Выбрать главу

Нечаканы госць

5.09.2009. Зіма. Мне дваццаць. Прыехаў на выхадныя ў вёску. Мяцеліца. Бачу праз акно: да нас нехта ідзе. Госць прыйшоў з Дубраў — гэта недзе кіламетраў шэсць ад маіх Пугачоў. І госць нечаканы — паэт, настаўнік Вячаслаў Міхасёнак. Прыйшоў спецыяльна, каб пазнаёміцца. Мама хуценька накрыла на стол. І мы хораша пасядзелі — чыталі вершы, расказвалі пра сябе, спрачаліся. Нагаварыўшыся, Вячаслаў раптам прапанаваў завесці мяне ў сваты да сваёй нядаўняй вучаніцы, якая жыве ў Пугачах. Я доўга адмаўляўся і ледзьве адмовіўся. Развітваючыся, Вячаслаў сказаў: «Калі б я быў маладзейшы, то я сам з ёй жаніўся б!» — і, уздыхнуўшы, пайшоў у мяцеліцу.

Старэйшы і старэйшая

8.09.2009. У сям’і было пяцёра дзяцей. Бацькі працавалі ў калгасе і старэйшыя дзеці, дванаццацігадовы хлопчык і адзінаццацігадовая дзяўчынка, даглядалі малодшых, якія яшчэ не хадзілі ў школу. У той жнівеньскі дзень бацькі затрымаліся на працы і дзеці, як заўсёды, гулялі ў двары. Старэйшая дзяўчынка прыдумала забаву для ўсіх: даскочыць да дратоў, якія працягнуты з хаты да склепа. Скакалі па чарзе, пачынаючы з малых. Меншыя не даскочылі. Застаўся старэйшы. Ён ува ўсім стараўся быць прыкладам для малодшых і таму добра разагнаўся і падскочыў так, што схапіўся за ніжні дрот... Хлопчыка хавала ўся вёска.

Бацькі і дзеці

9.09.2009. Бацькоўскі сход у гімназіі­каледжы мастацтваў. Усе ў зале сядзяць, як мышы пад венікам. Як заўсёды, дырэктарка робіць устаноўку, якімі павінны быць дзеці на працягу навучальнага года. І напрыканцы выступлення просіць, каб такога не было, як яна некалькі дзён сама бачыла, як дзевяцікласніца, спыніўшыся ў 50 метрах ад гімназіі­каледжа мастацтваў, зняла з сябе доўгую спадніцу і засталася ў міні, у якой і прыйшла на вучобу. І тут жа пасля двухгадзіннага маўчання зала ажыла — усе рассмяяліся, як дзеці.

Нет

10.09.2009. Сёмы клас. Мая аднакласніца, у якую я закаханы, сядзіць за апошняй партай у другім радзе, а я за другой на першым. Час ад часу я азіраюся, каб паглядзець на яе, і кожны раз спадзяюся, што нашы позіркі сустрэнуцца. Ды дзе там! Яна на мяне зусім не глядзіць. Але я ўпарты, і каб аднакласніца звярнула на мяне ўвагу, пачынаю пісаць вершы пра каханне і даваць іх усім пачытаць. Але гэта мне не дапамагае. І тады я пішу запіску, у якой пытаюся, ці згодная яна са мной сябраваць. Чакаю адказу амаль цэлы ўрок, і перад самым званком на перапынак мне перадаюць шматок прамакаткі, на якім напісана: «Нет».

Сяброўства

10.09.2009. Яны пасябравалі яшчэ ў школе. Потым разам вучыліся ў адным інстытуце. Збіраліся пажаніцца, але не пажаніліся. Бацькі былі супраць. Пасля размеркавання яны раз’ехаліся ў розныя гарады. Ён напісаў Ёй каля сотні лістоў. Яна ні на адзін не адказала. І вось яны выпадкова сустрэліся на вакзале ў Мінску. Ён ехаў у Маскву, а Яна ў Вільню. І яны некалькі гадзін прабылі разам. Ім было добра, і пры развітанні яны дамовіліся пісаць адзін аднаму. Яна напісала каля сотні лістоў, а Ён ні на адзін не адказаў. Цяпер яна адна жыве ў Вільні, а Ён адзін — у Маскве. Ім разам на дваіх хутка будзе семдзесят гадоў.

А дзе вы друкаваліся?

10.09.2009. Ён нарадзіўся ў 1930 годзе. У дваццаць гадоў, закахаўшыся, пачаў пісаць вершы. У дваццаць пяць жаніўся. У трыццаць у яго было ўжо трое дзяцей. Хапала клопату, але вершы пісаліся. Хацелася выдаць першую кніжку, прысвечаную жонцы. Збіраўся з кніжкай пяць гадоў, а сабраўшыся, з рукапісам не пайшоў у выдавецтва ў Мінску, а ў час адпачынку паехаў у Маскву ў «Маладую гвардыю». У рэдакцыі адразу запыталіся: «А дзе вы друкаваліся?» — «Пакуль што нідзе»,— адказаў малады чалавек. «Ну тады надрукуйцеся спачатку ў Мінску, а потым ужо прыязджайце да нас!» — параілі ў выдавецтве. І паэт вярнуўся дамоў. А дома праблемы — жонка закахалася ў іншага. Ледзьве не дайшло да разводу. І ён вырашыў — вось пайду на пенсію і там займуся выданнем кнігі. Дажыў да пенсіі. А тут Савецкі Саюз разваліўся. І зноў стала не да выдання кнігі. І толькі сёння паэт прыйшоў да мяне з рукапісам вершаў пра каханне. Вершы добрыя, іх можна друкаваць, але цяпер фінансавы крызіс...