Выбрать главу

Хоць доктар Сміт і не гаварыў пра гэта, яго вельмі трывожыла, што дзяўчынка нарадзілася ненатуральна вялікагаловая, і першыя паўгода ён пільна сачыў за яе развіццём; асабліва растрывожылі яго гэтыя дзіўныя вочы: ці няма ў яе, як ён усё яшчэ называў гэта па даўняй звычцы, галоўнае вадзянкі (у падручніках медыцыны такіх дзяцей называюць гідрацэфаламі). Але не, мозг у Джасціны, мяркуючы па ўсім, зусім нармальны і працуе як трэба; проста галава велікаватая, але дзяўчынка расце, выраўноўваецца, і галава ўжо не здаецца такою занадта вялікаю.

Люк усё не паяўляўся. Мэгі некалькі разоў яму пісала, але ён не адказваў і ні разу не прыехаў паглядзець на сваё дзіця. Мэгі гэта нават і цешыла: яна проста не ведала б, што яму сказаць, і моцна сумнявалася, каб гэтае дзіўнае стварэнне — іх дачка — выклікала ў яго захапленне. Калі б нарадзіўся ў іх вялікі, дужы хлопчык, Люк, можа, адтаў бы, але Мэгі невыказна радавалася, што Джасціна не хлопчык. Вось ён, жывы доказ, што вельмі добры Люк О’Ніл зусім не дасканаласць: быў бы ён сапраўдным мужчынам, ад яго канешне нараджаліся б толькі сыны!

Дачка пачувалася намнога лепей, чым Мэгі, хутчэй папраўлялася пасля вялікага выпрабавання — паяўлення на свет. У чатыры месяцы яна ўжо не так многа плакала і, лежачы ў калысцы, сама забаўлялася: хапала і тузала яркія рознакаляровыя шарыкі, што віселі перад ёю. Але яна ніколі нікому не ўсміхалася, не бачылі ў яе нават несвядомай «страўнікавай» усмешкі, уласцівай усім маленькім дзецям.

У кастрычніку пачалася макрэча, надышоў час дажджоў — нельга было трываць такую слоту. Вільготнасць паветра дайшла да ста працэнтаў і ўжо не меншала; штодзень гадзінамі ліло як з вядра, ручаі вады хлынулі на Хімельхох, чырвоная глеба зусім раскісла, цукровы трыснёг размок, шырокая і глыбокая рака Данглаў успучылася, але з берагоў выйсці не паспела — яна вельмі кароткая, воды яе надта хутка ўліваюцца ў мора. Джасціна ляжала ў калысцы і дзіўнымі сваімі вачыма азірала свет, а Мэгі сядзела і тупа глядзела, як за суцэльнаю сцяною дажджу знікае і зноў паяўляецца гара Бартл-Фрыр.

Вызірне сонца — і зямля пачынае курыцца трапяткімі струменьчыкамі пары, у мокрых сцяблінах трыснягу іскрацца вільготныя алмазы, рэчка становіцца вялізазнаю залатою гадзюкаю. I ў небе ад краю да краю павісае бездакорна вычарчаная двайная вясёлка, такая зыркая на фоне змрочных шызых хмараў, што фарбы любое зямлі, апрача Паўночнага Квінсленда, здаліся б цьмянымі і нікчэмнымі. Але Паўночны Квінсленд ані не цямнее нават перад гэтым чароўным ззяннем, і Мэгі здаецца — цяпер яна разумее, чаму такая бясколерная шэра-бурая Джыланбаўнская раўніна: Паўночны Квінсленд прысвоіў і яе долю яркіх фарбаў.

Аднойчы ў пачатку снежня Эн выйшла на веранду, села побач з Мэгі, уважліва на яе паглядзела. Такая ж яна худая, патухлая! Нават прыгожыя залатыя валасы — і тыя страцілі колішні бляск.

— He ведаю, Мэгі, можа, я няправільна зрабіла, але зрабіла, і вы не кажыце «не», спачатку выслухайце мяне.

Мэгі адвяла вочы ад вясёлкі, усміхнулася.

— Так урачыста гэта гучыць, Эн! Што ж я павінна выслухаць?

— Мы з Людвігам вельмі за вас непакоімся. Вы кепска папраўляліся пасля родаў, а цяпер, калі пачаліся дажджы, выгляд у вас яшчэ горшы. Кепска ясце, худзееце. Я заўсёды думала, што тутэйшы клімат вам не падыходзіць, але, пакуль не прыбавілася клопату, вы сяк-так спраўляліся. А цяпер, мы абое лічым, са здароўем у вас блага, і калі так і пакінуць, вы захварэеце сур’ёзна.

Эн перавяла дух.

