. Ты — мая ружа, твой прыгожы чалавечы вобраз і думка пра цябе са мною.

I зноў апусціліся куткі яе вуснаў, а вочы ўспыхнулі гнеўна, амаль нянавісцю.

— Вобраз, думка! Ча-ла-вечы вобраз і думка! Вось іменна, толькі гэта я вам і значу! Вы проста рамантык, неразумны летуценнік, вось хто вы, Ральф дэ Брыкасар! Вы зусім нічога не разумееце ў жыцці, вы ніколечкі не лепшы за гэтага самага матылька! Таму вы і сталі свяшчэннікам! Калі б вы былі звычайным чалавекам, вы не ўмелі б жыць звычайным жыццём, вось як Люк не ўмее, хоць ён-то звычайны! Кажаце — любіце мяне, а самі ані не разумееце, што значыць любіць, проста паўтараеце завучаныя словы, таму што думаеце — гэта прыгожа гучыць! Дадумацца не магу, чаму вы, мужчыны, яшчэ не ўхітрыліся зусім збавіцца ад нас, жанчын? Вам жа без нас было б куды лепей, праўда? Вам трэба было б вынайсці спосаб жаніцца аднаму з адным, вось тады б вы ўпіваліся шчасцем!

— He гавары так, Мэгі! Прашу цябе, не трэба!

— Ідзіце ад мяне! Бачыць вас не хачу! I вы сёе-тое забыліся пра вашы дарагія ружы, Ральф, у іх ёсць яшчэ вострыя, калючыя шыпулі!

Ён выйшаў не аглядваючыся.

На тэлеграму з паведамленнем, што ён стаў бацькам і можа ганарыцца дачкою па імені Джасціна, якая важыць пяць фунтаў, Люк нават не патурбаваўся адказаць.

Мэгі паволі ачуньвала, стала прыбаўляць вагі і дачка. Можа, калі б Мэгі карміла сама, яна мадней ядналася б з гэтым худзенькім капрызным стварэннем, але ў пышных грудзях, да якіх з асалодаю туліўся Люк, не аказалася ні кроплі малака. Вось такая насмешка лёсу, а зрэшты, гэта справядліва, думала Мэгі. Яна сумленна, як і трэба, спавівала і карміла з бутэлечкі маленечкае стварэнне з чырвонаю мордачкаю і агніста-рыжым пухам на галаве і ўсё чакала, што ўсярэдзіне скалыхнецца нейкая дзівосная, усёпаглынальная пяшчота. Але нічога такога не адбылося; ані не было жадання асыпаць гэту маленечкую мордачку пацалункамі, ціхенька кусаць маленькія пальчыкі, бясконца дурэць, так, як любяць дурэць мамы са сваімі дзеткамі. He было адчування, што гэта — яе дзіця, і яно таксама мала гарнулася да яе, гэтаксама мала мела ў ёй патрэбы, як і яна ў ім. Яно, яно! Мэгі нават не ўспамінала, што пра дачку трэба гаварыць — яна.

Людвіг з Эн і падумаць не маглі, што Мэгі зусім не любіць свае Джасціны і прывязана да яе куды меней, чым была прывязана да ўсіх сваіх меншых брацікаў. Варта Джасціне заплакаць — і Мэгі ўжо тут як тут, бярэ на рукі, шчабеча над ёю, закалыхвае, малая заўсёды чысценькая, дагледжаная. Дзіўна толькі, што яна нібыта зусім не хоча, каб яе бралі на рукі і шчабяталі над ёю, і намнога хутчэй заціхае, калі яе не чапаюць.

Патроху яна прыгажэла. Скура ўжо не чырвоная, а белая, празрыстая, як часта бывае ў рыжых, і праз яе прасвечваюцца блакітныя жылкі, маленькія ручкі і ножкі цяпер па-дзіцячы пухнатыя. Валасы пагусцелі, пакучаравелі і назаўсёды набылі тую самую крыклівую яркую афарбоўку, што і ў яе дзеда Пэдзі. Усе нецярпліва чакалі, якога колеру будуць у дзяўчынкі вочы. Людвіг казаў, што сінія — як у бацькі, Эн — што шэрыя — як у маці, а Мэгі нічога не гадала, проста чакала. Але аказалася, вочы ў Джасціны нейкія незвычайныя, ні на чые ані не падобныя і, напэўна, страшнаватыя. Калі дзяўчынцы мінула паўтара месяца, яны сталі траціць дзіцячы малочны блакіт, а на трэці месяц канчаткова вызначыліся і разрэз іх, і колер. Незвычайныя, дзіўныя вочы. Па краі радужнай абалонкі вельмі цёмны шэры абадок, а сама яна такая светлая, што нават не разабраць, шэрая ці блакітная, правільней за ўсё сказаць — цёмна-белая. Нейкія дзіўныя, нечалавечыя вочы, ад іх нельга адарвацца, ажно на душы трывожна, а глядзяць нібыта не бачачы; але з часам стала зразумела, што бачыць Джасціна выдатна.