— Усё правільна, — адказаў я смеючыся, — гэта быў дзівосны дакумент. Веды па філасофіі, астраноміі і палітыцы былі, помніцца, пазначаныя як нулявыя. Веды па батаніцы — сярэднія, па геалогіі — глыбокія, калі справа датычыць плямаў бруду з любога раёну ў межах пяцідзесяці міляў ад горада, па хіміі — спецыфічныя, па анатоміі — урыўкавыя, веданне крымінальнай літаратуры і ўсяго звязанага з гэтай тэмай — унікальнае, скрыпач, баксёр, валодае рапірай, ведае законы, труціць сябе какаінам і тытунём. Гэта самыя асноўныя пункты майго даследавання.
На апошніх словах Холмс ухмыльнуўся.
— Што ж, — сказаў ён, — скажу цяпер тое самае, што і тады: на сціплым гарышчы свайго мозгу чалавеку варта трымаць толькі тое, чым ён плануе карыстацца, а астатняе хай захоўвае ў бібліятэцы, дзе ў любы момант можна ўсё знайсці. Але каб разабрацца са справай, прапанаванай нам сёння вечарам, мы мусім мабілізаваць усе нашыя рэсурсы. А таму прашу ласкава перадаць мне том на літару “К” з Амерыканскай энцыклапедыі, якая стаіць на паліцы за вашай спінай. Дзякую. Цяпер давайце абмяркуем сітуацыю і паглядзім, якія высновы можна тут зрабіць. Па-першае, пачнем з важнага для нас дапушчэння, што ў палкоўніка Апэншоў былі вельмі сур’ёзныя прычыны пакінуць Амерыку. Людзі ў яго ўзросце не схільныя змяняць свае звычкі і добраахвотна адмаўляцца ад прыемнага фларыдскага клімату дзеля самотнага існавання ў ангельскай правінцыі. Яго надзвычайная цяга да адзіноты ў Англіі падказвае нам, што ён кагосьці ці чагосьці баяўся, а таму ў якасці працоўнай гіпотэзы прымем тое, што менавіта гэты страх прымусіў яго з’ехаць з Амерыкі. Што да прычынаў гэтага страху, то тут мы можам меркаваць, што ён неяк звязаны са злавеснымі літарамі, атрыманымі ім і яго спадкаемцамі ў лістах. Вы заўважылі, якія там былі маркі?
— Першая была з Пандзічэры, другая — з Дандзі, а трэцяя — з Лондану.
— З усходняга Лондану. Якія высновы вы можаце адсюль зрабіць?
— Усё гэта марскія парты. А значыць, лісты пісаліся на караблі.
— Цудоўна. Вось мы і маем адзін ключ. Імаверна, вельмі імаверна, што лісты пісаліся на борце карабля. Цяпер зірнем з іншага боку. Калі ліст прыйшоў з Пандзічэры, паміж пагрозай і яе выкананнем мінула сем тыдняў, у выпадку з Дандзі — усяго тры ці чатыры дні. Пра што гэта сведчыць?
— Пра большую адлегласць, якую трэба было пераадолець.
— Але большую адлегласць мусіў пераадолець і ліст.
— Тады я не ведаю, у чым рэч.
— Ну, як найменш мы можам зрабіць дапушчэнне, што судна, на якім знаходзіцца гэты чалавек, ці гэтыя людзі — паруснае. Усё гаворыць пра тое, што кожны раз яны дасылалі гэтыя дзіўныя папярэджанні ці ўказанні перад тым як адправіцца выконваць свой намер. Вы бачыце, як хутка прыйшла смерць пасля ліста з Дандзі. Калі б яны плылі з Пандзічэры параходам, то прыбылі б у Англію амаль адразу пасля ліста. Але тут прайшло сем тыдняў. І я думаю, што гэтыя сем тыдняў ёсць розніцай паміж хуткасцю паштовага парахода, з якім прыйшоў ліст, і паруснага карабля, на якім прыплыў яго аўтар.
— Цалкам магчыма.
— Гэта больш чым магчыма. Гэта праўдападобна. Цяпер вы бачыце, як неабходна спяшацца ў нашым выпадку; вось чаму я настойваў, каб малады Апэншоў быў асцярожным. Удар заўсёды абрынаўся на адрасата ў канцы тэрміну, патрэбнага аўтару ліста, каб пераадолець адлегласць. Але апошні ліст прыйшоў з Лондану, а таму мы не можам разлічваць на адтэрміноўку.
— Божа мой! — ускрыкнуў я. — Што можа значыць гэты бязлітасны пераслед?
— Відавочна, што паперы, якія захоўваў Апэншоў, жыццёва патрэбныя чалавеку ці людзям з карабля. Я ўпэўнены, што ў справе ўдзельнічае больш чым адзін чалавек. Адзін чалавек не змог бы ўчыніць два забойствы так, каб збіць з панталыку каранёрскі суд. Іх мусіць быць некалькі, вынаходлівых і рашучых. Яны вырашылі здабыць свае паперы, у чыіх бы руках яны ні знаходзіліся. У такім выпадку нельга разглядаць літары ККК як ініцыялы — гэта знак пэўнай суполкі.