Выбрать главу

З шалёнаю хуткасцю, што зусім натуральна, калі машына адна-адзіная на ўвесь востраў, яны пранесліся, напэўна, міляў чатыры па вузкай дарозе, усланай раструшчаным каралам, які — храбусціць пад коламі, сярод пальмаў і густога кустоўя, уздоўж крутога горнага адхону, і перавалілі цераз хрыбет вострава.

— Так прыгожа! — вырвалася ў Мэгі.

Выехалі на другую дарогу, яна плаўна паўтарала ўсе выгіны пясчанага берага, што паўмесяцам акружаў неглыбокую лагуну. Удалечыні, там, дзе хвалі акіяна разбіваліся аб краі рыфа, зноў асляпляльна зіхцелі карункі белай пены, але воды, ахопленыя каралаваю рамаю, былі ціхія і спакойныя, быццам сярэбранае люстэрка з ледзь прыкметным бронзавым водбліскам.

— Востраў наш у даўжыню восем міляў, упоперак — чатыры, — растлумачыў Мэгі праважаты. Яны праехалі міма нязграбнага, распоўзлага ў шырыню белага дома з вялізазнаю верандаю і вокнамі нібыта вітрыны. — Універсальны магазін, — з гаспадарскім гонарам павёў рукою Роб Уолтэр. — Тут я жыву са сваёю кабетаю, і, скажу я вам, яна не вельмі радая, што да нас прыязджае жанчына адна, без мужа. Баіцца, раптам мяне звядуць з дарогі правільнай, вунь як. Дзякуй, у бюро сказалі, вам патрэбен адпачынак і поўны спакой, і я вам выдзеліў самы далёкі наш домік, так што гаспадыня мая таксама трошкі супакоілася. У тым баку, дзе вы, болей няма ні душы; цяпер у нас адпачывае толькі адна пара, але яны ў другім баку. Можаце хоць галяком разгульваць, ніхто вас не ўбачыць. Пакуль вы тут, гаспадыня мяне з вока не спусціць. Калі вам што трэба, званіце проста па тэлефоне, і я прынясу. Няма патрэбы самой вам хадзіць у такую даль. Дый там гаспадыня не гаспадыня, а раз на дзень, пад вечар, заўсёды вас праведаю, трэба ж ведаць, ці ўсё ў вас добра. Дык вы ўжо такім часам, калі сонца заходзіць, будзьце дома і адзетая як трэба, a то раптам гаспадыня мая нечакана паявіцца.

Домік — аднапавярховы, на тры пакоі, пры ім зусім асобны сярпок белага берага паміж двума гарыстымі выступамі, якія ўразаюцца ў мора, і далей дарогі няма. Усярэдзіне ўсё вельмі простае, але зручнае. На востраве свая электрастанцыя, так што ў распараджэнні Мэгі і маленькі халадзільнік, і электрычнае святло, і абяцаны тэлефон, і нават радыёпрыёмнік. У прыбіральню і ванну праведзена вада — выгоды болей сучасныя, чым у Драгедзе і Хімельхоху, усміхнулася сама сабе Мэгі. Адразу відаць, што прыязджаюць сюды адпачываць людзі з Сіднея і Мельбурна, яны дык прывыклі да цывілізацыі і не могуць без яе абыходзіцца.

Роб паспяшаўся назад да раўнівае «гаспадыні», а Мэгі на волі разабрала чамаданы і пільна агледзела свае ўладанні. Раскошны двухспальны ложак намнога зручнейшы, чым была яе шлюбная пасцель. I не дзіва, тут і зроблены рай маладым, значыць, прыезджым найперш патрэбна добрая пасцель; а пастаяльцы тае гасцініцы ў Данглаў звычайна вельмі п’яныя і не заўважаюць выпертых спружын. У халадзільніку і на паліцах над ім поўна ўсякае яды, на століку ў вялізным кашы — ананасы, бананы, манга і гранадзілы. Чаму б ёй і напраўду тут не есці і не спаць уволю.

Першы тыдзень Мэгі, здаецца, толькі тое і рабіла, што ела і спала; раней яна і сама не разумела, што стамілася да смерці і што клімат Данглаў адбіў у яе ўсялякую ахвоту да яды. На гэтай шыкоўнай пасцелі яна засынае, толькі апусціць галаву на падушку і спіць па дзесяць — дванаццаць гадзін засаб, а есць з такім апетытам, якога ў яе не было з часоў Драгеды. Есць, здаецца, без пярэдыху, увесь час, калі не спіць, і нават заходзячы ў ваду бярэ з сабою манга. Па праўдзе сказаць, плады манга сама разумна есці ў моры ды яшчэ ў ванне, з іх проста выцякае сок. Лагуна перад маленькім пляжыкам люстрана спакойная, ніякіх плыняў, зусім мелка. Усё — нібыта знарок дзеля Мэгі, яна ж зусім не ўмее плаваць. Але вада, вельмі салёная, быццам сама падымае яе — і яна вырашыла паспрабаваць, і надта ўсцешылася, калі ёй удалося пратрымацца на вадзе адразу цэлых дзесяць секунд. Так нібыта адчула сябе свабоднаю ад зямнога прыцягнення, такім шчасцем было б плаваць як рыба.

