Загадка Алеся Асташонка
23.06.2009. 1 чэрвеня было б 55 гадоў празаіку Алесю Асташонку, калі б ён 6 верасня 2004 года па ўласнай (а можа і не) ахвоце не пайшоў з жыцця. Апошніх гадоў восем ён жыў ва Украіне, хаваючыся (а хавацца было трэба) ад людзей, якія абяцалі яго знайсці і адправіць на той свет. Час ад часу ад Асташонка ў Мінск сябрам прыходзілі лісты з урыўкамі ягоных перакладаў. Пісаў зрэдку Алесь і мне. У лістах ён не даваў амаль ніякіх звестак пра сваё жыццёбыццё, але затое заўсёды на некалькіх старонках былі спісы твораў, якія ён напісаў і пераклаў, і якія мяркуе перакласці або напісаць. І сёння, узгадваючы Алеся Асташонка, я не магу не задацца пытаннем: «А дзе тое ўсё, што Алесь стварыў у замежжы?», бо, думаю, хоць Алесь і вярнуўся ў Беларусь жменяй попелу, але гэта быў толькі яго попел, а не ягоных рукапісаў...
Чалавек з бомбай
23.06.2009. Рэзка адчыняюцца дзверы, і ў мой кабінет заходзіць мужчына, які адразу ад парога заяўляе: «Я вам прынёс бомбу!» Я спалохана гляджу на наведвальніка і прапаную сесці. Ён садзіцца насупраць і падае мне загорнутую ў белую паперу тоўстую ў сіняй вокладцы самвыдатаўскую кнігу. «А дзе бомба?» — пытаюся. «А вось гэта і ёсць бомба!» — адказвае мужчына і пачынае расказваць пра сябе: «Я працаваў у прамысловым аддзеле ЦК партыі. Цяпер на пенсіі, а рабіць жа нешта трэба, і я вось напісаў паэму. Выдайце!» Пагартаўшы кнігу, я заўважыў, што наведвальнік зарыфмаваўраскрытыкаваў гісторыю Расіі за апошнія дваццаць гадоў. «І што гэтым вы хочаце сказаць?» — пытаюся ў мужчыны. «Я сам з Валгаграда. У нас не хочуць мяне друкаваць. Надрукуйце вы! І вам будзе слава, а мне грошы!» — кажа наведвальнік, а я, яшчэ крыху пагартаўшы, аддаю кнігу назад са словамі: «Хавайце сваю бомбу, а то яна яшчэ чаго добрага наша выдавецтва падарве...»
Жыў на Вілейшчыне...
24.06.2009. На Вілейшчыне жыў і працаваў настаўнікам паэт Уладзімір Дубовік. На пачатку 80х гадоў у яго выйшла першая кніга. Потым другая. Мяне разам з ім разглядалі на секцыі паэзіі наконт прыёму ў СПБ. Я прайшоў, а Уладзіміра завалілі. Пасля гэтага ён стаў рэдка друкавацца і яшчэ радзей з’яўляцца ў сталіцы, а потым і зусім знік. Неяк, выступаючы ў адной з бібліятэк Вілейшчыны, я пацікавіўся іх земляком Уладзімірам Дубовікам. Мне расказалі, што Уладзімір, аднойчы ідучы з электрычкі, трапіў пад вялікі дождж, прамок і, прастыўшы, праз некаторы час памёр... І няма Уладзіміра Дубовіка ні ў энцыклапедыях, ні ў літаратуразнаўчых пераліках тых, хто жыў і працаваў у 80я гады мінулага стагоддзя. Колькі паэтаў з падобным лёсам на нашай зямлі! А колькі іх яшчэ будзе! І не заўсёды знойдзецца хто-небудзь, каб сабраць і выдаць усё тое, што напісаў забыты паэт...
Цялега
24.06.2009. Успомнілася. Працую ў «ЛіМе». Тэлефонны званок: «Прывітанне. Гэта я, Цялега. Віцёк, можна я табе вершаў сваіх прышлю?» — «Прысылай...» — паспяваю сказаць, бо сувязь перарываецца, пасля чаго я доўга ўспамінаю, хто такі Цялега, і не магу ўспомніць. Недзе праз год у рэдакцыю прыходзіць Анатоль Шушко і прыводзіць свайго аднакурсніка па філфаку Цялегу. Мы знаёмімся, і Цялега абяцае праз тыдзень выслаць вершы. Праходзіць тыдзень, месяц, год, пяць, а вершаў усё няма, і тут я выпадкова на вакзале сустракаюся з Шушко, які праз слёзы паведамляе, што едзе на пахаванне Цялегі, які, пасварыўшыся з жонкай, павесіўся...
Сыс і танцы
24.06.2009. Неяк у канцы 80х з Іванам Рубіным і Анатолем Шушко трапіў у госці да Анатоля Сыса, які жыў у інтэрнаце Белтэлерадыёкампаніі. Спачатку пілі віно і чыталі вершы, потым спрачаліся, спявалі, пілі віно і чыталі вершы, а потым пілі віно і паціху па адным на сваіх месцах каля стала засыналі. Толькі я паспеў заснуць, як пачуўся крык Сыса: «Пад’ём! Пачалася дыскатэка! Усе ідзём на танцы!» Сыс быў у адных трусах і, убачыўшы, што я прачынаюся, яшчэ гучней закрычаў: «Паэты! Шашкі на гала! За мной!» — і, скідаючы на хаду трусы, выбег з пакоя. Я, праўда, не распранаючыся, але босы, папёр за Сысом, а Рубін і Шушко, нешта прабубнеўшы нам услед, працягнулі спаць. З танцаў я ўцёк праз хвілін пяць. Хутка вярнуўся і голы Сыс, які ці то нам, ці тым, хто застаўся на танцах, пракрычаў: «Вы ўсе пралятаеце!» — і паваліўся на свой ложак...