Выбрать главу

— Людзюхны, ратуйце! Не нямчын я, людзюхны! Пятром мяне завуць. I бацька быў Пятро. Купец я з Друцка. Адстаў ад сваіх, хацеў на Вялікдзень у святую Сафію схадзіць. Жонцы і дзеткам хацеў пасвячонае ў Полацку яечка прывезці. Няжыла мяне апаіў і грошы забраў, а пасля нямчынам абвясціў!

Збой прыслухаўся і пацішэў.

— Пятро я. Хрыстом Богам прашу, не губіце бязвінную душу! — маліў вастраносы.

Богуш глядзеў на яго, і на твары ў аршанскага лучніка не было шкадобы.

Але знайшліся ў грамадзе і жаласныя сэрцы.

— Можа, і праўда Пятро ён? — прамовіў нехта.

— На агнёвым роспыце прызнаў сябе нямчынам! — гучна сказаў да людзей пасаднік.

— Грэшны, не сцярпеў пакуты,— зноў падаў голас кудлач.— Сам на сябе нагаварыў.

— Да князя паслаць! Няхай князь судзіць! — закрычалі ў натоўпе.

— Другі ў князя клопат. Перавозчык паслоў у Бельчыцы павёз. Можа, і нашай ён крыві,— пасаднік паказаў нагой у зялёным боце на вастраносага,— ды ўсё адно пераветнік. А пераветнікаў князь Валодша загадаў судзіць скора.

Збой незадаволена загудзеў.

— Пятро я! — адчайдушна заекатаў кудлач.— Крыж буду цалаваць, што Пятро!

У гэты момант нечакана загаварыў таўсматы выведнік. Ён сказаў толькі тры словы:

— Яго імя Готфрыд.

— Не верце яму, людзі! — у смяротным жаху заверашчаў кудлач.— Бога ў цябе няма, лацінец пракляты!

— У Дзвіну іх! — выгукнуў Богуш, і вакол таксама закрычалі: — У Дзвіну!

Пасаднік махнуў рукой. Цівуны забілі выведнікам раты анучамі і пацягнулі абодвух да чаўноў. У вострых вачах аршанскага лучніка было змрочнае здаваленне. Грамада зноў загула, але ў гэтым гудзе ўжо не было шкадавання. Людзі пабеглі па беразе вышэй, каб лепей бачыць.

— Далей адвозьцеі! — загадаў пасаднік.— А то вада спадзе, дык с...кі тырчаць будуць.

Чаўны хутка выйшлі на самую строму. Цівуны, надзеўшы выведнікам на шыі пудовыя камяні, асцярожна, каб не выкуліцца самім, спіхнулі іх у каламутную імклівую ваду.

— Ні воўк ваўка, ні змяя змяю не губіць, а чалавек чалавека губіць і радасць з гэтага мае,— пачуў аршанскі майстра. Гаварыў, хрысцячыся дрыготкай рукой, падстаркаваты манах.

— Нядобра кажаш, мніх. Не да такога чыну словы,— сурова азваўся нехта.— Самі яны свае душы загубілі.

Збой ужо рассыпаўся, як па-над берагам разлёгся ўсцешаны жаночы крык:

— Глядзіце! Глядзіце!

На ўзвозе зарагаталі. Богушавы вусны таксама расцягнуліся ў міжвольнай усмешцы.

Хтосьці, відаць, нейкі весялун з княжых вотчын, што стаялі вышэй горада, пасадзіў на крыгу жарага, як агонь, пеўня. Крыгу несла па самым быстраку, а небарака-певень на пацеху разявакам мітусіўся на сваім хісткім прыстанку і раз-пораз пачынаў махаць крыламі, нібы збіраўся пераляцець на трывалае месца. Але да зямлі было не меней траціны палёту стралы. Жарага гарапашніка згледзелі і на чаўнах. Пад радаснае галёканне берага весляры павярнулі і ўзялі напярэймы крызе. Людзі не разыходзіліся, пакуль уратаванага пеўня не выпусцілі на траву.

Пасля гэтых прыгодаў Богушавы пасталы адмералі яшчэ не адно попрышча па драўляным насціле вузкіх вулак дзядзінцы, па Вялікім пасадзе і вакольным горадзе, дзе дамы стаялі трохі вальней, а ў блізкіх гародах ужо прабілі зямлю першыя стрэлкі цыбулі. Адвячоркам лучнік маліўся ў царкве за Чорным ручаём і паставіў свечку перад абразом Багародзіцы. А калі на горад апусцілася знобкае красавіцкае сутонне, Богуш, распытаўшы перад тым, дзе жыве кастапраў Даніла, пераехаў у ціхае Запалоцце і пастукаў у дзверы моцнай хаты над Палатой. Пастукаў адмыслова: два разы гучна і тры — прыцішана.

3.

Валодша адкінуў мяккую лісіную коўдру і сеў на краі шырокага ложа. Княгіня Звеніслава спала, звыкла падклаўшы пад шчаку далонь. Заснула залагоджаная, усцешаная, што сёння муж рана прыйшоў ад застоліцы.

Князю не спіцца, і, відаць, сон ягоны заблукаў недзе надоўга. Думна ў князевай галаве, неспакойна на сэрцы. Уваччу яшчэ стаіць гаворка з пасламі, у зацішнай пачывальні гучаць іхнія галасы: адрывісты і хрыпаты — чудскага старэйшыны і малады, звонкі — тлумача, маці якога была крывічанкаю.

— Наша неба не сіняе, як мора і азёры, а чорнае ад хаўтурных вогнішчаў. Крыжакі забілі столькі воінаў, што я ўжо не памятаю, хто жывы, а хто склаў галаву. Нашы жанчыны выплакалі вочы, а мужчынам ад частых трызнаў мёд здаецца горкім, а піва салодкім.

Старэйшына гаворыць ціха, вялікія рукі супакойна ляжаць на каленях, але зялёныя вочы на парослым сівым шчаціннем твары гараць такою лютасцю, што нават ён, Валодша, які забраў сваім мячом жыццё не ў аднаго дзесятка ворагаў, не хацеў бы сустрэцца з гэтым чалавекам у сечы.