Мабыць, толькі таму яе і засмучала адзінота — шкада, што няма каму навучыць яе плаваць. Але ўсё-такі так добра, калі ні ад кога не залежыш! Праўду казала Эн! Колькі Мэгі сябе помніць, яна ніколі адна не заставалася ў хаце. А гэта такая палёгка, такі спакой. I яна ніколечкі не адчувае адзіноты, ніяк не сумуе без Эн і Людвіга, без Джасціны і Люка, першы раз за тры гады яна нават не тужыць па Драгедзе. Стары Роб ніколі ёй не замінае: пад’едзе перад захадам сонца, прыпыніцца воддаль на дарозе, і калі яна прыветліва махне яму з веранды — бачыце, жывая і здаровая, — паварочвае машыну і едзе дахаты, а побач сядзіць яго надзіва мілавідная «гаспадыня», панурая і грозная, быццам гатовы да стральбы кулямёт. Аднойчы Роб пазваніў Мэгі па тэлефоне; ён вязе пару другіх пастаяльцаў катацца на лодцы з зашклёным дном, ці не спакусіць і яе такая прагулянка?

Гэта было як падарожжа на іншую, незнаёмую планету — праз шкло яна зазірнула ў дзіўны, кволы, поўны жыцця свет, дзе, аблашчаныя вадою, раслі, падымаліся з дна дзівосы незвычайнай, нябачнай красы. Выявілася, жывыя каралы афарбаваны зусім не так груба і крыкліва, як сувеніры, выстаўленыя ў вітрынах магазінаў. У вадзе яны пяшчотна-ружовыя, ці шэра-блакітныя, ці колеру кавы з малаком, і вакол кожнае галінкі, кожнага бугарка трапечацца прыгожая яркая вясёлка, быццам нейкі бачны подых. Вялізныя марскія анемоны, добрых дванаццаць цаляў у папярочніку, калышуць махрамі блакітных, чырвоных, аранжавых, ліловых шчупальцаў; белыя рубчастыя ракавіны, вялікія, як камяні, растульваюць апушаныя губы, завабліваюць неасцярожных плыўцоў зазірнуць усярэдзіну, дзе спакусліва мігае нешта яркае, неспакойнае; быццам на ветры, растапырыліся ў вадзе нейкія чырвоныя карункавыя вееры; палошчуцца, калышуцца ярка-зялёныя стужкі водарасцяў. Ніхто з чатырох у лодцы не здзівіўся б, убачыўшы русалку — чаму б і не прамільгнуць шаўкавістым грудзям, хуткаму хвасту ў бліскучай лусцэ, размыўнаму воблаку валасоў, вабнай усмешцы, што зачароўвае маракоў... А рыбы! Тысячамі праносяцца яны пад празрыстым дном, быццам жывыя каштоўныя камяні — круглыя, як кітайскія ліхтарыкі, прадаўгаватыя, як куля, зіхацяць усімі фарбамі, якім вада надае незвычайную яркасць, бляск і чысціню, — адны гараць залатою і пунсоваю лускою, другія — серабрыста-блакітныя, халаднаватыя на выгляд, трэція — яркія плывучыя стужкі, пафарбаваныя страката і груба, як папугаі. Тут і марскі шчупак з носам вострым, як іголка, і тупарылая фахака, і зубастая баракуда, у каралавай пячоры цьмяна відзён марскі акунь з вялізнаю зяпаю, які затаіўся ў засадзе, а адзін раз пад лодкаю павольна, нячутным гнуткім ценем праплыла вялізазная шэрая акула.

— Вы не палохайцеся, — сказаў Роб. — Якія небяспечныя, тыя так далёка на поўдзень не заплываюць, у нас на Рыфе толькі адзін забойца і ёсць — скарпена. Так што па каралах босыя не хадзіце.

Дзіва што, Мэгі радавалася, што паехала. Але зусім не прагнула яшчэ раз выправіцца на такую прагулянку ці заводзіць дружбу з параю, з якою вазіў яе на лодцы Роб.

Купалася, гуляла, грэлася на сонейку. Дзіва, яна не сумавала нават па кнігах, чытаць не хацелася — навокал і без таго нямала цікавага, ёсць на што паглядзець.

Яна ўспомніла параду Роба і стала абыходзіцца без сукенкі. I на першым часе яна асцерагалася, быццам трусік, які ў кожным подыху ветрыку чуе пах дынга: трэсне сучок, грукнецца аб зямлю какосавы арэх з высокае пальмы — і яна кідаецца ў сховішча. Але прайшло некалькі дзён непарушнае адзіноты, і Мэгі супакоілася — праўда, ніхто блізка не падыдзе. Уолтэр не ашукаў, гэты куток належыць ёй адной. I яна забылася на ўсякую баязлівасць. Блукала па сцежках, ляжала на пяску, плюхалася ў цёплай салёнай вадзе і адчувала сябе звярком, які нарадзіўся і вырас у клетцы і раптам апынуўся на волі ў ціхім, сонечным, прасторным і прыветлівым свеце.

Далёка ад мацеры, ад братоў і Люка, ад усяго таго, што бяздумна і без жалю распараджалася яе жыццём, Мэгі зрабіла адкрыццё — ёсць на свеце забава, свабода, бяздзейнасць; і быццам у калейдаскопе, у яе свядомасці сталі складвацца, мяняючы адна адну, зусім новыя думкі і ўяўленні. Першы раз розум яе паглынуты быў не толькі працаю. I яна са здзіўленнем зразумела, што няспынная чыста фізічная праца — самая моцная перашкода, якую здольныя паставіць людзі, каб не даць сабе папраўдзе думаць.