Выбрать главу

Яшчэ адзін дзень…

25.07.2009. Яшчэ адзін дзень прайшоў праз мяне. І ў маёй душы засталося неба ў аблоках, кроплі дажджу, першае пажаўцелае лісце, галасы людзей, гул машын і сто гадоў самоты…

Вялікія Крывічы

30.07.2009. Дзякуючы сябрам, еду на родную Валожыншчыну. Мінаем Русакі. Пасля ўказальніка «Вялікія Крывічы» праз кіламетры два канчаецца асфальт і пачынаецца брукаванка. Па гэтай вясковай дарозе сярод ярка пафарбаваных хат пад’язджаем да царквы, насупраць якой праз дарогу могілкі. Мая душа цягнецца да крыжоў, пад якімі ляжаць мае бабуля Ганна (08.1892—01.1989), дзед Міхась (Жыў 53 г. Забіты 14 верасня 1943 г.) і дзядзька Ваня (19.01.1926—29.01.1996). І ўсё ж іду напачатку разам з усімі да царквы. На жаль, на замку. Агледзеўшы Храм, доўга блукаем сярод магіл. Знаходжу магілу свайго школьнага прыяцеля Мікалая Мікалаевіча Салаўя (Жыў 19 г. Памёр 5.05.1979 у час тэрміновай службы). Ён і я былі закаханыя ў адну дзяўчыну… Побач з магілай Мікалая свежы грудок яго маці (Салавей Надзея Аляксандраўна. 10.05.1922—8.01.2008)…

Лягезы

30.07.2009. Наведаўшы могілкі ў Вялікіх Крывічах, заехаліся ў Лягезы. Тут я з васьмі месяцаў да сямі гадоў гадаваўся ў бабулі Ганны і маіх дзядзькоў і цётак. Раней у вёсцы было людна. Цяпер засталося пяць чалавек, адна карова і адзін конь. Якраз дома былі дзядзька Віця і цётка Стася з пяцігадовай праўнучкай. Сабака, зазвінеўшы ланцугом, выбег нам насустрач, але не забрахаў, нібыта пазнаў гасцей. Каля хаты чыста і ўтульна, а за плотам — трава ў чалавечы рост. Пастаяў каля ліпы, якой гадоў дзвесце. Паглядзеў у калодзеж, нібыта хацеў убачыць сябе малога і, не ўбачыўшы, пасядзеў, як дзед, на ганку. Нас клікалі за стол, але мы адмовіліся, бо, выязджаючы з Мінску, не планавалі заязджацца ў Лягезы. Сфатаграфаваўшыся на памяць, паехалі ў Пугачы да бацькі…

Сяргей Новік­Пяюн і нож у сэрцы

31.07.2009. Сяргей Новік­Пяюн (27.08.1906 — 26.08.1994). Апошніх пяць гадоў яго жыцця мы былі суседзямі. Ён жыў на вуліцы Купрыянава ў доме № 9 на другім паверсе ў аднапакаёвай кватэры, палову якой займалі скрынкі, напоўненыя рукапісамі, выразкамі, малюнкамі дзяцей, што прыходзілі да яго. А да яго хадзілі многія. Ён любіў гасцей. І ягоная кватэра была своеасаблівым культурным цэнтрам, дзе часта сустракалася беларуская інтэлігенцыя і радавалася, што Беларусь стала незалежнай краінай. А як сам радаваўся Сяргей Міхайлавіч! І колькі разоў мне давялося слухаць знакамітыя «Зорачкі» ў аўтарскім выкананні! І цяпер часам, гуляючы па вуліцы Купрыянава, спыняюся каля дома Новіка­Пяюна і ўспамінаю тыя часы, калі мы сябравалі. А помніцца вельмі шмат, бо не было тыдня, каб я з жонкай не завітваў да яго. Сёння чамусьці ўспомніўся званок Сяргея Міхайлавіча: «Тэрмінова хадзіце да мяне! Ратуйце! Мне загналі нож прама ў сэрца!» Пачуўшы такое, я кінуў тэлефонную трубку і, на хаду апранаючыся, пабег да паэта. Дзверы былі не замкнутыя. Забягаю ў кватэру. У вітальні крыві няма. Заглядаю ў пакой. Чыста, а гаспадар ляжыць у ложку і праз слёзы ў вачах глядзіць на мяне. Я пытаюся: «Міліцыю выклікалі?», а Сяргей Міхайлавіч, сумна ўздыхаючы, адказвае: «Ніякая міліцыя, ніякія дактары мне ўжо не дапамогуць!» — «А дзе нож?» — пытаюся я, азіраючыся. Праз некаторы час, супакоіўшыся, Сяргей Міхайлавіч расказаў мне, што дзяўчына, якая ўжо гадоў пятнаццаць прыходзіць да яго, для якой ён піша вершы і наогул жыве, колькі месяцаў таму выйшла замуж, і пра гэта ён сёння даведаўся. І я ўсё зразумеў…

ЖНІВЕНЬ

Апошнія дні адпачынку

8.08.2009. Раніца. Выходжу на балкон і гляджу ў неба. А там ніводнай хмурынкі і ластаўкі лётаюць. Чамусьці здалося, што я ў Адэсе, у якой ніколі не быў…

Бульба і Барадулін

8.08.2009. Скрабу маладую бульбу. І раптам узгадалася вельмі даўняе. Мне было дваццаць і я амаль кожны тыдзень хадзіў у госці да Рыгора Барадуліна. У школьным сшытку за дзве капейкі прыносіў яму свае новыя вершы. Мяне заўсёды кармілі. Рыгор Іванавіч прапаноўваў выпіць, але я адмаўляўся, і мы сядзелі на кухні і гаварылі. Часта Барадулін хацеў паглядзець, як я абіраю бульбу, і нават хацеў паспаборнічаць, у каго лупіна будзе танчэйшай і даўжэйшай. На спаборніцтва з Рыгорам Іванавічам я так і не адважыўся. І цяпер вось, скрабучы бульбу, узгадваю тыя памятныя і дарагія майму сэрцу сустрэчы з Паэтам і ў думках дзякую яму…