Раптам за спінай ён пачуў мужчынскія галасы. Вадзім тут жа адскочыў убок і ўціснуўся ў сцяну, галасы ўсё набліжаліся, а ягонае сэрца тухкала ўсё гучней і гучней, ён ледзь-ледзь вытрываў, каб не запішчэць: «Ратуйце!!!» Хаця хто яго мог тут пачуць? Гэта была сценка старога закінутага завода. І нікога наўкола… Праўда, калі паўгода таму ён крычаў «Ратуйце!!!», яго ніхто не пачуў, хаця гэта было ва ўласным яго пад’ездзе, але можа, ён слаба крычаў, хто цяпер разбярэцца…
Але людзі апынуліся ўсяго толькі людзьмі, яны прайшлі, не зважаючы на Вадзіма. Ён адліп ад сцяны і вырашыў, што так далей працягвацца не можа. І хоць такія паводзіны больш прыцягваюць да сябе ўвагу, ён вырашыў, што будзе бегчы. Перад тым як кінуцца з усіх ног, ён падабраў з зямлі камень, з разліку, што калі дабяжыць да жылога квартала, то зможа ў выніку чаго зашпульнуць ім у акно… Ён будзе бегчы так хутка, як толькі можа. А там глядзіш — і мост над чыгункай перабяжыць, за якім ужо пачынаюцца дамы. А дамы — гэта вокны, а ў вокнах — людзі…
Гэта, напэўна, быў самы доўгі і самы хуткі ў яго жыцці крос.
І вось ён падбягае да дома, з каменем у руцэ, сэрца б’ецца, як у таго сабакі, яшчэ троху, і ён думае, будзе дома, вось ён ужо бачыць свой пад’езд, ён азіраецца — ззаду нікога няма… І тут з іншага боку з’яўляецца сілуэт, ён набліжаецца да яго пад’езда, становіцца ўсё бліжэй і бліжэй, Вадзім бачыць, што гэта дзяўчына, у карычневым паліто ды без шапкі, чамусьці менавіта такія дробязі запамінаюцца ў такія моманты, ён нават не разумее, заўважыла яна яго ці не… ён думае, што калі паскорыцца, то можа быць, яна не паспее зайсці ў сваю кватэру… дзяўчына спыняецца каля дзвярэй, адчыняе… ён выкідвае камень з рукі, наўрад ці яшчэ ён спатрэбіцца, дзяўчына заходзіць у пад’езд, праз пару секундаў ён дабягае да дзвярэй, азіраецца, пасля таго як на яго напалі, ён ніколі не ўваходзіць у пад’езд, не праверыўшы ці не ідзе хто за ім, — здаецца, усё спакойна, ён зачыняе дзверы, двума шырокімі крокамі пера адольвае пралёт у 8 прыступак, прыціскае руку да яе рота і кажа: — Паспрабуй толькі піскнуць, шлюха.
Сёння мой першы дзень на новай працы. Сумоўе я прайшоў досыць лёгка і цяпер прыглядаюся да людзей навокал. Часы, калі я хваляваўся на новым працоўным месцы, засталіся ў мінулым, за гэта дзякуй маім дваццаці месцам працы і тром гадам псіхатэрапіі. Мая новая пасада — памочнік кінарэжысёра. Гэта я так сябе называю, але фактычна я хлопчык на пабягушках — падношу каву акторам, сачу за рэквізітам… Цікавы досвед, цікавыя людзі. Ёсць, праўда, маленькая акалічнасць, якой я не тое што надаю вялікае значэнне, але пра якую хачу папярэдзіць. Будучы фільм называецца «Рыцар вярхом на даме». Атмасфера тут творчая. Рэквізіт не багаты.
Усім акторкам з масоўкі я мушу раздаць гарсэты. Маю ўвагу прыцягвае адна дзяўчына, бачна, што яна ўдзельнічае ў гэткім упершыню. Яе завуць Юля, і яна мне сімпатычная, бо пазнаю ў ёй сябе год 12 таму… Юля спрабуе сябе на ролю ў масоўцы і хвалюецца так, нібыта гэта яе галоўная роля ў фільме Таранціны.
Канешне, гэта цяпер я — вялікі, спакойны і няголены. Мне ўсё па калена. І таму мне смешна і разам з тым прыемна назіраць за тым, як мітусіцца Юля, як не ведае, куды сябе падзець. Людзі — гэта ўвогуле тое, за чым я сюды прыйшоў, я люблю назіраць за людзьмі, і я ведаю, што калісьці здыму пра іх свой уласны фільм.
Пакуль я заварваю каву і раздаю гарсэты, паспяваю ахарактарызаваць для сябе ўсіх людзей на пляцоўцы. Галоўны тут — рэжысёр, пасля ідуць «зоркі» — такія крутышы, якія размаўляюць толькі з сабе падобнымі, задзіраюць насы, а пасля ў фільме будуць задзіраць свае дзюбкі… Дзюбкі ў іх доўгія і прыгожыя. Зрэшты, іншых сюды і не запрашаюць. Юля тут «новенькая».
Я назіраю за Юляй… Сюжэт фільма зусім просты. Нашмат цяжэй нацягнуць на сябе гэты дурацкі гарсэт. Юля ходзіць разгубленая, і нават яе прыгожыя грудзі ёй не дапамагаюць — бачна, як яна разгубілася побач з усімі гэтымі сталымі, дасведчанымі і вядомымі ў вузкіх колах акторамі. Яна мітусліва азіраецца па баках, сціскае ў руках свой гарсэт, кусае пазногці… Яе вочы — круглыя і вялікія.
Да пачатку здымак застаецца пяць хвілін.
Мы сустракаемся з Юляй позіркамі. Кажуць, у мяне добрыя вочы.
Чатыры хвіліны.
Тры.