Выбрать главу

— Вось гэта праўда, Эн, іменна блюзнерства. He, я буду любіць Ральфава дзіця не блюзнерскаю любоўю, а найчысцейшаю, як сама багародзіца.

Карыя вочы Эн глядзелі з глыбокім смуткам.

— Але ці такая чыстая была яе любоў? Хіба той, каго яна любіла, не загінуў у росквіце гадоў?

Мэгі паклала дачку ў калыску.

— Чаму быць, таго не абмінуць. Ральфа мець я не магу, а яго дзіця ў мяне будзе. У мяне такое адчуванне... быццам мне нарэшце ёсць дзеля чаго жыць! Вось што было горай за ўсё ў гэтыя тры з палавінаю гады, Эн: я ўжо думала, навошта жыць. — Мэгі коратка, рашуча ўсміхнулася. — Я хачу ўсяляк абараніць і зберагчы гэтае дзіця, любою цаною. I найперш трэба, каб нікому, нават Люку, і ў сне не снілася, быццам малы не мае права на адзінае імя, якое я яму магу даць. Легчы ў пасцель з Люкам — мяне ад аднае думкі ванітуе, але я гэта зраблю. Я і з д’яблам легла б, калі б гэта памагло малому жыць. А потым я вярнуся дадому, у Драгеду, і, спадзяюся, ніколі болей Люка не ўбачу. — Яна адышла ад калыскі. Вы з Людвігам будзеце нас праведваць, праўда? У Драгедзе заўсёды знойдзецца месца гасцям.

— Будзем праведваць раз на год, кожны год, пакуль вам не надакучыць! Мы з Людвігам хочам бачыць, як расце Джасціна.

Толькі думка пра Ральфава дзіця падтрымлівала мужнасць Мэгі, якая згасала, і мілі да Інгема ў дрогкім і хісткім вагончыку здаліся ёй несканчона доўгімі. Калі б не тое, што ў ёй спее новае жыццё, яшчэ раз легчы ў пасцель з Люкам было б смяротным грэхам проці самое сябе; але дзеля Ральфавага дзіцяці яна і праўда прадала б душу д’яблу.

Зразумела, што і чыста практычна гэта будзе не проста. Але яна старанна ўсё прадумала і прадугледзела — і, як ні дзіўна, ёй памог Людвіг. Ад яго рэдка ўдавалася што-небудзь утаіць, надта ён быў праніклівы, дый Эн ва ўсім яму давяралася. Ён з сумам глядзеў на Мэгі, круціў галавою і кожны раз даваў разумную добрую параду. Пра сапраўдную мэту яе паездкі не ўпаміналася, але, як кожны, хто прачытаў на сваім вяку нямала салідных тамоў, Людвіг Мюлер быў чалавек кемлівы.

— Зусім няма патрэбы гаварыць Люку, што вы яго пакідаеце, калі ён будзе стомлены, знясілены пасля працы, — мякка падказваў ён. — У добрым настроі ён будзе падатлівейшы, праўда? Сама лепей — пабачцеся з ім у суботу вечарам ці ў нядзелю пасля таго, як пройдзе яго тыдзень на кухні. Есць чуткі, на ўсіх плантацыях не знайсці другога такога кухара, як Люк. Ён навучыўся кухарыць, яшчэ калі быў падручным у арцелі стрыгалёў, а стрыгалі народ куды болей разборлівы ў ядзе, чым секары трыснягу. Так што, разумееце, пасля кухарання ён у настроі. Яму такі занятак, напэўна, як адпачынак. I тут марудзіць не трэба, Мэгі. Застанеце яго пасля тыдня на арцельнай кухні задаволенага, вясёлага і адразу выкладвайце свае навіны.

Апошнім часам Мэгі здавалася, што яна зусім ужо развучылася чырванець; яна сустрэла Людвігаў пагляд і ніколечкі не паружавела.

— Людвіг, а вы не можаце дазнацца, якога тыдня ён на кухні? Ці мне самой можна неяк разведаць?

— Малайчына дзяўчынка! — сказаў ён весела. — Нічога, у мяне ёсць свае крыніцы. Я разведаю.

У суботу ўдзень Мэгі ўзяла нумар у інгемскай гасцініцы, якая ёй найболей прыглянулася. Трэба аддаць справядлівасць Паўночнаму Квінсленду — там у кожным горадзе на кожным рагу па гасцініцы. Мэгі пакінула свой невялікі чамадан у нумары і зноў выйшла ў непрыглядны вестыбюль да тэлефона. У Інгем якраз прыехала на чарговую таварыскую сустрэчу нейкая футбольная каманда, і ў калідорах поўна было напалавіну голых п’яных хлопцаў — яны віталі Мэгі радаснымі крыкамі і плескачамі па спіне і трохі ніжэй. Калі ёй усё-такі ўдалося дабрацца да тэлефона, яе калаціла ад страху; мусіць, уся гэтая задума ад пачатку і да канца будзе катаваннем. Але, нягледзячы на шум і крык і п’яныя морды навокал, яна ўсё ж ухітрылася дазваніцца да фермы нейкага Браўна, дзе працавала цяпер Люкава арцель, і папрасіла перадаць О’Нілу, што яго жонка ў Інгеме і хоча з ім пабачыцца. Гаспадар гасцініцы заўважыў, што яна моцна перапалоханая, правёў яе назад да нумара і пайшоў, толькі пачуўшы, як яна замкнулася на ключ.

