Бацька ў горадзе
У чорнай гарбаце, нібыта ўначы,
Ты бачыш дарогу ў свае Пугачы.
Там хата пустая, там змрочна і тло,
І ўсё ўжо, здаецца, пражыта, сышло,
І ў горадзе ты, як у панскай турме,
Глядзіш праз акно, дзе не бачна ў зіме
Нічога знаёмага сэрцу твайму.
І ты ўжо не любіш сябе і зіму
За тое, што ўжо ўсё пражыта, сышло.
І ў чорнай гарбаце, як цукар, святло
Знікае паціху, зусім растае,
І ты мне гаворыш пра думы свае,
І слухаю я тваю споведзь і сны,
І хочаш яшчэ ты дажыць да вясны,
Бо ў чорнай гарбаце, нібыта ўначы,
Ты бачыш дарогу ў свае Пугачы…
26.12.2011
* * *
У свеце і ў душы даўно зіма,
А снегу, як і радасці, няма,
І травы зелянеюць, як вясной,
І чорны воран ходзіць, як герой,
Па плоце, за якім чарнее сад,
Дзе шчэ нядаўна светла лістапад
Кідаў лісцё мядзянае ў траву,
Дзе вецер выў стамлёнае «Жыву!»,
Нібыта думкі паўтараў мае.
Для шчасця сёння снегу нестае.
І я іду па вуліцы і мне
Вялікі кактус кветкаю ў акне
Як сябар усміхаецца стары.
І кот руды мудруе па двары,
І можна мне зайсціся ў гэты дом,
Напоўнены спакоем і дабром.
Ды не зайду — гаспадароў няма
І ў свеце, і ў душы, як крыж, зіма…
28.12.2011
* * *
Першы снег мы чакалі, як свята.
І стаў белым увесь белы свет,
Дзе, як вугаль, чарнюткая хата
Патанула ў снягах, як траве
У бялюткай, як дым на пажары,
Дзе згарэлі былыя гады,
У якіх былі светлыя мары
І надзеі на час залаты,
Што вось прыйдзе, як сонца прыходзіць,
Пад якім растаюць снег і лёд.
Выпаў снег. І па снезе, па лёдзе,
Нібы снежны, спяшае народ,
У якога немнога тут святаў,
І таму першы снег, як святло,
Што на крылах было ў лістапада
І што ў нашай самоце было…
2.01.2012
* * *
Не кажы пра самоту нічога,
Бо самоту цяпер не люблю,
Як і пыл над вясковай дарогай,
Што ўзляцеў, каб ізноў на зямлю
Апусціцца і з пылам змяшацца,
І абсыпаць кусты і траву.
Калі можна ад пылу схавацца,
Ад самоты сваю галаву
Не схаваць, бо самота заўсёды,
Як паветра, ля нас і ў душы,
Праз якую і пыл, і лістота
Пралятаюць, праходзяць дажджы,
Пакідаючы сумныя вершы,
У якіх ёсць і лёд, і цяпло.
Што прайшло, больш таго ўжо не вернеш,
І ці трэба вяртаць, што прайшло,
І таму не кажы пра самоту,
Бо самота, як пыл, як вуглі,
Як стаптаная ў парку лістота,
Як у небе начным жураўлі…
20.01.2012
* * *
Ізноў вясна жаданая прыйшла,
І ў кожнай, нават незаўважнай кветцы,
Нібы анёлак, пабыла пчала,
Сваім лятаннем асвяціўшы сэрцы
Людзей, што цэлую зіму чакалі,
Калі зноў кветкі ў садзе зацвітуць,
І залатой ад сонца стане далеч,
Нібыта рыбкі залатыя там жывуць
У возеры нябесным, што адтала
І ад снягоў пазбавілася ўжо.
Пчала ў тваю кватэру залятала,
Хавалася ад ветру і дажджоў,
І ты казаў пчале, што ты сумуеш
І з ёй гатоў да сонца паляцець.
А ў сонцы, быццам у дупле, вяснуе
Руды вялікі сонечны мядзведзь,
Якога бачыў ты, калі ляцела
Пчала з тваёй кватэры ў белы свет,
Дзе раніцай упаў, растаў збялела
Апошні снег у першае траве…
16.05.2012
* * *
Спакойнае неба Айчыны,
Як купал адвечнага Храма,
Які берагчы мы павінны,
Дзе сёння іконаю мама
Мне стала і будзе іконай
Маёю, пакуль я жыву,
Дый потым травою зялёнай
Не стане, бо сам я ў траву
Сыду, каб іконаю мама
Была нада мною заўжды,
Дзе помнікі сценамі Храма
Стаяць ля крынічнай вады
У Ракаве родным і мілым,
Дзе светла, дзе гойна, дзе я
Стаю каля кожнай магілы
І кожная з іх, як мая…
31.05.2012