— Ён прыехаў з вамі ў Лондан?
— Не. Яму загадалі заставацца ў маёнтку.
Холмс зноў замахаў кулакамі:
— І навошта вы сюды прыйшлі? — крычаў ён. — І самае галоўнае — чаму вы адразу да мяне не звярнуліся?
— Але я не ведаў... Я толькі сёння расказваў пра свае праблемы маёру Прэндэргасту, і ён параіў звярнуцца да вас.
— Прайшло ўжо два дні, як вы атрымалі ліст. Брацца за справу трэба было раней. Мяркую, што іншых фактаў, апроч толькі што прыведзеных, у вас няма? Можа, якія падрабязнасці, што маглі б нам дапамагчы?..
— Ёсць яшчэ адно, — сказаў Джон Апэншоў. Ён пашнарыў па кішэнях, выцягнуў адтуль кавалак выцвілай сіняй паперы і паклаў яго на стол. — Мне прыгадваецца, што ў дзень, калі дзядзька паліў паперы, маленькія абрыўкі, якія засталіся ў попеле, былі менавіта такога колеру. Гэты аркуш ляжаў на падлозе ў дзядзькавым пакоі, і я схільны лічыць, што ён вываліўся з агульнага стосу і такім чынам пазбегнуў агню. Але апроч таго, што ў ім згаданыя зярняткі, я не бачу ад яго вялікае карысці. Думаю, гэта проста старонка з чыйгосьці дзённіка. Почырк, несумненна, дзядзькаў.
Холмс падсунуў лямпу, і мы разам схіліліся над аркушам, які, мяркуючы па няроўным краі, быў вырваны з кнігі. Зверху быў надпіс: “Сакавік 1869”, а пад ім — наступныя загадкавыя нататкі:
4-га. З’явіўся Гудзон. Платформа ранейшая.
7-га. Зярняткі дасланыя Мак-Коўлі, Парамору і Джону Свэйну з Сэнт-Аўгусціна.
9-га. Мак-Коўлі прыбраўся.
10-га. Джон Свэйн прыбраўся.
12-га. Наведалі Парамора. Усё ў парадку.
— Дзякую, — сказаў Холмс, складваючы паперу і вяртаючы яе нашаму госцю. — Цяпер вам нельга губляць ні хвіліны. Мы не можам марнаваць час нават на абмеркаванне таго, што вы мне расказалі. Вы мусіце тут жа ехаць дадому і дзейнічаць.
— Што я павінен рабіць?
— Толькі адну рэч — але неадкладна. Пакладзіце гэты аркуш у згаданы вамі масянжовы куфэрак. Далучыце да яго цыдулку, дзе пазначце, што ваш дзядзька спаліў усе астатнія паперы і што больш нічога не захавалася. Напішыце гэта так, каб яны вам паверылі. Пасля адразу ж нясіце куфэрак да сонечнага гадзінніка, як пазначана ў лісце. Вы зразумелі?
— Усё зразумеў.
— Пакуль што не думайце ні пра якую помсту ці яшчэ штосьці. Мяркую, мы зробім гэта законнымі сродкамі — бо нам трэба яшчэ сплесці нашую сетку, а іх сетка даўно ўжо гатовая. Найперш трэба вызваліць вас з сур’ёзнай небяспекі, якая вам пагражае. Наступная мэта — раскрыць таямніцу і пакараць вінаватых.
— Вялікі вам дзякуй, — сказаў малады чалавек, устаючы і надзяваючы плашч. — Вы вярнулі мне жыццё і надзею. Безумоўна, я зраблю так, як вы сказалі.
— Не губляйце ні хвіліны. І самае галоўнае — беражыце сябе, бо я нават не сумняюся, што вам пагражае сапраўдная небяспека, якая насоўваецца ўсё бліжэй. Як вы паедзеце назад?
— Цягніком з вакзала Ватэрлоо.
— Яшчэ няма дзевяці. На вуліцах будзе тлумна, і вас гэта, спадзяюся, абароніць. Але ў любым выпадку асцярожнасць не будзе лішняй.
— Я ўзброены.
— Гэта добра. Заўтра я вазьмуся за вашую справу.
— Мне чакаць вас у Хоршэме?
— Не, разгадка вашай таямніцы хаваецца ў Лондане. Тут я і буду яе шукаць.
— Тады я зазірну да вас праз дзень ці два, раскажу пра куфэрак і паперы. Я буду дакладна трымацца вашае парады.
Ён паціснуў нам рукі і выйшаў. На вуліцы ўсё гэтак жа скавытаў вецер, а ў вокны барабаніў дождж. Здавалася, што гэтую дзіўную і страшную гісторыю прынеслі нам неўтаймоўныя стыхіі, кінулі яе, як кідае бура абрывак марское водарасці, і цяпер забралі назад.
Некаторы час Шэрлак Холмс сядзеў моўчкі, апусціўшы галаву і ўтаропіўшыся ў чырвонае полымя каміна. Потым закурыў сваю люльку і, адкінуўшыся на спінку фатэля, пачаў назіраць за сінімі колцамі дыму, якія падымаліся да столі, даганяючы адно адное.
— Думаю, Ўотсан, — урэшце заўважыў ён, — што сярод усіх нашых справаў не было больш фантастычнай, чым гэтая.
— За выняткам гісторыі пра Знак чатырох.
— Ну, хіба што... Так, вы маеце рацыю... І ўсё ж я думаю, што небяспека, якая пагражае Джону Апэншоў, яшчэ большая, чым тая, што вісела над братамі Шолта.
— Але ці маеце вы, — спытаў я, — нейкае ўяўленне пра гэтую небяспеку?
— Сумневаў адносна яе характару і быць не можа, — адказаў Холмс.
— Тады ў чым яна палягае? Хто хаваецца за ініцыяламі ККК і чаму ён пераследуе няшчасную сям’ю?
Шэрлак Холмс заплюшчыў вочы і, абапершыся на падлокніцы, звёў кончыкі пальцаў.
— Калі сапраўдны мысляр, — пачаў ён, — убачыць хаця б адзін факт ва ўсёй яго паўнаце, ён зможа не толькі прасачыць увесь ланцуг падзеяў, якія сталі яго прычынай, але і прадказаць, да якіх вынікаў ён прывядзе. Як Кюўе мог беспамылкова апісаць усю жывёлу, разгледзеўшы адну толькі яе костку, так і назіральнік, які дэталёва вывучыў адно звяно ў ланцугу падзеяў, здольны дакладна ўзнавіць усе астатнія, папярэднія і наступныя. Пакуль мы яшчэ не дайшлі да высноваў, якія можа зрабіць толькі розум. Каб развязаць любую праблему, трэба яе даследаваць, на што не здольныя ўсе тыя, хто шукае рашэнне з дапамогай пачуццяў. Але каб у найвышэйшай ступені авалодаць гэтым майстэрствам, мысляру неабходна ўмець выкарыстоўваць усе вядомыя яму факты, а гэта значыць, як вы лёгка заўважыце, што ён мусіць ведаць усё, — а гэта рэдкая з’ява нават у нашыя дні даступнай адукацыі і энцыклапедыяў. Больш імаверна, аднак, што чалавек авалодае ўсімі ведамі, які могуць прыдацца яму ў працы, што я і паспрабаваў зрабіць. Калі я нічога не блытаю, аднойчы, яшчэ ў пачатку нашага сяброўства, вы дакладна акрэслілі межы маіх ведаў.