Усё здарылася падчас падарожжа ў Егіпет.
Ён, як звычайна, распланаваў усё яшчэ задоўга да самой вандроўкі.
23 студзеня яны з мамай сядуць у самалёт і ўжо праз чатыры гадзіны, апранутыя ў шорты і майкі, будуць ісці па афрыканскай зямлі, удыхаць цёплае, салодкае паветра. Ён прыабдыме маму, пацалуе яе ў шчаку, а яна хлопне яго па задніцы… па-бацькоўску лагодна. Ім дадуць адзін нумар і будуць гадаць, хто гэта — мама і сын альбо састарэлая жанчына з маладым палюбоўнікам? І ад такіх думак у Томака казытала пад левай лапаткай.
Ён вырашыў так. Кожную раніцу яны будуць прачынацца а сёмай, каб не марнаваць часу. У сем пачынае працаваць сталоўка — рана, і таму яны там будуць адны. Будзе добра і цёпла. Спакойна — гэта Томак любіў больш за ўсё. І ніякія гаваркія італьяшкі ці хто там яшчэ не будуць ім замінаць. Яны будуць есці круасаны і піць салодкую каву. На абед яны вып’юць булёнчык і з’ядуць спагеці з салатай. А перад сном абавязкова — па бакале чырвонага егіпецкага віна. Каб сон быў здаровым і крэпкім.
Пасля сняданку мама і Томак пойдуць на пляж. Адна толькі думка, што ім з мамай давядзецца ехаць у адным аўтобусе з іншымі людзьмі, пачынала Томака нерваваць. Яны абавязкова будуць на пляжы да адзінаццаці, бо пасля сонца ў Егіпце становіцца небяспечным. Ён вельмі дасканала ўсё спланаваў.
— Прывітанне! Я — Віка. Адпачываеш з мамай?
Яна ляжала на пляжы і была вельмі прыгожай. І ён бы ніколі яе не заўважыў, калі б яна сама да яго не падышла. І тут усё закруцілася, закруцілася ў галаве Томака, як верталёты, а зямля пачала выпаўзаць з-пад ног.
— Ды так… — сказаў Томак.
А Віка была загарэлая і пабегла да мора, як русалка, нырнула ў ваду. І нават Томак сам сабе адзначыў, што яна прыгожая.
Цяпер увесь час, заўсёды, яна была побач з ім. На сняданак яна сядзела за суседнім столікам і макала круасаны ў каву, бо Томак ніяк не мог устаць а сёмай і прачынаўся ў дзевяць. Сядзела за імі з мамай у аўтобусе, які вёз іх з пляжу, а вечарам піла чырвонае віно. І Томак не мог з-за гэтага спакойна размаўляць з мамай. Гэта ніяк не ўваходзіла ў яго планы. Страшна сказаць, але нават ноччу яна яму снілася. І гэта без перабольшанняў былі кашмары. Мама раптам ператваралася ў Віку і пачынала казытаць яго пад пахамі, а потым тонкім і крэпкім языком залазіла яму ў рот. А потым ён ужо і не памятае што. І прачынаўся ўвесь потны. І крычаў: «Маааама!»
Томак нават цяпер ведаў, што яму рабіць. Заставалася яшчэ цэлыя чатыры дні адпачынку, і яшчэ ўсё магчыма было паправіць. Ён падпільнаваў яе раніцай, калі Віка выходзіла са свайго нумару. Засунуў нагу ў дзвярны праём. Праціснуўся сам у пакой, замкнуў яго знутры, каб ніхто не паспеў пабачыць. І апантана, захлынаючыся сваёй салодкай слінай, душыў, забіваў дзяўчыну.
Нарэшце ўсё было скончана. Віка ляжала нерухомая каля прыбіральні і была ўсё яшчэ прыгожай.
Яна нават не ведае, як гэта здарылася, як так атрымалася. Часам ёй здавалася, што калі б яна адчула, што вось — яно навальваецца, вось — падкрадваецца, яна б змагла гэта спыніць, папярэдзіць. Але яна не ведае, калі гэта пачалося. Проста ў адзін момант так — бац! — і яна зразумела — усё. І ўсё, ты ўжо па вушы ў гэтым лайне і не ведаеш, як з яго выпаўзці, як вырвацца, і тонеш, тонеш, і вязнеш — усё глыбей і глыбей. Так яна прачнулася аднойчы ад жудаснага страху, ад адзіноты і зразумела, што яна не тут, не — не ў гэтым ложку, не ў гэтай кватэры, не ў гэтым горадзе. Не, яна не тут — яна сядзіць адна ў вялізнай цёмнай яме, і ёй страшна. Божухна, так страшна, што хоць ты крычы. І людзі так далёка, і ўсе гукі, усе галасы да яе далятаюць, быццам рэха, ледзь-ледзь можна пачуць, і ўсё нібыта ў тумане. А як так здарылася, яна не ведае, проста аднойчы прачнулася і зразумела, што яна не тут, а ў глыбачэзным калодзезі, халодным і страшным… Не звар’яцець. Не звар’яцець. Толькі не звар’яцець.
І тады яна пачала есці, цягнула ўсё, што траплялася пад руку. Толькі так, ёй здавалася, яна здолее выжыць. Не дасць смерці падкрасціся блізка і задушыць. Толькі калі будзе шмат есці — тады яна будзе моцнай і смерць не здолее яе закапаць у гэтым жудасным калодзезі. Яна не хацела паміраць, ёй так хацелася жыць, цяпер — як ніколі. І яна змагалася са смерцю — ела, ела, ела. Але гэта не дапамагала, яе цяжкое цела ўсё з большай моцай цягнула яе на дно, ёй не хапала паветра. Асабліва па начах, яна прачыналася і не магла дыхаць, хапала паветра ротам, нібы рыба. Хацелася закрычаць, пазваць на дапамогу, так, каб яе пачулі, каб прачнуліся суседзі. Я не хачу паміраць! Не звар’яцець.