Ёсць фільмы…
14.07.2009. Ёсць фільмы, і даволі для мяне класныя, якія адзін раз паглядзеўшы, баюся другі раз глядзець. Сёння пачаўся серыял «Майстар і Маргарыта». Гартаючы каналы, натрапіў на яго кадры і хуценька пераключыўся. Не магу глядзець! А чаму — і сам не ведаю. Праўда, думаючы пра нежаданне бачыць раней гледжаны фільм, чамусьці ўспомнілася выказванне: «У адну і тую ж раку нельга ўвайсці двойчы»…
Кніга з «Куфэрка Віленшчыны»
16.07.2009. Пра тое, што ў «Кнігазборы» павінен выйсці томік Віктара Вальтэра (1902 — 1931) «Выбраныя творы», я ўжо раней пісаў. А сёння Міхась Казлоўскі, дзякуючы якому стала магчымым выданне гэтай патрэбнай кнігі, падарыў мне яе. Радасна, бо з небыцця вяртаецца яшчэ адно імя багдановічаўскага лёсу. Разгортваю кнігу і чытаю: «Бібліятэчка альманаха «Куфэрак Вілейшчыны». №13». Вось табе і на! Адразу напароўся на памылку, бо правільна: «Куфэрак Віленшчыны»! Пішу пра гэтую недарэчнасць не таму, што вось я такі ўважлівы, а таму, каб ведалі, што кніга Віктара Вальтэра папоўніла «Куфэрак Віленшчыны», багацце для якога, хутка ўжо дзесяць гадоў, збірае мой сябра і зямляк Міхась Казлоўскі. Нізкі яму паклон.
Мы ўсе разумныя…
16.07.2009. Мы ўсе разумныя, калі думаем пра чужыя ўчынкі, якія ў нас саміх не выклікаюць захаплення, і таму мы часцей гаворым: «Я б так не рабіў!», чым: «Малайчына! І я б так зрабіў!» А найбольш мы ўсе разумныя нічога не рабіць, а толькі назіраць… Мы ўсе разумныя… А хто ж тады дурань? Той, хто працуе?
Сярэдзіна лета
17.07.2009. Учора жонка коратка падстрыгла мяне. Сёння апрануў ільняную кашулю без каўняра. Паглядзеў у люстэрка. «Вязень падрыхтаваны да гільяціны»,— самі па сабе вырваліся з маіх вуснаў словы.
Айсберг
17.07.2009. Чалавечае жыццё — гэта айсберг у акіяне вечнасці, дзе сам чалавек — гэта тыя дзесяць працэнтаў айсберга, якія заўсёды пад сонцам часу...
Мама і тата
19.07.2009. На лавачках каля пад’ездаў цэлымі днямі сядзяць бабулі, як кантралёры на прахадной у інтэрнаце. Выйшаўшы на балкон, можна пачуць, пра што яны гавораць. І вось сёння я стаў слухачом адной гісторыі, якую расказала сваім сяброўкам бабуля з суседняга пад’езда: «Гэта было даўно. Я тады з сям’ёй жыла ў рабочым інтэрнаце. Зіма. На вуліцы лютаўскі мароз. Муж суседкі панёс смецце выкідаць. Выкінуў і, каб высыпалася апошняя паперчына, якая прыклеілася да дна, ён пастукаў вядром аб кантэйнер, у якім пасля яго стуку зашавялілася смецце. Мужчына яшчэ раз пастукаў, і ў смецці пачуўся слабы піск. «Відаць, нехта кацянё выкінуў»,— падумаў сусед і пачаў разграбаць паперы. Аж раптам бачыць: у брудных анучах загорнута дзіця. Прынёсшы малое дамоў, сусед зайшоў да нас: «Хадзіце паглядзіце! Жонка мая сына нарадзіла, а я дзяўчынку для яго прынёс!» Калі мы цалкам разгарнулі анучы, то ўбачылі хлопчыка. У суседзяў быў такі ж малы. І яны нікуды знайдыша не здалі, а гадавалі хлопчыкаў разам, гаворачы, што яны блізняты. Сапраўдная ж маці знайдыша жыла ў суседнім пад’ездзе і ніколі, пакуль малы рос, не падышла да яго на вуліцы. Знайдыш закончыў на выдатна школу, потым інстытут і стаў хутка зарабляць добрыя грошы і дапамагаць прыёмным бацькам. І тут ягоная маці, калі яе можна так назваць, падала ў суд на людзей, якія выгадавалі яе сына, патрабуючы, каб ёй вярнулі дзіця, якое яны ў яе скралі. Адбыўся суд. Але жанчына, якая выкінула ў сметніцу свайго малога, нічога не дамаглася. І сёння той хлопец жыве. У яго ёсць свая сям’я, і людзей, якія яго выгадавалі, ён называе мамай і татам…»
Святар і паэт
22.07.2009. Патэлефанаваў Міхась Казлоўскі. Ён, вычытаўшы ў «Маладзечанскай газеце» невялічкую інфармацыю, у якой гаварылася, што ў Дубраўскай царкве бацюшка Іван Крупко правёў службу «За Беларусь і беларускі народ», адшукаў тэлефон майго землякапатрыёта. Бацюшка аказаўся не толькі свядомым беларусам, але і паэтам. Цяпер Міхась рупіцца, як дапамагчы Івану Крупко выдаць кніжку. А вершы святара сапраўды вартыя чытацкай увагі…
Благаславіце душу паэта…
23.07.2009. У ноч з 13 на 14 лістапада 2008 года Віктару Праўдзіну прысніўся сон, у якім ён ішоў у холдынг «ЛіМ» і сустрэў Алеся Пісьмянкова, які яшчэ на пачатку 2004 года памёр. «Алесь, куды ідзеш?» — запытаўся ў яго Віктар. «Іду на працу».— «А дзе ты працуеш?» Алесь не адказаў, а папрасіў дапісаць верш, які ён не можа ніяк закончыць. «Я не магу дапісаць, бо я ж празаік!» — сказаў Праўдзін. «Добра. Тады перадай Шніпу, няхай ён дапіша!» — папрасіў Пісьмянкоў і, зачытаўшы свой твор, знік у дзвярах холдынга. Прачнуўшыся, Праўдзін успомніў толькі два радкі: «Благаславіце душу паэта. Благаслаўляйце нас кожны дзень!» У гэты дзень памерлі Генадзь Кісялёў і Аляксандр Дракахруст. А я пакуль што не выканаў просьбу Алеся Пісьмянкова…