Выбрать главу

Фотаздымак Яўгена Крупенькі

9.06.2009. Мне з «ЛіМа» вярнулі пазычаны фотаздымак Яўгена Крупенькі. Імя для творчай моладзі зусім не вядомае. А прайшло ж пасля смерці паэта толькі гадоў пятнаццаць! І дзе сёння тыя ўдзячныя вучні, якія хадзілі да Яўгена Мікалаевіча як да літкансультанта «Чырвонай змены», пры якой працавала літаб’яднанне «Крыніцы»? Няўжо таксама памерлі? Не! Жывуць! Працуюць! Друкуюцца! Кожны думае пра сябе! А быў жа пры жыцці Крупенька не самым апошнім у літаратуры! Ды не адзін Яўген Крупенька амаль забыты! Анатоль Вялюгін, Аляксей Русецкі, Пятрусь Макаль... І ці не такі чакае лёс многіх сённяшніх творцаў, што адзін аднаго запісалі ў класікі?.. «Такі…» — кожны, хто паўторыць гэтае слова, падумае пра іншых і ні ў якім разе пра сябе…

Літво і пітво

10.06.2009. Коэльё, Муракамі, Кундэра... Літаратура для масавага чытача. Віно, шампанскае, гарэлка... Пітво для шумнага застолля. І першае, і другое прыносіць задавальненне. Але хто адважыцца паставіць знак роўнасці паміж літаратурнай творчасцю і пітвом? Відаць, толькі масавы чытач і п’яніцы, якія даўно нічога не чыталі...

Чэрвеньская завея

10.06.2009. Нарэшце цёпла. Навокал — тапалёвы пух, нібыта пачалася чэрвеньская завея. І ў нас на працы на дзявятым паверсе калідор, як дарога, замеценая снегам...

* * *

10.6.2009. Жанчына, якая спазнілася на аэробус, што пацярпеў катастрофу над Атлантыкай у дзень, калі памерла апошняя пасажырка «Тытаніка», сёння загінула ў аўтакатастрофе. Выпадкова, ці гэта затанулы «Тытанік» збірае пасажыраў?

Не шукай...

11.06.2009. У мяне на камп’ютары запісана песня «Не шукай...» у выкананні Данчыка. Калі бывае дрэнны настрой або проста сумна, я слухаю гэтую цудоўную песню: «Не шукай ты мяне каля жытніх палёў, не шукай, не шукай... Калі к сэрцу майму ты дарог не знайшоў, не шукай, не шукай... Не кажы ты мне слоў, што не грэюць цяплом, не кажы, не кажы... Калі сэрца тваё не палае вагнём, не кажы, не кажы...» І я адразу весялею, і мне хочацца жыць, любіць, кахаць, піць віно, спяваць і плакаць...

Не вінаваты я!

12.06.2009. Каля піўбара маладая жанчына гучна адчытвае падпітага мужа: «Апошні раз кажу! Каб болей не піў! І нават каб паху не было!» Мужчына не агрызаецца, а, як малое дзіця, якое толькі што было злоўлена за шкодніцтвам, глядзіць, нервова міргаючы, на жонку. І калі я праходзіў міма, мужчына павярнуў галаву да мяне, і ў яго вачах я прачытаў: «Не вінаваты я!»

* * *

12.06.2009. Не было дажджу. І было дрэнна, што няма дажджу. Цяпер ідзе дождж. І ўжо дрэнна, што ён ідзе. Нам, людзям, не дагодзіш...

Не хвалюйцеся!

15.06.2009. На фестываль песні і паэзіі ў Маладзечна былі запрошаны паэты. Перад тым як накіраваць выступоўцаў у навучальныя ўстановы горада, Міхась Казлоўскі, які курыраваў нас, патэлефанаваў дырэктару адной з навучальных устаноў, каб даведацца, як там падрыхтаваліся да сустрэчы свайго земляка Кастуся Цыбульскага. Дырэктар бадзёра адказаў: «Вы не хвалюйцеся! Мы ведаем, што ў нас будзе выступаць паэт Цыбулькін!»

Паэт і бомба

15.06.2009. Фотакарэспандэнт газеты «Культура» Юрый Іваноў спазніўся на выступленні паэтаў і, каб усё­ткі вярнуцца з фестываля песні і паэзіі дамоў з поўным фотарэпартажам, звярнуўся да мяне з просьбай пайсці з ім на цэнтральную плошчу Маладзечна і папазіраваць. Я не адмовіўся, хоць і быў гатовы ў любы момант згубіцца сярод людзей, якія прыйшлі на свята. Плошча была ачэплена міліцыяй, і прайсці на яе можна было толькі праз спецыяльныя праходы. Фотакарэспандэнт прайшоў без чаргі, а я хвілін дзесяць стаяў. І, калі мяне пачалі абшукваць, перад міліцыянерам з’явіўся Юрый Іваноў і незадаволена сказаў: «Гэта паэт! Навошта вы яго правяраеце?!» Міліцыянер, працягваючы абшукваць мяне, адказаў: «А што, калі гэты паэт з сабой бомбу нясе?..»

Алесь Жук і «Усё забудзецца...»

15.06.2009. Падпісаўшы дамову на выданне кнігі ў серыі «Школьная бібліятэка», да мяне зайшоў павітацца празаік Алесь Жук. Напачатку мы адзін аднаму паскардзіліся на дажджы, а потым я пацікавіўся: «Над чым новым цяпер працуеце?» — «Пішу вольную прозу. Кароткую, бессюжэтную. З сюжэтамі мне стала пісаць нецікава. Пішу пра тое, што мне помніцца. А кніжка будзе называцца: “Усё забудзецца...” — адказаў Алесь Аляксандравіч і, сумна ўсміхнуўшыся, дадаў: — Пішу, і мне цікава, але ці будзе каму цікава напісанае мной, не ведаю...»