У бабулі ў калодзежы жыў вадзянік, які толькі чакаў, каб зацягнуць мяне ў сваё логава. Але і ён застаўся ні з чым, бо, калі мне трэба было праходзіць міма, я заплюшчвала вочы і пераставала дыхаць. І бегла з усіх ног, пакуль калодзеж не заставаўся далёка за спінай. Дзядзя міліцыянер намагаўся забраць мяне за тое, што я гуляла ў пяску і выпацкала сукенку, ці за тое, што занадта хутка бегала, ці за тое, што лазіла па дрэвах, ці за тое, што не хачу есці… Есці трэба было абавязкова, бо нават калі б дзядзя міліцыянер не дазнаўся пра гэта, мяне б падхапіў вецер, закружыў у паветры, бы лісцік, а пасля пакаціў па асфальце. Але самым злым маім ворагам былі птушкі. Яны лёталі паўсюль і ўсё ведалі, бачылі кожны мой крок і расказвалі пра яго маме. І нікуды ад іх немагчыма было схавацца. Ні ў шафу, ні пад канапу. І вось сярод усіх гэтых страшных людзей, звяроў і пачвараў. Я выжыла.
***
А жыла я ў маленькім горадзе, у Вілейцы, дзе птушак было больш, чым людзей. Мой горад — жанчына. Высокая, прыгожая. Жорсткая і бязлітасная. Яна кахала мяне, як мама, а можа нават і болей. Яна падсцілала пад мяне салому, калі я падала, загойвала мае раны, калі не хапала саломы. І яна не змагла мне дараваць, калі я вырасла. Выжыла. І з’ехала ад яе. У мяне з’явіліся іншыя, акрамя яе, жанчыны. Яна чакала мяне і ведала, што я да яе вярнуся. Таму што мне, апроч Вілейкі, не было куды болей вяртацца. І я вярнулася. Першае, што я там пабачыла, — былі птушкі. Яны сустрэлі мяне сваім гучным каррр і селі на дах, насупраць майго вакна. У радок.
Я вярнулася, у свой родны горад, дзе ўсё знаёма і ўжо не страшна. Збегла. Ад праблемаў, таго, што трэба шукаць працу, ад дзяўчыны, якую кахала.
***
Дзіўна, але мне не палепшала. Ноччу на мяне наваліліся ўспаміны, абвілі мяне ўсю, мне стала душна і млосна. Але ўрэшце сон перамог.
Першае, што я сасніла, была школа.
— Вось бачыш, якая ты! — крычала сяброўка, якой я не дала спісаць матэматыку. Якая я? Я —невысокая, худая, даўгія валасы, сукенка з чорным фартухам і белым — на першага верасня ды па святах. Я люблю матэматыку і ангельскую. З біялогіяй — троху цяжэй. Жыву ў трохпакаёвай кватэры з сястрой і бацькамі. У мяне ёсць сябар Вадзім. Я люблю хадзіць да яго на выходныя і гуляць на прыстаўцы. І чаму тое, якая я, так злуе маю сяброўку? Я спрабую ў яе запытацца, але яна меншае на вачах і хутка знікае зусім, а на яе месцы з’яўляецца мама.
Мама кажа — а ну пакажы свае вочы! айяяй… я ўсё ведаю!
Я прачынаюся, потная, а на даху насупраць сядзяць птушкі, так, як і ўчора, — у радок.
***
Я ўстала, зрабіла два крокі ўправа, прысела, устала, падышла да вакна, але птушкі былі нерухомымі, яны нібыта прыліплі да даху і не маглі зварухнуцца з месца. І я зразумела — вось яно — бегчы, назад, не азіраючыся. Не спыняцца. У горад, дзе ўсё незнаёма, дзе трэба шукаць працу, дзе чакае дзяўчына, якая мяне кахае. І толькі, калі была ўжо далёка, адзін толькі разок азірнулася — і бусел, які жыў у гняздзе на знаку «Вілейка» на ўездзе ў горад, падалося, мне падміргнуў.
***
Яна кратае мой твар, бо цёмна і нічога не бачна, праводзіць пальцам па вуснах, я паспяваю схапіць яго ротам і не хачу выпускаць. Але цяпер яна мацнейшая за мяне, яна задае правілы, і мне гэта падабаецца. Рабі са мной усё, што захочаш, думаю я. Яна бярэ мой мезенец у руку, другой праводзіць па жываце, указальным пальцам намацвае пуп, цалуе твар, шыю, грудзі, а потым сваім языком пяшчотна і моцна праводзіць па целе — зверху ўніз. У самы ніз. Мяне працінае бы ад току.
Мы ляжым, цяжка дыхаем і ўсміхаемся. «Дык вось ты, аказваецца, якая», — кажа яна.
Дзякуй богу, яна была ўсё ж такі бісэксуальнай. Па маладосці сустракалася нават з дзяўчатамі. І не проста там пацалуначкі, сюсі-пусі, не — усё па-сур’ёзнаму было. Ну канешне, потым з гэтым завязала, перарасла, як кажуць. Ну і добра, вядома, яна ні аб чым не шкадуе. А што так здарыла ся, што цяпер — адна, дык хто ў гэтым вінаваты? Жыццё такое… Дый яна ўсё ж такі не змагла б жыць з дзяўчынай, цяжка гэта, грамадства, бацькі, тое, сёе, а так… хай сабе і адна.
Але ж і не тое каб зусім адна. Ёсць жа Лагоды. Вось жа можа яна так і сказаць: у мяне ёсць Лагоды! — з гонарам так. Яна іх вельмі любіць, напэўна, нават мацней за ўсіх сваіх былых, дзяўчат у тым ліку. Але яна рэдка так кажа: у мяне ёсць Лагоды! — усё часцей: Лагоды — такая цудоўная пара… мне яны так падабаюцца… Не, не зусім так, хутчэй вось так: Лагоды такая цудоўная пара! Мне яны вельмі падабаюцца! І быццам бы гэта зусім і не Лагоды — цудоўная пара, а гэта яна такая цудоўная пара. І няхай усе ёй зайздросцяць. Як, бывае, расказваеш якую-небудзь гісторыю, ну там, пра знаёмага, напрыклад, што Пеця, напрыклад, зняў свой першы ў жыцці сюжэт, і ён, сюжэт, так усім спадабаўся! І ўсе так Пецю хвалілі! А Пеця такі малайчына, ён такі таленавіты! І гонар ледзьве не з вушэй прэ, і не дай божа хто-небудзь цябе перапыніць! Не, вы ўсе проста абавязаны ведаць, які Пеця зняў сюжэт! І чорт з ім, з гэтым Пецем, якога ты толькі і бачыў-та ўсяго адзін раз у жыцці. Бо цяпер ты сам ужо трошачкі Пеця, і ўсе цяпер павінны за цябе парадавацца.