Выбрать главу

Люк шчыра здзівіўся:

— Ды ты што, Мэг! Гэта ж было паўтара года назад, ліха на яго! Ды я ж вазіў цябе адпачываць! Месяц у Этэртане — гэта, ведаеш, каштуе нямала! Я не мільянер яшчэ і ў Сідней цябе вазіць!

— Ты два разы ездзіў у Сідней, і абодва разы без мяне, — упарта сказала Мэгі. — Першы раз я магу яшчэ зразумець, я тады чакала Джасціну, але ў гэтым годзе ў студзені, калі ліло як з вядра, мне таксама не шкодзіла б адпачыць і пагрэцца на сонейку.

— Фу, чорт!

— Ну і скнара ж ты, Люк, — ціха прадаўжала Мэгі. — Ты атрымаў ад мяне дваццаць тысяч фунтаў, гэта мае асабістыя грошы, і ўсё роўна табе шкада патраціць няшчасных некалькі фунтаў, каб звазіць мяне ў Сідней. Толькі і ведаеш што грошы! Брыдка на цябе глядзець.

— Я тваіх грошай не чапаў, — разгублена прамямліў Люк. —Яны ўсе цэлыя, ляжаць у банку, і яшчэ колькі прыбавілася.

— Што праўда, то праўда. Яны так у банку і застануцца. Ты ж і не збіраешся іх траціць, што, няпраўда? Ты на іх молішся, пакланяешся ім, як залатому цяляці. Прызнайся шчыра, Люк, ты проста жмінда. I ў дадатак безнадзейны асталоп. Падумаць толькі — абыходзіўся з жонкаю і дачкою горай, чым з сабакамі, не тое што не клапаціўся — думаць пра іх забыўся! Самазадаволены, самазакаханы, бессардэчны нягоднік, вось ты хто!

Люк увесь пабялеў, яго калаціла, ён не знаходзіў слоў: каб Мэгі так раз’юшана на яго накінулася, ды яшчэ пасля такое ночы... гэта ўсё роўна як калі б цябе насмерць уджаліў які-небудзь матылёк. Ашаломлены такімі несправядлівымі абвінавачаннямі, ён не ведаў, як ёй растлумачыць, што сумленне яго зусім чыстае. Як кожная жанчына, яна мяркуе пра ўсё павярхоўна, дзе ўжо ёй ацаніць усю веліч яго задумы.

— Ох, Мэг! — вымавіў ён нарэшце разгублена, пакорна амаль з адчаем. — Ну хіба я калі-небудзь блага з табою абыходзіўся! Нічога падобнага! Ніхто не можа сказаць, што я з табою хоць раз жорстка абышоўся. Ніхто гэтага не скажа! У цябе і яда была, і страха над галавою, ты жыла ў цяпле...

— Дзіва што! — перабіла Мэгі. — Вось гэта залатыя словы. Ніколі ў жыцці не было мне цяплей. — Яна пакруціла галавою і засмяялася. — Якая карысць з табою гаварыць? Як са сценкаю...

— I з табою тое самае!

— Думай як хочаш, — холадна сказала Мэгі, устала, нацягнула трусікі. — Я не збіраюся з табою разводзіцца, — сказала яна. — Болей я замуж не выйду. А калі табе спатрэбіцца развод, ты ведаеш, дзе мяне знайсці. Па законе вінаватая буду я, праўда? Вось гэта я табе пакідаю — ва ўсякім выпадку, так паглядзіць на справу аўстралійскі суд. Можаце ўдвух з суддзёй паплакаць адзін аднаму ў камізэльку — во якія ўсе жанчыны вераломныя і няўдзячныя.

— Я цябе не пакідаў, — заявіў Люк.

— Можаш пакінуць сабе мае дваццаць тысяч фунтаў, Люк. Але болей ты ад мяне не атрымаеш ні капейкі. На свае грошы я буду гадаваць і выхоўваць Джасціну, а можа, калі пашчасціць, і яшчэ адно дзіця.