А Мэгі ўздыхнула з палёгкаю і прыхінулася да дзвярэй, ногі яе не трымалі; у рэстаран яна ўжо не пойдзе, хоць бы давялося галоднай сядзець да самага вяртання ў Данглаў. Дзякуй яму, гаспадар пасяліў яе ў нумары побач з жаночым пакоем, туды, калі трэба, яна дабярэцца. Нарэшце ногі сталі як быццам не такія вялыя, Мэгі хістаючыся даклыгала да ложка, села і, апусціўшы галаву, глядзела на свае рукі, якія моцна калаціліся.

Усю дарогу да Інгема яна ў думках шукала найлепшага спосабу дзеянняў, і ўнутраны голас крычаў — хутчэй, хутчэй! Раней ёй ніколі не даводзілася чытаць пра распусту і спакусніц, першы раз такія кнігі трапіліся ёй у Хімельхоху, аднак і цяпер, узброеная сякімі-такімі ведамі, яна не вельмі верыла, што зможа і сама зрабіць гэта. Але калі трэба — значыць, трэба, бо як толькі яна загаворыць з Люкам, усяму канец. Язык свярбіць выказаць яму ўсё, што яна пра яго думае. Але яшчэ мацней пячэ нецярпенне вярнуцца ў Драгеду і ведаць, што Ральфаваму дзіцяці ўжо нічога не пагражае.

Нягледзячы на спякоту і духату яе ахапілі дрыжыкі, але яна раздзелася і легла, заплюшчыла вочы і прымусіла сябе думаць толькі пра адно: Ральфаваму дзіцяці нішто не павінна пагражаць.

Люк прыйшоў у гасцініцу адзін, было каля дзесяці вечара, і футбалісты ніколечкі яму не перашкодзілі — амаль усе паспелі ў дым напіцца, а тыя, што яшчэ не зваліліся, ужо нічога не бачылі і не заўважалі, апрача сваіх піўных куфляў.

Людвіг не памыліўся, за тыдзень на кухні Люк няблага адпачыў, быў лагодны і рады павесяліцца. Калі Браўнаў сынок прыбег у барак і сказаў пра званок Мэгі, Люк якраз дамываў талеркі пасля вячэры і збіраўся з’ездзіць на веласіпедзе ў Інгем на звычайную суботнюю выпіўку ў кампаніі Арнэ і іншых секараў. Жончын прыезд аказаўся прыемнаю разнастайнасцю: пасля таго месяца ў Этэртане, як ні вымотвала праца на плантацыях, Люка часам цягнула да Мэгі. Толькі страх, што яна зноў пачне патрабаваць «кідай трыснёг, пара прыдбаць свой куток», перашкаджаў яму зазірнуць у Хімельхох кожны раз, калі ён быў паблізу. Але цяпер яна сама да яго прыехала — і ён зусім не супраць прабавіць з ёю ноч у пасцелі. Дык вось, ён паспяшаўся перамыць посуд, і, на шчасце, давялося круціць педалі ўсяго з паўмілі, далей падвёз спадарожны грузавік. Але пакуль ён ішоў з веласіпедам тры кварталы да гасцініцы, радасць чакання астыла. Усе аптэкі ўжо зачыненыя, a «французскіх гасцінчыкаў» у яго няма. Ён пастаяў перад вітрынаю, поўнаю старога, размяклага ад гарачыні шакаладу і дохлых мух, і паціснуў плячамі. Нічога не зробіш, рызыкнём. Наперадзе толькі адна ноч, а калі будзе дзіця, дык, можа, гэтым разам болей пашанцуе і народзіцца хлопчык.

Пачуўшы стук у дзверы, Мэгі перапалохана ўскочыла, басанож падышла да дзвярэй.

— Хто там?

— Люк, — адазваўся голас.

Яна адамкнула, прачыніла дзверы і схавалася за імі, калі Люк расчыніў іх насцеж. I, толькі ён увайшоў, замкнула дзверы і прыпынілася, гледзячы на яго. А Люк глядзеў на яе: пасля нараджэння дзіцяці грудзі ў яе сталі паўнейшыя, круглейшыя, спакуслівейшыя, і саскі ўжо не ружаватыя, а яркія, пунсовыя. Калі б Люка трэба было распаліць, аднаго гэтага было даволі; ён падхапіў Мэгі на рукі і занёс на пасцель.

Развіднелася, а яны яшчэ не сказалі ні слова, хоць яе дакрананне даводзіла яго да шалёных парываў, ніколі раней не зведаных. I вось яна адсунулася ад яго і ляжыць, нейкая раптам зусім чужая.

Люк з асалодаю пацягнуўся, пазяхнуў, адкашляўся. Папытаўся:

— Чаго гэта ты раптам прынеслася ў Інгем, Мэг?

Яна павярнула галаву, вялікія вочы глядзяць пагардліва.

Гэта яго ўкалола.

— Дык чаго ты прынеслася? — паўтарыў ён.

I зноў маўчанне, толькі той самы калючы пагляд, здаецца, яна проста не жадае адказваць. Даволі смешна пасля такое ночы.

Але вось яе губы задрыжалі ва ўсмешцы.

— Я прыехала сказаць табе, што вяртаюся дадому, у Драгеду.

Спярша ён не паверыў, але паглядзеў уважлівей у вочы ёй і зразумеў — праўду кажа.

— Чаму? — папытаўся ён.

— Я ж папярэджвала цябе, чым кончыцца, калі ты не возьмеш мяне ў Сідней, — сказала Мэгі.