* * *
Дажджлівая халодная вясна
Табе прысніцца, і прачнешся ты,
І паглядзіш на белы свет з акна,
Нібыта зпад аціхлае вады,
Што ўчора бушавала і цякла
І праз тваю самотную душу,
Якая тут адвыкла ад цяпла,
Прывыкшы да бясконцага дажджу.
Ды дождж прайшоў, і наступіла лета,
І дзе была вада, цяпер трава
Буяе, і па жоўтых хвалях кветак
Плыве да вёскі белая царква…
І ты прачнуўся, і глядзіш з усмешкай
Удалячынь, дзе сонца, як акно,
Дзе лесу шнур, як у нябёсы сцежка,
І лён, нібы блакітнае віно,
Разлітае анёламі даўно…
5.06.2012
* * *
Цеплынёй, як вадой, заліваецца
Гэты свет, што забыў пра патоп,
Дзе на промні ў жніво рассыпаецца
Сонца спелае, быццам бы сноп
Аржаны, што звязала матуля
І пайшла адзінока ў той свет,
Пра які ўсё жыццё сваё чула,
Дзе цяпер нас чакае, жыве,
І праз зоркі глядзіць залатыя,
І яна гэтак будзе глядзець
Да тых хвіляў, пакуль мы жывыя,
Пакуль будзем да Бога ляцець…
25.06.2012
* * *
Маленькі павучок густою павуцінай
Аплёў ікону ў хаце, дзе людзей няма,
Дзе шыбы ў вокнах, нібы вечныя ільдзіны,
Якія тут для нас пакінула зіма,
Што адышла кудысьці з белымі ваўкамі,
Што вылі тут нядаўна, як спусцеў наш двор,
Дзе раптам разышлася глеба пад нагамі
У мамы, што глядзела на сцяжыну з зор
Панад сабою, панад нашым белым светам,
Дзе белага хапае, як зімой снягоў,
Якія ў дзьмухаўцах і ў павуціне летам
Жывуць, чакаючы, каб уладарыць зноў
Над намі, нібы павучкамі, што у хаце
Іконы аплялі, каб не глядзеў з іх Бог,
Які паўгода ўжо з маёй гаворыць маці,
Што да яго прыйшла, каб дараваць ён змог
Усім людзям грахі і павучку малому,
Які свайго яшчэ не мае дому…
18.07.2012
* * *
Яшчэ зусім далёка да зімы,
І ты глядзіш на свет і разумееш,
Што дом чужы падобны да турмы,
З якой да маразоў ты не паспееш
На волю выбрацца, і ў родны дом
Прыйсці, як вестка добрая прыходзіць
І, душы напаўняючы святлом,
Жыве і не знікае ў новым годзе,
Але яшчэ далёка да зімы
І ўсё далёкае зусім далёка,
І, як непрачытаныя тамы,
Гады шчэ непражытыя нялёгка
Лічыць і думаць: «Ці дазволіць Бог
Усё спазнаць, што ты спазнаць жадаеш?»
І ліст асенні падае да ног,
І ты яго, як зорку, падымаеш,
І ў дом чужы нясеш, каб пасвятлеў,
Як родны дом, які цябе чакае,
І дзе абрус бялюткі на стале,
Як даўні снег, ляжыць і не знікае…
3.08.2012
* * *
Агонь патухне і ссівее неба,
Бы шэранню ахопіцца вада,
І стане непатрэбным, што нам трэба
Было нядаўна, і ўзрасце жуда
Між камянёў забытай брукаванкі,
Дзе шчэ нядаўна грукалі вазы,
І скрыгаталі ўзімку сані й санкі
Па камянях, дзе з кроплямі расы
Перамяшаны кроў былі і слёзы,
Якімі быў затушаны агонь,
Які не грэў ні ў спёку, ні ў марозы,
А ўсё знішчаў, склікаючы варон
На свята смерці, дзе сівела неба,
Бо ў ім за зоры зачапляўся дым,
Якому нашая зямля не трэба
Была ні ў гэтым свеце і не ў тым,
Куды вядуць амаль усе дарогі,
Бо гэты свет часовы, як вада,
Што сёння нашыя цалуе ногі,
А заўтра ўжо вады і не відаць
З пяску, як з вечнасці, што нас чакае,
І будзе нас на могілках чакаць,
Дзе ўсё жывое, як вада, знікае,
Каб, знікшы раптам, болей не знікаць…
31.08.2012
* * *
Мог я нарадзіцца у Парыжы,
Толькі нарадзіўся ў Пугачах,
Дзе з лясоў асенні вецер рыжы
Рассыпае лісце па шляхах,
Па якіх вяртацца мне дахаты,
Дзе ёсць хата, толькі ў ёй няма
І не будзе болей мамы й таты
І чакаць іх і гукаць дарма.
І па лісці я іду асеннім,
Быццам па пражытых мной гадах,
І гатоў паўзці я на каленях,
Каб вярнуцца ў час, дзе ў Пугачах
Мы жывём усе, і нам далёка,
Быццам да Парыжа, да кладоў,
Над якімі сонца і аблокі,
Як самота наша і любоў.
І калі бацькі ўжо не чакаюць,
Нас чакаюць восень і клады,
Дзе вятры лісцё перабіраюць,
Як памерлых райскія сляды…
20.10.2012