Выбрать главу

Паэтка

2.06.2012. У выдавецтве ёсць цэлая шафа закладзеная блакнотамі паэткі Алы Церахавай. Гэта плён яе апошняга пяцігадовага рыфмавання. Нам яна пісала амаль кожны тыдзень. Паштальёны злаваліся на паэтку і на нас, што мы несвоечасова прыходзім на пошту па яе бандэролі, а яна кожны дзень пытаецца, ці аднеслі яе вершы ў выдавецтва. Напачатку мы адказвалі Але Церахавай, што немагчыма з­за яе почырку прачытаць тое, што яна нам дасылае, а потым нават звярнуліся да яе з просьбай, каб яна больш не загружала пошту сваімі бандэролямі. Наша просьба падзейнічала, але наадварот, і нам у тыдзень сталі прыходзіць дзве, а то і тры бандэролі ад Церахавай. І вось недзе гады паўтары назад паэтка знікла і мы ўжо думалі, што назаўсёды, але на мінулым тыдні ў выдавецтва прыйшла бандэроль ад Алы з блакнотам, у якім запісаны вершы, якія нельга прачытаць з­за неразборлівага почырку. Жыццё працягваецца…

На крылах рамантыкі…

2.06.2012. У «ЛіМе» Яўген Гарадніцкі ў артыкуле «На крылах рамантыкі» напомніў усім нам, пісьменнікам, што 31 мая было б усяго 60 гадоў літаратуразнаўцу Тамары Чабан. Гэтае імя час ад часу з’яўляецца ў спасылках літаратуразнаўчых і крытычных прац, згадваецца сучаснымі даследчыкамі. Тамара пісала і вершы. Тое­сёе было пасля яе смерці (памерла 20 сакавіка 1992 года) надрукавана ў альманаху «Дзень паэзіі». Памятаю, як на гадавіну па Тамары Чабан мы з Яўгенам Гарадніцкім ездзілі на Ракаўскія могілкі. І потым яшчэ планавалі разам з’ездзіць, але так і не атрымалася. І не ведаю, як часта цяпер Яўген наведвае Тамару, але калі б ён не быў яе мужам, то наўрад сёння ў «ЛіМе» успомніў бы хто пра яе юбілей, і не таму, што яна не вартая добрага ўспаміну, а таму, што няма ў нас асабліва каму ўспамінаць нашых памерлых…

З прыемнасцю прачытаў…

3.06.2012. З прыемнасцю прачытаў у «Звяздзе» за 30 мая сказанае настаўніцай беларускай мовы Таццянай Красоўскай: «Вырашыла, што лета я прысвячаю Уладзіміру Караткевічу і яго непаўторным творам. Я «падсела» на гэта яшчэ з «Каласоў пад сярпом тваім», цяпер чытаю «Чорны замак Альшанскі». Буду чытаць усяго Караткевіча, і нават перачытаю тое, з чым пазнаёмілася раней, калі была студэнткай. Мне падабаюцца яго творы за праўду жыцця, сардэчнасць і цудоўную беларускую мову. З ужо прачытанага хачу таксама параіць кнігу Людмілы Рублеўскай «Золата забытых магіл». Проста немагчыма адарвацца! Кожную вольную хвіліну аддаю чытанню. Гэты твор трымае цябе ад першай да апошняй старонкі. А яшчэ Людміла Рублеўская можа пісаць пра каханне проста і разам з тым вельмі велічна».

Пяць фільмаў і жыццё

3.06.2012. Два выхадныя дні, якія былі падзмрочаны холадам і дажджом, праляцелі. І я за гэтыя два дні ў вольны час ад паходаў да бацькі праглядзеў пяць фільмаў.

Першы фільм Марка Ферэры «Я тебя люблю», які ў 1986 годзе ў Канах атрымаў «Залатую пальмавую галінку» быў пра тое, як малады чалавек, якому ўжо абрыдла празмерная ўвага з боку жанчын, знайшоў на вуліцы бралок для ключоў. Бралок не просты, а ў выглядзе сімпатычнага жаночага тварыку, які на кожны свісток гаспадара адклікаецца: «Я тебя люблю!» Праз нейкі час бралок стаў маладому чалавеку замяняць усіх ягоных палюбоўніц. Ды аднойчы здарылася бяда — малады чалавек зламаў зуб і не змог болей свістаць… Ходзячы кожны дзень да бацькі праз сквер, на сваім шляху я знаходзіў шмат якой усячыны, а вось бралка з сімпатычным жаночым тварыкам не бачыў. Ды і не патрэбны ён мне!

Фільм рэжысёра Уладзіміра Мірзоева па аповесці Андрэя Платонава «Катлаван», на жаль, не закончаны. У ім зняліся Пётр Мамонаў, Максім Суханаў і Віктар Сухарукаў. Фільм цудоўны, і я, даглядзеўшы яго да канца, сказаў: «Дурдом!»

Трэці фільм — «Чудо». Рэжысёр Аляксандр Прошкін. Гераіня фільма на вечарынцы, не дачакаўшыся свайго жаніха, запрашае на танец Мікалая Угодніка. Хапае ікону і з ёй камянее. Жыхары правінцыйнага гарадка напалоханы гэтым незвычайным здарэннем, якое абрастае чуткамі і выдумкамі… У аснову фільма пакладзены рэальныя падзеі, якія адбыліся ў Самары ў 1956 годзе і вядомыя як «Стояние Зои». Хрушчоў у фільме — самадур у капелюшы і ў бацінках, які нядаўна вылез з гразі ў князі. Словам, ёсць пра што падумаць і ўспомніць, што Бог ёсць!

Фільм рэжысёра Вячаслава Росса «Сибирь. Монамур» расказвае пра тое, як у тайзе жыве стары старавер Іван і яго сямігадовы ўнук Алёшка. Яны чакаюць бацьку хлопчыка, які два гады назад сышоў з дому і не вярнуўся. Зграя здзічэлых сабак паядае ўсё жывое, што трапіцца на іх шляху. Хлопчык сябруе з адным з гэтых сабак. Час ад часу далёкі сваяк дзядзька Юра прывозіць дзеду і ўнуку ежу. Апошнім разам, вяртаючыся дамоў ад старавера, дзядзьку з’ядаюць сабакі. У фільме хапае стрэлаў і крыві, але ён заканчваецца добра. Гледзячы на Алёшку, які ўпаў у перасохлы калодзеж і яго адтуль не змог дастаць дзед, успомніў, што і я ў сваім дзяцінстве было ўваліўся ў калодзеж. Я ў кало­дзежы прабыў паўдня, і мяне адтуль дастала мая бабуля Ганна. Хлопчыка дастаў вайсковец, і ён яго назваў «татам»…