Аднак гэтыя радкі не пра яе. Яны з маёй аповесці «Лісты і залатое лісце», у якой мая суседка існуе так, як і ў рэальным жыцці, са сваім мужыком, што ў мяне за сценкай начамі яе і любіць, і б’е, і потым яна ходзіць з падбітымі вачыма. Цяпер яны жывуць большменш мірна. Гадуюць сына. Я не ведаю, хто яна, як і яна не ведае, хто я, і што бурны перыяд яе кахання апісаны ў маім творы. Мужык суседкі са мной не вітаецца, нібыта прачытаў маё тварэнне і цяпер не ведае, што са мной утварыць…
* * *
31.05.2009. Гляджу фільм пра рамантычнае каханне. І раптам верш:
Навальніца
1.06.2009. Баюся навальніцы яшчэ з дзяцінства. Асабліва, калі пад навальніцу трапляю ў вёсцы. Тады ўжо ў думках малюся, у хаце чапляю галёшы на разеткі, каб з іх не выскачыла маланка. І наогул для мяне грымоты, як бамбёжка… Сённяшняя навальніца не напалохала, а, наадварот, акрыліла душу сваёй грымотнай нечаканасцю і прыгажосцю маланак. Я стаяў каля акна ў сваім кабінеце, у якім на стале кучы чужых вершаў і прозы, і глядзеў у неба. І мне хацелася разуцца і пабегаць па калюгах. Але…
«Тытанік» і аэробус
1.06.2009. Сёння памерла апошняя пасажырка «Тытаніка». Ёй было 93 гады. І сёння над Атлантыкай прапаў аэробус, які ляцеў рэйсам РыадэЖанейра — Парыж, на борце якога было 216 пасажыраў і 12 членаў экіпажа... Існуе стагоддзямі праверанае, што нічога выпадковага не бывае. Няўжо і гэтыя смерці нечым звязаныя паміж сабой у космасе нашага існавання, ці гэта толькі я іх паставіў побач і задумаўся?
Прыгажосць — страшэнная сіла
2.06.2009. Вечарам з працы вяртаюся дахаты. На маёй лесвічнай пляцоўцы маладая прыгожая незнаёмая жанчына з дзяўчынкай школьніцай звяртаецца да мяне: «Мы ключы забыліся! Не можам у кватэру зайсці. Муж у камандзіроўцы. Дапамажыце ўзламаць дзверы». Доўга не думаючы, бяру з дому манціроўку і выходжу на лесвічную пляцоўку. Спрабую ўзламаць дзверы. На грукатстукат з’яўляецца сусед Дзіма, які, убачыўшы мяне за працай, забірае манціроўку і пачынае з такім азвярэннем ламаць дзверы, што аж трэскі лятуць ува ўсе бакі. Крыху аддыхаўшыся, лаўлю сябе на пытанні: «Адкуль гэта раптам узялася ў нас новая суседка? Яе пару дзён назад не было! А што, калі гэта нейкая аферыстка? Мы ўзламаем дзверы, а яна вынясе з чужой кватэры ўсё, што зможа...» Уважліва агледзеўшы незнаёмку з галавы да ног, звяртаюся да Дзімы: «Канчай ламаць!» А Дзіма, нібыта мяне не чуе, працягвае штурм кватэры, бо незнаёмка, пачуўшы мяне, сказала: «Чым хутчэй узламаеце, тым больш заплачу!» Кончылася ўсё тым, што я адабраў у Дзімы манціроўку і прапанаваў незнаёмцы выклікаць майстра па ўскрыцці дзвярэй. Майстра прыехаў праз паўгадзіны, а я за гэты час даведаўся, што сапраўды ў нас два дні таму з’явіліся новыя суседзі...
Калі паэт, то сядзі...
4.06.2009. У гэтым годзе Васілю Быкаву было б 85... Успомнілася мая першая сустрэча з вялікім пісьменнікам. Гэта было на святкаванні трыццацігоддзя часопіса «Маладосць» у 1983 годзе. Я тады быў зусім маладым, і мяне рэдакцыя запрасіла выступіць ад імя ўсёй літаратурнай моладзі. Святкаванне праходзіла ў Доме літаратара. Я прыйшоў загадзя і мяне, каб не блытаўся сярод гасцей і наогул каб не ўцёк, Леанід Дайнека адвёў у кабінет літкансультантаў, дзе ўжо сядзеў Васіль Быкаў, якога я адразу пазнаў. Сказаўшы «Добры дзень», я сеў на вольнае крэсла. Васіль Уладзіміравіч, агледзеўшы мяне, грозна запытаўся: «Хто ты такі?!» — «Паэт. Віктар Шніп...» — нясмела адказаў я. «Ну, калі паэт, то сядзі!» — весялей сказаў Васіль Быкаў і пачаў распытвацца, адкуль я, хто мае бацькі, чым займаюся...