Некалькі хвілінаў мы праседзелі ў маўчанні. Я ніколі не бачыў Холмса такім прыгнечаным і ўсхваляваным.
— Гэта абражае мой гонар, Ўотсан, — сказаў ён урэшце. — Дробязнае пачуццё, нічога не скажаш, але тым не менш. Цяпер гэта робіцца маёй прыватнай справай, і калі Бог дасць мне здароўя, я накрыю ўсю гэтую хеўру. Ён прыйшоў да мяне прасіць дапамогі, а я адправіў яго на смерць!
Ён ускочыў з крэсла і з непрыхаваным хваляваннем пачаў мераць крокамі пакой, нервова сціскаючы і расціскаючы доўгія пальцы. На яго бледных шчоках гарэў румянец.
— Падступныя д’яблы! — урэшце выгукнуў ён. — Як яны яго туды завабілі? Набярэжная не ляжыць на дарозе да станцыі. А на мосце нават у такі час было, без сумневу, занадта шмат людзей. Што ж, Ўотсан, мы яшчэ паглядзім, хто каго. Ну, я пайшоў!
— У паліцыю?
— Я сам сабе паліцыя. Калі я спляту павуціну, хай тады паліцыя ловіць мух, але не раней.
Цэлы дзень я быў заняты сваёй медыцынскай практыкай, а таму вярнуўся на Бэйкер-стрыт толькі позна вечарам. Шэрлака Холмса яшчэ не было. Ён прыйшоў дзесьці каля дзесяці гадзінаў, бледны і стомлены, адразу ж скіраваўся да буфета, дзе адламаў кавалак хлеба і пачаў прагна яго знішчаць, запіваючы вялікімі глыткамі вады.
— Прагаладаліся? — заўважыў я.
— Паміраю з голаду. Я проста забыў пра абед і апроч сняданку, нічога сёння не еў.
— Зусім нічога?
— Ні крышкі. Не было часу думаць пра ежу.
— І як вашыя поспехі?
— Няблага.
— Вы знайшлі ключ?
— Яны ў маіх руках. Хутка я адпомшчу за беднага Апэншоў. Думаю, Ўотсан, мы паставім на іх іхнае ж д’яблава таўро. Добрая ідэя, праўда?
— Што вы маеце на ўвазе?
Холмс дастаў з буфета апельсін і, парэзаўшы на кавалкі, выціснуў на стол некалькі зярнятак. Потым выбраў пяць штук і паклаў у канверт. На ўнутраным баку напісаў “ШХ за ДА” і адрасаваў яго “капітану Джэймсу Кэлхоўну, карабель “Самотная зорка”, Савана, Джорджыя”.
— А хто гэты капітан Кэлхоўн?
— Кіраўнік гэтае хеўры. Да астатніх я таксама дабяруся, але ён будзе першы.
— Як жа вы яго высачылі?
Ён дастаў з кішэні вялікі аркуш, увесь спісаны датамі і імёнамі.
— Увесь дзень я праседзеў над Рэгістрамі Лойда і стосамі старых папераў, — адказаў ён, — прасочваючы далейшую дарогу ўсіх суднаў, якія заходзілі ў Пандзічэры ў студзені і лютым 1883 году. За гэтыя месяцы там пабывала трыццаць шэсць караблёў вялікага танажу, і сярод іх — “Самотная зорка”, якая, нягледзячы на тое, што месцам яе адпраўлення быў пазначаны Лондан, адразу ж забрала маю ўвагу, бо так называюць адзін з амерыканскіх штатаў.
— Тэхас, калі не памыляюся.
— Я не быў у гэтым упэўнены ні тады, ні цяпер, але рэч у тым, што карабель мусіў мець амерыканскае паходжанне.
— І што далей?
— Я прагледзеў запісы, якія датычылі Дандзі, і калі ўбачыў, што судна “Самотная зорка” стаяла там у студзені 1885-га, мае падазрэнні перараслі ва ўпэўненасць. Тады я праверыў, якія караблі знаходзяцца цяпер у лонданскім порце.
— І?..
— І выявілася, што “Самотная зорка” прыбыла сюды на мінулым тыдні. Я скіраваўся ў докі Альберта і там даведаўся, што сёння з ранішнім прылівам яна сышла ўніз па рацэ, кіруючыся ў Савану. Я тэлеграфаваў у Грэйвсэнд і даведаўся, што нядаўна яна прайшла міма яго. Дзьме ўсходні вецер, а таму я ўпэўнены, што яна акурат мінула Гудвінс і знаходзіцца непадалёк ад вострава Ўайт.
— І што вы будзеце рабіць?
— О, цяпер ён у маіх руках. Ён і два яго хаўруснікі, адзіныя, як я высветліў, карэнныя амерыканцы на борце. Усе астатнія — фіны ці немцы. Таксама я даведаўся, што ўсе трое правялі ўчарашнюю ноч не на караблі. Пра гэта мне паведаміў стывідор, які займаўся пагрузкай “Самотнай зоркі”. Пакуль яны даплывуць да Саваны, паштовы параход даставіць мой ліст, а тэлеграма папярэдзіць паліцыю Джорджыі, што гэтых трох джэнтльменаў вельмі чакаюць тут у сувязі з забойствамі.
Але нават у найлепшых чалавечых планах заўсёды прысутнічае нейкі пралік, і забойцы Джона Апэншоў так ніколі і не атрымалі апельсінавых зярнятак, якія засведчылі б, што хтосьці, не менш падступны і рашучы, чым яны самі, ідзе іхным следам. У тым годзе буры раўнадзення былі надта доўгія і суворыя. Мы доўга чакалі навінаў з Саваны пра “Самотную зорку”, але так і не дачакаліся. Паводле апошніх атрыманых намі звестак, дзесьці далёка ў Атлантыцы быў заўважаны на хвалях разбіты ахтэрштэвень карабля з выразанымі на ім літарамі “С” і “З”. І гэта адзінае, што мы даведаліся пра лёс “Самотнай зоркі”.