— Ну і вось, два тыдні назад я напісала адной прыяцельцы ў бюро абслугі турыстаў, і мы наладзілі вам канікулы. I не гаварыце пра выдаткі, ні Люкава кішэня, ні наша ад гэтага не будуць мець страты. Архіепіскап прыслаў вам вельмі вялікі чэк, і ваш брат таксама прыслаў грошай вам і маленькай, гэта ад усіх вашых у Драгедзе, і, мне здаецца, брат хоча, каб вы прыехалі дадому пагасцяваць. Мы з Людвігам усё гэта абмеркавалі і вырашылі, што самае разумнае — патраціць частку гэтых грошай на добрыя вам канікулы. Па-мойму, паехаць вам дадому ў Драгеду — не найлепшы адпачынак. Мы з Людвігам перакананыя, вам цяпер сама лепей пабыць адной і сабрацца з думкамі. Каб ніхто не замінаў — ні Джасціна, ні мы, ні Люк, ні Драгеда. Вы калі-небудзь заставаліся адна, на свабодзе, Мэгі? Даўно пара.

Дык вось, мы нанялі вам на два месяцы дамок на востраве Матлак, з пачатку студзеня да пачатку сакавіка. Мы з Людвігам паняньчым Джасціну. Вы ж ведаеце, нічога благога з ёю не здарыцца, а калі ўжо паявіцца самая маленькая прычына для трывогі, клянуся вам, мы адразу вам паведамім, з Матлакам ёсць тэлефонная сувязь, і вы вернецеся назад.

Двайная вясёлка знікла, сонца таксама схавалася, зноў збіраўся дождж.

— Эн, каб не вы і не Людвіг, за гэтыя тры гады я звар’яцела б. Вы і самі гэта ведаеце. Іншы раз прачнуся ўночы і думаю — што б са мною стала, калі б Люк уладкаваў мяне не да такіх добрых людзей. Вы заўсёды пра мяне клапаціліся намнога болей, чым Люк.

— Глупства! Калі б Люк уладкаваў вас да нядобрых людзей, вы б вярнуліся назад у сваю Драгеду — і хто ведае, можа, гэта было б і лепей.

— He. З Люкам у мяне выйшла няскладна, але так намнога лепей — што я засталася і ва ўсім разабралася.

Па плантацыі паволі набліжаўся дождж — і ўжо пацямнелы без сонца трыснёг схаваўся з вачэй, быццам адрэзаны вялізазным шэрым нажом.

— Вы праўду кажаце, мне нездаровіцца, — сказала Мэгі. — Я нездаровая з таго самага часу, як зачала Джасціна. Я ўвесь час старалася сабрацца з сілаю, але, мусіць, даходзіш да нейкае мяжы — і цябе ўжо на гэта не хапае. Ох, Эн, я так стамілася і ўжо ні на што не спадзяюся! Я і маці кепская, а гэта ж мой абавязак перад Джасцінаю. Яна не па сваёй волі нарадзілася на свет, гэта я вінаватая. А галоўнае, я ні на што не спадзяюся, таму што Люк ніяк не дае мне зрабіць яго шчаслівым. У нас быў бы дом, утульнасць, але ён не хоча жыць са мною пад адною страхою, не хоча, каб у нас былі дзеці. Я яго не люблю, ніколі я яго не любіла, як трэба любіць, калі выходзіш замуж, можа быць, ён з першае хвіліны гэта адчуў. Можа, калі б я яго любіла, ён бы паводзіўся іначай. Як жа мне яго вінаваціць. Напэўна, я адна ва ўсім вінаватая.

— А любіце вы архіепіскапа?

— Люблю, яшчэ дзяўчынкаю палюбіла. Я нядобра з ім абышлася, калі ён гэтым разам прыехаў. Бедны Ральф! Я не мела права так з ім гаварыць, ён жа на гэта мяне не падбіваў. Спадзяюся, ён усё-такі зразумеў, што мне гэты раз было вельмі блага, я змучылася, я была такая няшчасная. Толькі пра адно і думала, што павінна была нарадзіць дзіця ад яго, а гэта немагчыма і ніколі гэтага не будзе. Так несправядліва! У пратэстантаў свяшчэннікі жэняцца, а католікам чаму нельга? I не ўгаворвайце мяне, што каталіцкія свяшчэннікі болей клапоцяцца пра сваіх парафіян, усё роўна не паверу. Бачыла я і бессардэчных патэраў і найдабрэйшых пастыраў. А вось праз гэты зарок бясшлюбнасці мне давялося паехаць ад Ральфа, звязаць сваё жыццё з другім, ад другога нарадзіць дзіця. I ведаеце, што я вам скажу, Эн? Гэта такі самы цяжкі грэх, як калі б Ральф парушыў свой зарок цноты, a то і горшы. Па законах каталіцкае царквы выходзіць, быццам мне грэшна любіць Ральфа, а яму грэшна любіць мяне — дараваць ёй гэтага не магу!

— Паедзьце, Мэгі. Адпачывайце, ешце, спіце і перастаньце мучыць сябе. Можа, калі вернецеся, вы зможаце ўгаварыць Люка ўзяць і купіць гэту самую ферму. Я ведаю, вы яго не любіце, але, можа, калі ён дасць вам хоць маленечкую магчымасць, вы яшчэ станеце з ім шчаслівыя.

Шэрыя вочы Мэгі здаваліся таго самага колеру, што і суцэльная сцяна дажджу вакол дома; абедзвюм даводзілася амаль крычаць, так грукатаў ён па бляшаным даху.