— Так-так, яго памылкова абвінавацілі ў картачным махлярстве.
— Ён сказаў, што вы можаце развязаць любую праблему.
— Ён перабольшыў.
— Што вы ніколі не ведалі паразы.
— Я цярпеў паразу чатыры разы — тры разы ад мужчынаў і адзін ад жанчыны.
— Але ці можна гэта параўнаць з колькасцю вашых перамогаў?
— Так, звычайна я дасягаю поспеху.
— Значыць, вы можаце дасягнуць поспеху і ў маёй справе.
— Тады прашу вас падсунуць крэсла бліжэй да агню і ласкава паведаміць мне падрабязнасці вашай справы.
— Яна не зусім звычайная.
— Звычайныя да мяне не трапляюць. Я — найвышэйшы апеляцыйны суд.
— І тым не менш, сэр, сумняюся, што пры ўсім вашым багатым досведзе вам хоць раз даводзілася чуць пра больш загадкавыя і невытлумачальныя падзеі, чым тыя, што адбыліся з маёй сям’ёй.
— Вы мяне зацікавілі, — сказаў Холмс. — Прашу вас для пачатку паведаміць самыя асноўныя факты, а потым я распытаю вас пра дэталі, якія пададуцца мне важнымі.
Малады чалавек падсунуў крэсла і выцягнуў мокрыя ногі да каміна.
— Мяне завуць Джон Апэншоў, — пачаў ён, — але, як я разумею, мае ўласныя справы маюць мала дачынення да гэтых пачварных падзеяў. Гэта пытанне спадчыны, але каб даць вам агульнае ўяўленне пра справу, я мушу вярнуцца да самага яе пачатку.
Трэба згадаць, што ў майго дзеда было два сыны — мой дзядзька Элаяс і мой бацька Джозэф. Бацьку належала маленькая фабрыка ў Ковентры, і калі вынайшлі ровар, ён яе пашырыў. Ён валодаў патэнтам на вельмі трывалыя шыны “Апэншоў”, а таму фабрыка яго квітнела, і, прадаўшы яе, ён змог з салідным дастаткам пайсці на спачынак.
Дзядзька Элаяс яшчэ ў маладосці эміграваў у Амерыку і зрабіўся плантатарам у Фларыдзе — казалі, яго справы ідуць проста цудоўна. Падчас вайны ён змагаўся ў войсках Джэксана, а пазней — пад кіраўніцтвам Худа і даслужыўся да палкоўніка. Калі генерал Лі склаў зброю, дзядзька вярнуўся на сваю плантацыю, дзе пражыў яшчэ тры ці чатыры гады. У 1869 ці 1870 ён вярнуўся ў Еўропу і набыў невялікі маёнтак пад Хоршэмам у Сасэксе. У Штатах ён валодаў значнай маёмасцю і пакінуў яе з прычыны свае агіды да неграў і няўхвальнага стаўлення да рэспубліканскай палітыкі, якая перадугледжвала наданне ім права голасу. Ён быў дзіўным чалавекам, жорсткім і запальчывым, у гневе брыдка лаяўся — і ўвогуле цураўся людзей. Сумняюся, што цягам пражытых пад Хоршэмам гадоў ён хоць раз выбраўся ў горад. Вакол яго дома ляжаў сад і два ці тры лугі, дзе ён мог шпацыраваць — хаця часта цэлымі тыднямі і носа з дому не паказваў. Ён піў шмат брэндзі і бесперастанку курыў, але пазбягаў людзей, нават уласнага брата, і не збіраўся заводзіць сяброў.
Але супраць мяне ён нічога не меў і нават адчуваў нейкую прыхільнасць, бо калі першы раз мяне ўбачыў, мне было ўсяго дванаццаць ці каля таго. Гэта здарылася ў 1878 годзе, калі ён пражыў у Англіі восем ці дзевяць гадоў. Ён угаварыў майго бацьку дазволіць мне пасяліцца з ім і ставіўся да мяне па-свойму добра. Калі ён быў цвярозы, то любіў гуляць у нарды і шашкі, апроч гэтага даверыў мне весці ўсе справы са слугамі і гандлярамі, і таму калі мне споўнілася шаснаццаць, я зрабіўся поўным гаспадаром у яго доме. Я захоўваў усе ключы, мог пайсці куды захачу і рабіць усё што захачу, калі гэта не парушала яго самоты. Было толькі адно дзіўнае выключэнне: маленькі нязменна замкнуты пакойчык, нават камора, і нікому — ні мне, ні камусьці іншаму — не дазвалялася ў яго заходзіць. З хлапечае цікаўнасці я зазіраў туды праз замочную шчылінку, аднак ніколі не мог разгледзець нічога, апроч некалькіх старых куфраў і пакункаў, у такім памяшканні цалкам звыклых.
Аднойчы ў сакавіку 1883 году на стале перад сняданкам палкоўніка апынуўся ліст з замежнай маркай. Лісты ў дзядзькавым доме былі рэдкасцю, бо рахункі ён заўсёды аплачваў гатоўкай і не меў ніякіх сяброў ці прыяцеляў. “Гэта з Індыі! — сказаў ён, беручы ліст. — Марка горада Пандычэры! Што б гэта магло быць?” Ён паспешліва ўскрыў канверт, і адтуль вываліліся пяць маленькіх высахлых апельсінавых зярнятак, якія рассыпаліся па талерцы. Я засмяяўся, але смех застыў на маіх вуснах, калі я ўбачыў выраз яго твару. Губа яго адвісла, вочы вырачыліся, скура набыла жаўтавата-шэрае адценне, а сам ён пільна ўзіраўся ў канверт, які ўсё яшчэ трымаў у дрыготкай руцэ.
— ККК! — усклікнуў ён. — Божа мой! Божа мой! Прыйшла адплата за мае грахі!
— Дзядзька, што гэта? — спытаў я.
— Смерць, — адказаў ён, падняўся з-за стала і пайшоў у свой пакой, пакінуўшы мяне ў трымценні і жаху. Я падняў канверт і ўбачыў з адваротнага боку, проста над клеем, накрэмзаныя чырвоным атрамантам тры літары К. І больш нічога — апроч пяці высахлых зярнятак. У чым жа тады прычына яго ўсёпаглынальнага жаху? Я выйшаў з-за стала і, падымаючыся па лесвіцы, сустрэў яго са старым іржавым ключом, хутчэй за ўсё ад замка той каморы, у адной руцэ і маленькім масянжовым куфэркам — у такіх часта захоўваюць грошы — у другой.