Выбрать главу

На новым мосціку праз рачулку, калі мы вярталіся да свайго аўтобуса, павіталіся з тутэйшымі мужыкамі, што стаялі з косамі, як купалаўскія касінеры…

Жыта каля дарогі на Маладзечна яшчэ не палягло…

Там­сям на лугах пажаўцелыя пракосы, як сцежкі ў яшчэ далёкую восень…

Могілкі каля дарогі. На помніках з партрэтаў глядзяць людзі, якія ўжо ведаюць дакладна ці ёсць Бог…

Паэтка сядзіць у аўтобусе каля вакна і ўсміхаецца, нібыта за выступленне ў Вязынцы яе пахваліў Янка Купала…

Тэлевізійныя антэны­талеркі, як велізарныя апенькі, красуюцца на дамах…

Каля дарогі мужчына, падобны на празаіка Андрэя Федарэнку, памахаў нам, паэтам, услед…

У Маладзечне ёсць свой лядовы палац. Побач на другім баку вуліцы будуецца касцёл…

У Яхімоўшчыне з’явілася адчуванне, што недзе ў кустах схаваўся Янка Купала і дзівіцца праз бінокль з прыезджых паэтаў…

Абедалі ў Маладзечне ў рэстаране­клубе «Еўропа». Я сядзеў за столікам разам з Міхасём Башлаковым, Міколам Шабовічам і Уладзімірам Мазго. Настрой быў вясёлы, і мы, пазнаёміўшыся з дзяўчатамі­афіцыянткамі, вырашылі напісаць ім у «Кнігу скаргаў» падзяку за добрае абслугоўванне. Падзяку напісаў Шабовіч, распісаўся. Распісаўся і я з Башлаковым. Да нашых подпісаў далучыўся Дзмітрый Пятровіч. А Мазго катэгарычна адмовіўся падпісацца…

Дворык Маладзечанскай музычнай вучэльні сабраў шмат народу. Над сцэнай вісеў плакат «І бачыць Бог, ёсць музыка над намі…». І Бог, спадзяюся, не толькі ўсё бачыў, але і чуў, бо было што паслухаць…

У бібліятэцы імя Максіма Багдановіча пасля адкрыцця выставы, прысвечанай Янку Купалу і Якубу Коласу, прайшла прэзентацыя кніг, што выйшлі да юбілею нашых класікаў. Міхась Казлоўскі прадставіў кнігу Рыгора Семашкевіча «Янка Купала і беларускае адраджэнне». Гаварыў натхнёна і па справе…

За цэлы дзень нашы паэтычныя шляхі не перасякліся са шляхамі песеннымі…

* * *

10.06.2012. Вечарам бацька сустрэў мяне словамі: «Ты не крыўдуй, што я цябе, бывае, называю Славікам! Я ведаю, што ты Віця, але, гледзячы на цябе, успамінаю свайго малодшага брата, які быў такі ж добры, як і ты…»

* * *

13.06.2012. Сёння майму земляку мастаку Алесю Квяткоўскаму 60 гадоў. З гэтай нагоды я падарыў яму верш:

У майстэрні Алеся Квяткоўскага Кожны дзень — сатварэнне сусвету, Кожны дзень — пераход наш праз Лету, Быццам бы ў Кастуся Каліноўскага У скляпенні, дзе спела паўстанне — Наша квола­чырвонае ранне, Ад якога з крывёю дарога Да Айчыны, да волі, да Бога, Без якіх не было б у Квяткоўскага Ні Скарыны і ні Каліноўскага, Ні Сабакі і ні Граждана, А была бы чужына адна. Але што тут казаць, што было б, Сонца наша камусьці, як клоп, А для нас наша сонца — святло, Што да кожнага ў сэрца зайшло, Бы ў майстэрню Алеся Квяткоўскага, Бы ў скляпенне­жытло Каліноўскага, Каб мы помнілі хто мы такія, Беларусы, не дзеці Батыя, І тут наша зямля, тут Еўропа, І з майстэрні, нібыта з акопа, Ты выходзіш і ў Заўтра глядзіш, І нясеш свой мальберт, нібы крыж…

* * *

14.06.2012. Еду ў аўтобусе. Побач два хлопцы, відаць, учарашнія школьнікі абмяркоўваюць здачу тэсціравання па рускай мове. Адзін пытаецца ў другога: «А як правільна пісаць «мальберт» ці “мольберт”?» І чую адказ: «Калі «маляваць», то «мальберт», а калі «моль душыць», то “мольберт”»…

* * *

14.06.2012. Учора ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылося адкрыццё выставы «Няхай світае свету!», прысвечанай 40­годдзю выдавецтва «Мастацкая літаратура». На жаль, з­за дажджу шмат хто не прыйшоў, а так было чалавек пяцьдзясят. Прыкра, што амаль ніхто не прыйшоў з тых, каму былі развезены запрашальнікі, густоўна зробленыя супрацоўнікамі музея. Праўда, некаторым не спадабалася, што на запрашальніку радкі Рыгора Барадуліна з верша «Кнігары»: «Усе мы жыхары Краіны прагнай ведаў. Святло ў душы, гары — Няхай світае свету!» А некаторыя, не атрымаўшы запрашэння на выставу, пакрыўдзіліся і сёння ўжо крытыкавалі нашы новыя выданні…

* * *

14.06.2012. Дорачы свае «Выбраныя творы», Анатоль Вярцінскі тут жа выправіў у кнізе дзве памылкі. На старонцы 48 у радках: «Колькі святла навокал! А мама туды пайшла, Дзе ні рам, ні вокан, дзе ні школы, ні святла» заместа слова «школы», трэба «шкла». А ў паэме «Даруйце!» заместа «Даруйце, мая мама!» трэба «Даруй, мая мама!»…