— Але якой?
— А вы хіба ніколі, — схіліўшыся ўперад і сцішыўшы голас, спытаў Шэрлак Холмс, — зусім ніколі не чулі пра ку-клукс-клан?
— Ніколі.
Холмс перагарнуў старонкі кнігі, што ляжала ў яго на каленях.
— Вось яно, — сказаў ён праз хвіліну. — “Ку-клукс-клан. Назва паходзіць ад спалучэння гукаў, якія нагадваюць гук узвядзення затвора вінтоўкі. Гэтая жахлівая таемная суполка была арганізаваная ў паўднёвых штатах былымі салдатамі Канфедэрацыі пасля Грамадзянскай вайны і хутка займела мясцовыя аддзяленні ў розных раёнах краіны, найбольш у штатах Тэнэсі, Луізіяна, абодвух Каралінах, Джорджыі і Фларыдзе. Суполка выкарыстоўвала свае сілы для дасягнення палітычных мэтаў, пераважна запалохвання негрыцянскіх выбаршчыкаў, а таксама забойства ці высялення з краіны тых, хто змагаўся супраць поглядаў яе ўдзельнікаў. Іх гвалтоўнаму ўмяшанню зазвычай папярэднічалі пагрозы, якія дасылаліся непажаданай асобе ў вычварнай, але часцей за ўсё пазнавальнай форме — дубовая галінка ў адных мясцовасцях, дынныя семечкі ці зярняткі апельсіна — у іншых. Атрымаўшы такое папярэджанне, ахвяра мусіла альбо адкрыта адхрысціцца ад сваіх ранейшых поглядаў, альбо пакінуць краіну. Калі яна кідала сваім пераследнікам выклік, яе нязменна спасцігала смерць, звычайна вельмі дзіўная і непрадказальная. Арганізацыя суполкі была такой прадуманай, а яе метады — такімі адпрацаванымі, што наўрад ці вядомы хоць адзін выпадак, калі ахвяра змагла беспакарана пагрэбаваць папярэджаннем ці калі выканальнікі злачынства былі знойдзеныя і схопленыя. Нягледзячы на ўсе захады ўраду Злучаных Штатаў і найлепшых прадстаўнікоў Поўдня, некалькі гадоў арганізацыя квітнела. Урэшце ў 1869 годзе рух нечакана спыніў існаванне, хаця адзінкавыя ўспышкі злачынстваў такога кшталту адбываліся і пазней”.
— Як вы можаце заўважыць, — працягнуў Холмс, адкладаючы том, — нечаканае спыненне дзейнасці суполкі супала з ад’ездам палкоўніка Апэншоў з Амерыкі разам з паперамі. Цалкам магчыма, што мы маем і прычыну, і вынік. Няма нічога дзіўнага ў тым, што па слядах палкоўніка і яго сям’і ідуць бязлітасныя пераследнікі. Вы ж разумееце, што ў гэтых дзённіках і рэестрах могуць згадвацца найвядомейшыя асобы Поўдня, і многія з іх не змогуць спакойна спаць, пакуль не вернуць паперы.
— Значыць, старонка, якую мы бачылі...
— Гэта акурат тое, чаго і варта было чакаць. Калі я правільна помню, там было напісана: “Зярняткі дасланыя А, Б і В”, — значыць, суполка даслала ім папярэджанні. Наступныя запісы паведамлялі, што А і Б прыбраліся, то бок пакінулі краіну, а В наведалі, і гэта, баюся, не прынесла В нічога добрага. Што ж, доктар, думаю, мы можам праліць святло на гэтую цёмную справу. А тым часам адзінае ратаванне для маладога Апэншоў — гэта выканаць тое, што я яму сказаў. Сёння мы не можам больш нічога ні сказаць, ні зрабіць, а таму перадайце мне, калі ласка, маю скрыпку і давайце паспрабуем хаця б на паўгадзінкі забыць пра паскуднае надвор’е і пра яшчэ больш паскудныя ўчынкі нашых бліжніх.
Ранкам распагодзілася, і праз цьмяную завесу, якая накрыла наш вялікі горад, няўпэўнена прабіваліся сціплыя помні сонца. Калі я спусціўся, Холмс ужо снедаў.
— Выбачайце, што не пачакаў вас, — сказаў ён, — але я адчуваю, што мяне чакае шмат працы з расследаваннем справы маладога Апэншоў.
— Што вы плануеце рабіць? — спытаў я.
— Усё залежыць ад вынікаў маіх першых росшукаў. Магчыма, мне нават давядзецца ехаць у Хоршэм.
— Вы не збіраецеся з гэтага пачаць?
— Не, пачну я з Сіці. А вы пазваніце, служанка прынясе вам кавы.
Чакаючы сняданку, я ўзяў са стала яшчэ не разгорнутую газету і пачаў яе праглядаць. Вочы выхапілі загаловак, ад якога схаладзела сэрца.
— Холмс, — ускрыкнуў я, — вы спазніліся!
— Ох, — сказаў ён, ставячы кубак, — я баяўся, што так яно і будзе. Як гэта здарылася?
Гаварыў ён спакойна, але адчувалася, што ён моцна ўражаны.
— Мне кінулася ў вочы імя Апэншоў і назва: “Трагедыя ля моста Ватэрлоо”. Вось што тут пішуць:
“Паміж дзевяццю і дзесяццю гадзінамі мінулае ночы канстэбль Кук з акругі Н., які дзяжурыў ля моста Ватэрлоо, пачуў плёскат вады і крыкі аб паратунку. Аднак ноч была вельмі цёмная і непагодная, а таму, нягледзячы на дапамогу некалькіх мінакоў, уратаваць няшчаснага было немагчыма. Трывога, тым не менш, была паднятая, і рачная паліцыя здолела ўрэшце знайсці цела. Гэта быў малады джэнтльмен, імя якога, як сведчыць знойдзены ў яго кішэні канверт, Джон Апэншоў і які жыве пад Хоршэмам. Мяркуецца, што ён хацеў паспець на апошні цягнік з вакзала Ватэрлоо, праз спешку і поўную цемру збіўся з дарогі і пераступіў праз край адной з маленькіх прыстаняў для рачных параходаў. Слядоў гвалту на целе не знойдзена, а таму няма ніякіх сумневаў, што памерлы зрабіўся ахвярай няшчаснага выпадку, і гэта мусіць звярнуць увагу ўраду на стан рачных прыстаняў”.