Выбрать главу

Вальтэр і Казлоўскі

19.06.2009. У «Кнігазборы» Міхась Казлоўскі выдае Выбраныя творы Віктара Вальтэра, які, нарадзіўшыся ў 1902 годзе, пражыў усяго дваццаць дзевяць гадоў. У кнігу ўвайшлі раман «Роджаныя пад Сатурнам» і аповесць «Аднабочнікі». І гэта не першы літаратар, творы якога Міхась вяртае нам з нябыту. Ён вяртае, а некаторыя таварышы, трымаючы ў руках яго працу, пачынаюць выказваць свае думкі, як гэта можна было б зрабіць лепей, крытыкуюць, і амаль ніхто добрага слова не кажа маладзечанскаму краязнаўцу. Ды яму, па вялікім рахунку, нашых удзячных слоў і не трэба, для яго галоўнае — калі не можаце і не хочаце дапамагчы, дык хоць не перашкаджайце рабіць справу...

Хата без маці

20.06.2009. З братам прыехалі ў свае Пугачы. Дома бацька ўжо амаль чатыры месяцы адзін, пасля таго як захварэла маці, якая цяпер жыве ў нашай сястры. Ідзём праз нудотны дождж з аўтобуснага прыпынку. Нікога знаёмага. І не дзіўна — старыя жыхары выміраюць, а засяляецца нейкая набрыдзь, якая, пажыўшы ў вёсцы пару гадоў, едзе далей шукаць жыццё на дурніцу. Чым бліжэй падыходжу да роднай хаты, тым нясцерпней хочацца плакаць. Але трымаюся. Са мной малодшы брат…

* * *

20.06.2009. З братам капаемся ў градах. Бацька сядзіць на лаўцы каля хаты і назірае за намі. Час ад часу паглядаю на дзверы, бо мне здаецца, што яны вось­вось адчыняцца і выйдзе мама, і скажа: «Пара абедаць…» Але дзверы не адчыняюцца…

Пугачоўскі цырульнік

20.06.2009. Прыехаўшы ў вёску, заўсёды стрыгу і галю бацьку. Бывае такое, што яму і вуха нажніцамі, і шыю брытвай парэжу, а ён сядзіць і трывае. Ды і сёння неяк вытрываў мяне як цырульніка. Праўда, калі мой брат зайшоў у пакой, не змаўчаў: «Вова, садзіся, няхай Віця і цябе паголіць…» Брат, убачыўшы акрываўлены твар бацькі, замахаў рукамі і запытаўся ў мяне: «Няўжо такая брытва вострая?»

Нядзеля

21.06.2009. Раніца. Сонечна. На электрычцы едзем у Фаніпаль да Севы Гарачкі ў госці. Сядзім. У вагоне не шмат людзей… Вечарэе. Дождж. Вяртаемся дамоў. Ледзьве заціснуліся ў электрычку. Стаім. У вагоне палова студэнтаў і п’яных…

Дом і вершы Севы

21.06.2009. Сева Гарачка ўжо некалькі гадоў будуе свой дом. Не хату, а дом. Хата не можа быць двухпавярховай. І мы, прыехаўшы ў госці да Севы, сядзім у доме за сталом, п’ем віно і чытаем вершы. Дакладней, адзін Сева чытае, а мы ўсе слухаем і не слухаем. Жонка Севы паэтка, але ў доме гаспадар Сева, і таму толькі ён чытае нам вершы са школьных сшыткаў у лінейку. На вуліцы ідзе дождж, а нам добра, бо Сева чытае вершы ў сваім доме…

Чакаем восені…

21.06.2009. Сева Гарачка паказвае гасцям сваё багацце і расказвае пра сабаку, ката, папугая, хамяка, чарапаху, індыкачак. У агародзе расце чатыры градкі бульбы, градка агуркоў, буракоў і яшчэ шмат чаго, і вельмі шмат кветак і нятоптанай травы. Гэтай восенню Сева збіраецца стварыць на сваіх сотках невялічкі парк, дзе кожнае дрэва будзе пасаджана пісьменнікамі, якіх ён запросіць у госці. Абяцае да кожнага дрэва пачапіць шыльдачку з нержавейкі з прозвішчам таго, хто садзіў. Словам, чакаем восені…

Загадка Васіля Сахарчука

22.06.2009. Сярод патрэбных папер на маім стале ляжыць кніга Васіля Сахарчука «Мой вечны бор», якая ў 2004 годзе стала маёй першай рэдактарскай працай у выдавецтве «Мастацкая літаратура». Я час ад часу бяру яе ў рукі і перачытваю творы, спрабуючы разгадаць прычыны самагубства цудоўнага паэта. З Васілём я пазнаёміўся ў 1981 годзе ў Доме творчасці «Каралішчавічы» на семінары маладых літаратараў Беларусі. Напачатку некалькі гадоў перапісваліся, а потым, калі Васіль прыязджаў у Мінск, сустракаліся ў «ЛіМе», дзе я працаваў. Ужо сёмы год, як паэт па сваёй волі сышоў у іншы свет, напісаўшы незадоўга перад гэтым ад імя паэта Васіля Гадулькі «Споведзь самотніка», у якой ёсць радкі: «І я лячу над роднаю зямлёю, над роднай хатай зоркаю свячу, і разумею ўсіх, хто быў са мною, але да іх вяртацца не хачу». Па сутнасці, гэта ён напісаў, думаючы пра самога сябе. І чым больш учытваюся ў вершы Сахарчука, тым больш адчуваю холад адзіноты, у якім ён апошнія гады жыў, саграючыся чаканнем выхаду кнігі «Мой вечны бор». Але, на жаль, так і не дачакаўся. І, відаць, Васіль Сахарчук, даючы назву кнізе «Мой вечны бор», думаў не пра звычайны лес, а пра тыя крыжы на могілках, дзе яму вечна ляжаць. А значыць, ён рыхтаваўся да свайго сыходу. І хто мог яго стрымаць? Жонка? Сябры? Выхад кнігі? Не ведаю... Але дакладна ведаю, што паэтам у гэтым свеце сапраўды бывае настолькі цяжка жыць, што яны аднойчы канчаткова вырашаюць сысці ў свой вечны бор, у якім няма ні зайздрасці, ні спрэчак, ні звадак, бо ўсе мы ляцім да зор...