Выбрать главу

Мінск — Ракаў — Пугачы

15.07.2012. Ездзіў у родныя Пугачы на свята вёскі…

У аўтобусе Мінск — Валожын на вакзале сеў не на сваё, пазначанае ў білеце, месца, бо на ім сядзела дзяўчына і таму на «Каменнай горцы», дзе ў аўтобус зайшлі новыя пасажыры, маладая жанчына папрасіла мяне ўстаць з яе месца. Да Ракава ехаў стоячы, думаючы пра тое, што я ўжо даўно не ездзіў у міжгародніх аўтобусах…

З аўтобуса выйшаў каля Ракаўскіх могілак і пайшоў да мамы. Адчуваў спінай, як услед мне з аўтобуса глядзелі людзі…

Ідучы да мамы ў канец могілак каля агароджы, чытаў на помніках імёны памерлых і лічыў, колькі хто пражыў. Вельмі шмат моладзі…

Маміны магілка прыбрана. Прыбрана так, як быццам яе прыбірала сама мама…

Расказаў маме ўсё пра бацьку і пра тое, што еду ў Пугачы выступаць на свяце вёскі…

На Ракаўскім аўтавакзале мяне чакала загадчыца Пугачоўскага клуба Наталля Сасноўская з маладой дырэктаркай Пугачоўскай школы Сафронавай Аксанай Віктараўнай, якая ў нашы мясціны трапіла з Гомельшчыны па размеркаванні і цяпер жыве каля Ракава ў Выганічах, з якіх амаль пяць гадоў ездзіць на працу ў Пугачы. Раней яна некалькі гадоў выкладала замежную мову. Усю дарогу да Пугачоў з Наталляй, якая была за рулём, гаварылі пра вёску. Напрыканцы Наталля ўспомніла, што яна са мной адзін раз танцавала ў клубе...

Каля Дома культуры нас чакалі старшыня Залескага сельсавета Арабей Галіна Аляксандраўна і загадчыца бібліятэкі Кавалеўская Наталля Леанідаўна. Я глядзеў на іх і побач з імі бачыў сваю маму…

Бібліятэка пачынаецца са стэнда «Наш зямляк — Віктар Шніп». На ім стаіць мой вялікі партрэт, які тры гады таму намаляваў Алесь Квяткоўскі, і ляжаць кнігі мае і Людмілы Рублеўскай з аўтографамі…

Святкаванне пачалося а палове дванаццатай. Аднавяскоўцаў сабралася вельмі шмат. Мікрафоны стаялі на ганку Дома культуры. Пасля старшыні сельсавета выступаў я. Глядзеў на людзей і сярод іх бачыў маму…

На сённяшні дзень у Пугачах жыве 500 чалавек. З іх 100 дзяцей…

Самая старэйшая жыхарка Пугачоў — Марыя Адамаўна Багіна. Ёй — 88. Самы малы жыхар — Шымель Дзяніс Дзмітравіч, які нарадзіўся 3 ліпеня 2012 года…

На свята з Валожына прыехалі музыкі і выканаўцы песень. Аляксандр Шаўчэнка праспяваў маю «А ў гасцях…»

Пасля свята да мяне падбеглі дзеці, каб разам сфатаграфавацца, а ўсе сваякі сталі мяне клікалі ў госці. Абяцаў, што наступным разам прыеду спецыяльна і ўсіх адведаю…

Дамоў не пайшоў. Там мамы няма…

* * *

16.07.2012. У Дубровах знаходзіцца царква Нараджэння Божай Маці (1897). Да царкоўнага прыхода адносяцца вёскі: Агароднікі, Бортнікі, Будраўшчына, Вуша, Гіравічы, Гойжава, Дубровы, Душкава, Еленка, Кайцяні, Касцюкі, Кашына, Кулакоўшчына, Навасёлкі І, Навасёлкі ІІ, Пазнякі, Пугачы, Раманава, Сцяцкі, Татарскія. А я ўвесь час да сённяшняга дня думаў, што мае Пугачы адносяцца да ракаўскага царкоўнага прыхода...

Прыстойны…

19.07.2012. Званок у дзверы. Адчыняючы, думаю: «Відаць, сусед Дзіма…» Не. Дзве жанчыны. Маладзейшая з паперамі ў руках кажа: «Нам сказалі, што тут жывуць прыстойныя людзі! Падпішыцеся за кандыдата ў дэпутаты!» І давялося мне быць прыстойным чалавекам…

* * *

23.07.2012. Падчас вяртання з Лысай гары на электрычцы «Гарадскія лініі» зарыфмаваліся радкі:

На Лысай гары зноўку попел, як вершы, І сосны наўкол, як калоны ў палацы, Нябёсы трымаюць, дзе дух вершаў грэшны Лятае, нібыта лістоўкі на пляцы, Які апусцеў…

Вера Вярба

23.07.2012. Да мяне на працу прыходзіла Раіса Баравікова. Пагаварыўшы па справах, узгадалі Веру Вярбу, якая нядаўна памерла. «У канцы мая ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры было адкрыццё выставы, прысвечанай беларускім пісьменніцам. Сярод памерлых былі чатыры жывыя: Загнетава, Каржанеўская, Вярба і я. Калі запрашалі на адкрыццё Вярбу, яна сказала, што не пойдзе, а прыйдзе сын. Словам, Вера сама сябе яшчэ тады далучыла да мёртвых, бо ад памерлых пісьменніц былі іх дзеці і сваякі!» — так завяршыла ўспамін пра выставу Раіса Андрэеўна і, сказаўшы, што Вярба была запанібрата са старэйшымі пісьменнікамі, расказала дзве гісторыі.

Веру Вярбу з самага пачатку яе творчага шляху рэдагаваў Анатоль Вялюгін. І вось некуды ён прапаў, а Веры трэба тэрмінова здаваць кніжку і, не адшукаўшы Анатоля Сцяпанавіча, яна пазваніла Аркадзю Куляшову і сказала: «Аркадзь! Мне тут трэба адрэдагаваць некаторыя вершы, ты паглядзі і адрэдагуй, бо я нікім не чытаныя творы ў выдавецтва не здаю! Трэба тэрмінова!» І народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў прачытаў рукапіс Веры Вярбы, а потым і выйшла кніжка з ягонымі праўкамі.