Фільм Клода Лелуша «Железнодорожный роман» пра вядомую пісьменніцу і яе літаратурнага негра. Усё канчаецца тым, што пісьменніца канчае жыццё самагубствам, бо негр не захацеў болей працаваць на яе…
Цяпер на душы, як у кінатэатры, дзе хвілін пяць назад закончыўся фільм і гледачы пакінулі залу, а я застаўся з тым, што бачыў на экране…
* * *
5.06.2012. «Деревья, как зрелые женщины, казались тщательно напудренными» — так пачынаецца раман, рукапіс якога ў мяне сёння з’явіўся на стале…
* * *
5.06.2012. Хадзіў у Музей гісторыі беларускай літаратуры. У кабінеце дырэктаркі Лідзіі Макарэвіч сустрэў Леаніда ДранькоМайсюка. 12 чэрвеня ў музеі адбудзецца прэзентацыя ягонай «Кнігі для спадарыні Эл». ДранькоМайсюк быў з вялікім чорным парасонам, як з чорнымі складзенымі крыламі…
* * *
5.06.2012. Амаль чатыры месяцы мама для бацькі была яшчэ жывой. Сёння на словы бацькі «мама наша, відаць, памерла…» я сказаў: «Памерла» і расказаў усё, як было 15 лютага, калі памерла мама. І плакаў бацька, і плакаў я…
* * *
6.06.2012. Ля царквы, як ля вогнішча, людзі…
* * *
7.06.2012. Мы з табой, як самураі, засталіся адны…
Ракаў Вячаслава Рагойшы
7.06.2012. Майму земляку Вячаславу Пятровічу Рагойшу два дні назад споўнілася 70 гадоў. З гэтай нагоды ў мяне напісаўся верш «Ракаў Вячаслава Рагойшы»:
Дзве навіны…
8.06.2012. Беларускі гісторык Захар Шыбека з’ехаў у Ізраіль. Статут ВКЛ вярнуўся на радзіму…
* * *
9.06.2012. Дробны дождж. Каля выставачнага павільёна, што на вуліцы Янкі Купалы, сцягі на флагштоках намоклі, нібы завялі…
* * *
10.06.2012. Машыны, на якіх абтрапаныя Георгіеўскія стужкі, выглядаюць, як толькі што скрадзеныя…
* * *
10.06.2012. Чорныя бліскучыя легкавікі ў высокай траве, як велізарныя жукі…
На фестывалі…
10.06.2012. Учора быў на фестывалі беларускай песні і паэзіі. Некаму, што адбывалася на свяце, спадабалася ўсё, а некаму, як паэту Міхасю Башлакову, не спадабалася, што гэта быў фестываль Фінберга і безгалосых пяюх, а не свята паэзіі Янкі Купалы…
За дваццаць хвілін, калі ў Вязынцы каля помніка Янку Купалу выступалі паэты, побач прагрукацела каля дзясятка цягнікоў…
У дзесяці кіламетрах ад Вязынкі мае Пугачы. Стараюся думаць толькі пра свята паэзіі, але ўсё роўна бачыцца пустая родная хата і трава на ганку…
Як ніколі шмат людзей з кінакамерамі. Здымаюць шмат, а пакажуць, баюся, як і раней, пару хвілін…