— А, во яно што! Значыць, табе ад мяне толькі і трэба было яшчэ адно дзіця, ліха на яго? Вось, значыць, дзеля чаго ты сюды прынеслася — па такую лебядзіную песню, па апошнюю памятку ад мяне, каб было што завезці ў Драгеду! He я табе спатрэбіўся, а яшчэ адно дзіця! Я сам ніколі табе і не быў патрэбен, праўда? Для цябе я племянны бык, болей нічога! Ну і ўліп жа я!

— Амаль заўсёды так яно і ёсць, мужчыны для жанчын проста племянныя быкі, — злосна сказала Мэгі. — Ты разбудзіў ува мне ўсё самае благое, Люк, табе гэтага нават не зразумець. Можаш радавацца! За тры з палавінаю гады я табе прынесла куды болей грошай, чым твой трыснёг. Калі я нараджу яшчэ дзіця, цябе гэта не датычыць. Болей я не жадаю цябе бачыць — ніколі, да самае свае смерці.

Яна была ўжо зусім адзетая. Узяла сумачку, чамадан, у дзвярах павярнулася.

— Я дам табе адну параду, Люк. На выпадак, калі пад старасць ты болей не зможаш секчы трыснёг і раптам зноў знойдзеш сабе жанчыну. Ты ж не ўмееш цалавацца. Залішне разяўляеш рот, заглынаеш жанчыну, як удаў. Сліна — гэта яшчэ нічога, пакуль у ёй не патонеш. — Яна гідліва выцерла губы тыльным бокам рукі. — Мяне ванітуе ад цябе! Вялікі самазакаханы Люк О’Ніл, пуп зямлі! Нікчэмнасць!

Яна пайшла, а Люк яшчэ доўга сядзеў на краі ложка і тупа глядзеў на дзверы. Потым паціснуў плячамі і адзеўся. У Паўночным Квінслендзе гэта робіцца хутка. Нацягнуў шорты — і гатова. Калі паспяшацца, ён яшчэ паспее да аўтобуса, каб вярнуцца на плантацыю разам з Арнэ і астатнімі хлопцамі. Слаўны хлопец Арнэ. Сапраўдны таварыш, хлопец што трэба. Жаніцца — адна дурнота. Пасцель пасцеллю, а мужчынская дружба — гэта зусім іншая рэч.

V. 1938-1953

ФІЯ

14

Мэгі не хацелася нікога папярэджваць пра свой прыезд, і ў Драгеду яе падвёз стары паштальён Непаседа Уільямс, побач з ёю на сядзенні ў машыне спала ў плеценай калысцы Джасціна. Уільямс вельмі ёй абрадаваўся, усё распытваў, як яна жыла гэтыя чатыры гады, але непадалёку ад хаты здагадаўся змоўкнуць і пакінуць яе ў спакоі.

I зноў навокал усё светла-карычневае і серабрыстае, і зноў пыл, і ва ўсім дзіўная чысціня і стрыманасць, чаго так не хапае Паўночнаму Квінсленду. Тут не расце нястрымна, не буяе зелень і не спяшаецца згніць, саступаючы месца новым парасткам; тут у прыродзе адбываецца няспешны і немінучы кругазварот, падобны на рух сузор’яў. Здаецца, яшчэ болей развялося кенгуру. Стаяць невысокія, роўныя, акуратныя дрэвы вілгі, круглявыя, паважныя і сціплыя, быццам добрыя гаспадынькі. Узлятаюць чароды папугаяў гала, над галавою калышуцца ружовыя воблакі іх падкрылля. З усіх ног уцякаюць цыбатыя эму. Саскокваюць з дарогі трусы, задзірліва мільгаюць белыя пушыстыя хвосцікі. Сярод траў падымаюцца цьмяныя шкілеты мёртвых сухіх дрэваў. Калі праязджалі раўніну Дзібен-Дзібена, далёка на выгнутым дугою гарызонце паказаліся гаі — толькі па варухлівых блакітных лініях у самым нізе можна разгледзець, што гэта не сапраўдныя дрэвы, а міраж. Сумна каркаюць вароны — Мэгі і не здагадвалася, што засумавала па гэтым карканні. Сухі асенні вецер гоніць міма бурую касую заслону пылу, быццам нейкі брудны дождж. I травы, сярэбраныя і светла-жоўтыя травы Вялікага Паўночнага Захаду, як блаславенне, раскінуліся да самага краю нябёсаў.

