Выбрать главу

Канчаецца…

8.08.2009. З неба асыпаюцца зоркі… З дрэў асыпаецца лісце… З людзей выпадаюць зубы і вылазяць валасы… Неба і дрэвы — гэта паэтычна. Людзі — гэта практычна. Ад людзей стамляешся. Неба і дрэвы супакойваюць. Канчаецца дзень. Канчаецца ноч. Канчаецца адпачынак. Ізноў ты п’еш гарбату і збіраешся на працу, каб не бачыць ні зорак, ні прыгажосці ў ападаючым лісці, а каб стамляцца ад людзей, у якіх выпадаюць зубы і валасы…

Каб не вяртацца

8.08.2009. Сяджу дома. Ды і не хочацца нікуды ісці! І гэта не проста лянуюся, а не хачу ісці, бо трэба будзе вяртацца…

Што сёння патрэбна?

8.08.2009. Сёння патрэбны кароткія творы, як кароткія спаднічкі ў жанчын, бо лета ж!

* * *

10.08.2009. Першы дзень на працы пасля адпачынку. Адпачынак праляцеў так хутка, што павукі не паспелі развесіць на маім стале паміж рукапісамі павуцінне, каб злавіць муху, якая засталася жыць без мяне ў маім кабінеце...

* * *

19.08.2009. Раптам захацелася ў Варшаву, у якой я ніколі яшчэ не быў. У Варшаву не сённяшнюю, а сярэдзіны дзевятнаццатага стагоддзя. Разумею, што такое падарожжа немагчымае, але… Расплюшчваю вочы і бачу за вакном чатырохпавярховую хрушчоўку і каля пад’езда адзінокую бабульку, у якой, відаць, таксама ёсць свае мроі. І, магчыма, яна ўжо была ў той Варшаве, у якой мне ніколі не быць…

Казашка Баха і піва

22.08.2009. Студэнтка чацвёртага курса Літінстытута казашка Баха пасварылася са сваім аднакурснікам армянінам. Пасварылася і прыйшла да мяне: «Звадзі ў кіно! Хачу паглядзець фільм пра тваю Беларусь “Ідзі і глядзі”!» Я не адмовіўся. Пайшлі на Калінінскі праспект, дзе якраз у адным з кінатэатраў ішоў патрэбны фільм. Да пачатку сеанса было яшчэ амаль дзве гадзіны і я, купіўшы білеты, прапанаваў пасядзець у піўбары на праспекце. Зайшлі. Я замовіў вялікі збан піва і цэлы кілаграм крэветак. П’ём, размаўляем, смяёмся. Час ідзе да разліку, і я пачынаю думаць: «А ці хопіць у мяне грошай, каб расплаціцца?» Адной рукой трымаю куфаль з півам, а другой абмацваю ў кішэні грошы, якія засталіся пасля набыцця білетаў на фільм. Здаецца, рублёў пяць у мяне ёсць. Але ці хопіць? Клічу афіцыянта. Ён кладзе на стол паперку для разліку. Гляджу. Ды ё­па­рэ­сэ­тэ!!! У мяне такіх грошай няма! А піва ўжо выпіта і кілаграм крэветак амаль скончыўся. Пытаюся ў Бахі: «У цябе грошы з сабой ёсць?» — «Няма…» — адказвае казашка. Што рабіць? Уцякаць? Нікуды не ўцячэш! На ўваходзе стаіць граміла і нікога проста так не ўпускае і не выпускае. Клічу зноў афіцыянта і тлумачу, што ў мяне не хапае грошай. А ён і слухаць не хоча: «Калі няма грошай, то няма чаго з дзеўкамі швэндацца па барах!!» Што рабіць? Узгадваю, што ў мяне з сабой ёсць гадзіннік, праўда, з адной стрэлкай і без шкла. Па ім у вёсцы праехаў гусенічны трактар, і яго на дарозе знайшоў мой бацька. У мяне не было гадзінніка і я, едучы ў Маскву на вучобу, захапіў з сабой бацькаву знаходку. «Вазьміце ў залог гадзіннік! У ім адна стрэлка, па ім трактар праехаўся, а ён усё працуе і працуе!» — кажу я. «Што вы сюды, жартаваць прыйшлі? Я зараз міліцыю паклічу!» — раззлаваўся афіцыянт. «Вы прабачце мне! Я ўпершыню дзяўчыну частую, а тут такая няўвязка!» — пачаў прасіцца я. «Нічога не хачу ведаць! Плаціце і ўсё!» — злуецца афіцыянт. Недзе праз паўгадзіны я ўспомніў, што ў мяне ж ёсць з сабой членскі білет Саюза пісьменнікаў СССР, і я вырашыў паспрабаваць пакінуць білет у залог. Дастаю членскі білет і нясмела кажу: «Я паэт. Вучуся ў Літінстытуце…» — «Што вы сказалі? Паўтарыце!» — «Я паэт…» — яшчэ больш нясмела сказаў я. «Паэт!!» — радасна выгукнуў афіцыянт, нібыта ўва мне раптам прызнаў свайго збрыдлівага брата. Разгаварыліся. Высвятлілася, што афіцыянт любіць паэзію. Да ўсяго ў гэты бар часта прыходзяць паэты, а самае галоўнае — тут, за гэтым столікам, дзе мы сядзім, сядзеў, піў і спяваў свае песні Уладзімір Высоцкі. Праз пару хвілін афіцыянт для мяне і Бахі прынёс бясплатна па куфлі піва…

У гасцях у нікарагуанца Карласа

23.08.2009. У Літінстытуце на другі год вучобы пазнаёміўся з паэтам з Нікарагуа Карласам. Хлопцу за трыццаць. Ён удзельнічаў у вызваленчай вайне, быў паранены і цяпер кульгае на правую нагу. Ён мяне і паляка Анжэя Новака запрасіў да сябе ў госці. Прыйшлі. У пакоі паўзмрок. Акрамя Карласа сядзяць на ложках яшчэ два нікарагуанцы і чатыры нікарагуанкі. Кампанія з намі блытана размаўляе па­расейску. Між сабой гавораць на сваёй мове. Мы нічога не разумеем, але мы прыйшлі з трыма пляшкамі гарэлкі. Пачаліся танцы і песні. Калі скончылася наша гарэлка, Карлас дастаў з тумбачкі бляшанку з дробна парэзаным тытунем. Пачалі рабіць цыгаркі. Праз хвілін дзесяць у пакоі амаль нічога не было бачна ад дыму. І стала наогул весела і лёгка. Захацелася адчыніць акно і выскачыць з яго, бо за плячыма адчуваліся крылы і яны хацелі распрасцерціся… Потым я даведаўся, што мы курылі марыхуану.