— Міла, харошая мая, не бойся, я не дам ім цябе пакрыўдзіць.
А я спала са сваёй інстытуцкай сяброўкай. Не-не, я не хвалюся, хаця яна даволі сімпатычная — усё, як кажуць, пры ёй. Я проста канстатую факт, такі кавалачак маёй біяграфіі. Але яна не была маёй першай дзяўчынай, да яе ў мяне таксама час ад часу хто-небудзь ды быў. Вось узяць, напрыклад, Юлю. Гэта я так кажу — «вось узяць, напрыклад, Юлю», як быццам бы — пфф… ды пофігу мне на гэту вашу Юлю, проста яна — яшчэ адзін факт з маёй біяграфіі. А між іншым, менавіта Юля была маёй першай, так бы мовіць, паўнацэннай дзяўчынай.
Мы пазнаёміліся з ёй у гей-клубе. Памятаю, як я ішла туды ў першы раз, уся потная, каленкі трасуцца, прычоску рабіла, круцілася паўгадзіны перад люстэркам. А потым забіла на ўсё, ды храпнула бутэльку гарэлкі на дваіх з Пашам, маім закадычным сябрам. Так, для смеласці. А Паша мне кажа — ды супакойся, што ты як дзіцё, праўда, мы што — на выданне цябе вядзем, ці што…
Але атрымалася, што як быццам бы і на выданне.
— Можна вас запрасіць на танец?
Яна тады мне падалася нашмат за мяне старэйшай і проста жах як мне спадабалася. Усё ў ёй было прыгожым — фігура, вочы, нос, шыя, вусны, грудзі, тое, як яна рухаецца, яна проста вылучала сэксуальнасць. А я павялася. У галаве білася толькі адна думка — я павінна з ёй патанцаваць, павінна, павінна. Удыхнула паветра на поўныя грудзі, сціснула кулакі, заплюшчыла вочы і — будзь што будзе — рушыла ў ейны бок. Па дарозе наткнулася на нейкага саладжавага потнага гея, абышла яго і нарэшце дабралася да запаветнай мэты. — Можна вас запрасіць на танец?
Мне, калі шчыра, было ўсё роўна, што яна зараз адкажа. Я ведала, што незалежна ні ад чаго сёння я буду з ёй танчыць, сёння яна будзе са мной, а там будзь што будзе.
— Можна вас запрасіць на танец? — сказала я як мага больш выразна, так, каб яна зразумела, што выбару ў яе няма.
Але ніхто і не думаў супраціўляцца.
— Запрашайце, — сказала яна.
Мы танчым, і я прыціскаю яе да сябе, не вельмі моцна, але так, каб адчуваць, як стукае яе сэрца, як яна дыхае, як уздымаюцца яе грудзі. Час ад часу я трошкі адпускаю яе ад сябе каб паглядзець ёй у вочы, каб лепей разгледзець яе твар, і ўсміхаюся. Я шчаслівая, таму што сёння, цяпер, я танчу з самай прыгожай дзяўчынай у гэтым клубе, ды што там… з самай прыгожай дзяўчынай у горадзе, вось як, сёння я танчу з дзяўчынай, пра якую магла толькі марыць, якая снілася мне па начах, якая была такой недасягальнай, што заставалася толькі цешыць сябе думкамі пра тое, што калі-небудзь, калі-небудзь я… А тут яна глядзіць на мяне сур’ёзна і кажа:
— Можаш рабіць са мной усё, што захочаш.
Што захачу.
Я б хацела цяпер узяць яе сваімі крэпкімі рукамі прыцягнуць да сябе упіцца моцна ў вусны цалаваць паваліць на падлогу апантана расшпільваць на ёй яе блузку адной рукой другой сцягваць джынсы залазіць у вільготныя майткі зрываць іх нарэшце цалаваць адну грудзь другую а пальцамі ўжо вывучаць яе ўнутры потым двума трыма хутчэй яшчэ хутчэй глыбей у скронях грыміць так гучна барабанныя перапонкі вось-вось лопнуць тум тум тум тум хтосьці лупіць па іх не шкадуючы цалаваць яе ўсю пакідаць на скуры свае сляды спаўзаць усё ніжэй і ніжэй гарачым языком пранікаць унутр засоўваць яго глыбока так як толькі магчыма адчуваць як пульсуе кроў ва ўлонні удыхаць ейны пах губляць прытомнасць прыходзіць у сябе і пачынаць усё наноў. Без сведак.
— Можаш рабіць са мной усё, што захочаш.
Яна здзекуецца з мяне.
— Не магу, — адказваю я. І мы едзем да яе на таксоўцы.
«Паглядзі, да каго ты падобная!»
Гэта першыя словы, якія я памятаю. Выхавацелька схіліла нада мной свой грозны твар, балюча схапіла за рукі і пачала іх выцягваць з-пад майкі. Усе дзеці спяць. Я — не сплю. Да каго я падобная? Мая рука прыціскаецца да жывата. На мне апранута белая маечка з тонкімі лямкамі. Я засунула рукі ў дзіркі ад рукавоў і вывучаю сябе пад адзежай. Плоскі жывот, маленькая дзірка — пуп, а вышэй яго — два гузікі, цыцкі. Вось, значыцца, я якая… Цікава, да ка гэта падобна? І чаму той, да каго я падобная, так злуе выхавацельку? Напэўна, я падобная да кагосьці страшнага і злога. Напрыклад, да бармалея. Я гляджу на свае рукі і мне здаецца, што яны павялічваюцца і на іх пачынае расці поўсць. «Грррааааа», — крычу я. І мне затыкаюць рот соскай. Мне два гады.
***
Я ўвогуле не ведаю, як мне ўдалося выжыць у дзяцінстве. На кожным кроку мяне падсцерагалі злодзеі, ворагі ды нячысцікі. Дома, на балконе, жыў бармалей, і мне нельга было туды заходзіць, яшчэ адзін жыў у падвале, але туды і без бармалеяў хадзіць не хацелася. Там было цёмна і заўжды нечым смярдзела.