Драгеда, Драгеда! Прывідныя эўкаліпты і сонныя волаты — перцавыя дрэвы так і гудуць, поўныя пчалінага зумкання. Вось і жывёльныя двары, свірны і хлявы, складзеныя з жоўтага, як масла, пясчаніку, занадта яркая зелень газона вакол Вялікага дома, асеннія кветкі ў садзе — жоўтафіёль і цынія, астры і вяргіні, аксаміткі і наготкі, хрызантэмы і ружы, ружы... Высыпаны пяском чорны двор, місіс Сміт стаіць на ганку, здзіўлена разявіўшы рот, засмяялася, заплакала, падбягаюць Міні і Кэт, старыя жылістыя рукі ланцугамі абвіваюцца вакол Мэгі, вакол самога сэрца. Тут, у Драгедзе, яе родная хата, і тут яе сэрца — назаўсёды.

Выйшла Фія паглядзець, што за шум.

— Добры дзень, мама, я вярнулася.

Пагляд шэрых вачэй не змяніўся, але пасталелаю сваёю душою Мэгі зразумела: мама радая ёй, проста не ўмее гэтага паказаць.

— Ты пакінула Люка? — папыталася Фія, само па сабе ёй было зразумела, што місіс Сміт і Міні з Кэт маюць не меншае, чым яна, права пра гэта ведаць.

— Пакінула. Я ніколі да яго не вярнуся. Яму нічога не трэба — ні хата, ні я, ні дзеці.

— Дзеці?

— Ага. У мяне будзе яшчэ дзіця.

Тры жанчыны завойкалі, заахалі, а Фія тым самым роўным голасам, што прыкрываў яе затоеную радасць, прамовіла свой прысуд:

— Калі ты яму не патрэбная, правільна зрабіла, што вярнулася дахаты. Мы тут зможам паклапаціцца пра цябе.

Вось і яе колішні пакой, з акна відаць сад і Галоўная сядзіба. А побач пакой Джасціне і таму, хто яшчэ народзіцца. Так добра дома!

Боб таксама ёй абрадаваўся. Жылісты, трохі ўжо сутулы, ён стаў яшчэ болей падобны на Пэдзі, здаецца, сонца насуха прагартавала і скуру яго і косці. У ім чуецца тая самая спакойная сіла духу, але, можа, таму, што ён не абзавёўся вялікаю сям’ёю, на яго твары няма, як у Пэдзі, бацькоўскае спагадлівасці. Падобны ён і на маці. Маўклівы, стрыманы, зусім не схільны дзяліцца сваімі пачуццямі і думкамі. А яму ж даўно ўжо за трыццаць, раптам са здзіўленнем падумала Мэгі, і ён яшчэ ўсё не ажаніўся. Потым прыйшлі Джэк і Х’югі, абодва — дакладная копія Боба, толькі мякчэйшыя, і сарамліва ўсміхнуліся, убачыўшы сястру. Мабыць, у гэтым прычына, падумала Мэгі, зямля зрабіла іх сарамлівымі, зямлі ж не патрэбна красамоўства, свецкая абыходлівасць. Зямлі патрэбна толькі тое, што яны ёй даюць, —маўклівая любоў, бязмежная адданасць.