* * *
Бацька ўжо не вернецца дадому,
Як з пажару не вяртаюцца, каб быць,
Ні рудыя мышы, ні салома,
Бо згарэлі, як усё гарыць
У агні, які жыццём завецца,
І ў якім нам радасць ёсць адна —
Разрываць сабе душу і сэрца,
Выпіўшы, як вечнасці, віна.
Бацька ўжо не вернецца дадому,
Бо і ён ужо стаміўся жыць
І паліць душу, нібы салому,
У якой усё ў труне ляжыць…
23.10.2012
* * *
Зноў бацька ў бальніцы, нібы на вакзале,
На лаўцы сядзіць, быццам бы на труне,
Што лаўкай для бацькі гаротнага стала,
Магчыма, на месяц, магчыма, і не.
І скардзіцца бацька, што кормяць тут дрэнна,
І піць так даюць, бы шкадуюць вады,
І хочацца мне белай фарбай на сценах
Пісаць: «Не трапляйце ніколі сюды!»
І бацька ўсміхаецца, быццам бы знае
Усё, што патрэбна яму заўтра знаць.
Ізноўку мяне ён на лаўцы чакае,
Забыўшыся дзень свой апошні чакаць…
24.10.2012
* * *
…Снегам усё замяцецца,
Нібы азораным тлом.
Мама ад ветру прачнецца,
Выйдзе на двор з ліхтаром,
І не пабачыць нічога,
Толькі бязмежнасць снягоў
Белай дарогай да Бога
Будзе прад мамай ізноў
Так, як і ўчора, заўчора,
Цэлую вечнасць назад…
Траваў зялёнае мора
З рыфамі дрэваў і хат
Бачыцца мне — гэта сніцца —
І я спяшаю дамоў,
І мне ніяк не пазбыцца
Гэтага сну, дзе ізноў
Снегам усё замяцецца,
Нібы азораным тлом.
Мама ад ветру прачнецца,
Выйдзе ў бязмеж з ліхтаром…
31.10.2012
* * *
Яшчэ будуць харошыя светлыя дні
І праскача па ўзгорках на белым кані
Маладая жанчына ў чырвоным плашчы,
Быццам бы мой анёлак, які Пугачы
Для мяне беражэ, каб журботны не быў
І каб з комінаў хат дым асенняй журбы
У нябёсы да мамы няспешліва плыў
І знікаў у вачах маёй мамы сівой,
Што заўсёды цяпер будзе жыць нада мной
Родным небам, дзе зараз аблокі й дажджы,
Родным полем, дзе зараз балота й глыжы,
Па якіх я іду, як выгнаннік, якому
Аніколі цяпер не прыйсці ўжо дадому,
Бо нікога ўжо дома няма і не будзе,
Але ўсё ж вы мне верце, журботныя людзі,
Яшчэ будуць харошыя светлыя дні,
І праскача па ўзгорках на белым кані
Маладая жанчына, як мама мая,
Хоць яе ўсё ж адзін буду бачыць тут я…
8.11.2012