Выбрать главу

Неспадзявана яму прыгадаліся дзвінскія парогі вышэй Віцебска, што цягнуцца на некалькі попрышчаў. Раку перагарадзілі там вялізныя каменныя валы, але яна, не могучы перапілаваць іх, не здаецца, паволі падымаецца на вал, абрываецца ўніз, творачы вадаспад, і зноў б’е ў камень, зацята точыць яго і ўсё ж праразае сабе вузкі ды глыбокі ход скрозь парог і ляціць з шалёнай хуткасцю, неўтаймоўна і пераможна. Гэтае змаганне ракі і парогаў, што назаўсёды запала яму ў памяць, цяпер, у бяссонную ноч, прынесла нейкую палёгку.

За біскупам — кесар, папа, нямецкія гарады, але за ім, князем Валодшам, зямля яго прадзедаў. За ім — купцы і рукамеслы люд, за ім — цёмныя смерды з вотчын і глухіх весяў. За ім — пастаўленая вялікім князем Усяславам Сафія і кніжная мудрасць, сабраная ў манастырах і цэрквах. Калі б чужынцы прыйшлі ў полацкія храмы, калі б яны пачалі паліць кнігі і на свой капыл выпраўляць летапісы, продкі ўсталі б са сваіх магіл і ўзбунтавалася б сама зямля. Праўда — за ім, князем, а не за крыжакамі.

Рогат пугача пачуўся ўжо зусім блізка, але гэтым разам Валодша не перахрысціўся.

Хутка паплывуць уніз па рацэ полацкія стругі. У ягонай вотчыне за Барысавым каменем стаяць дзесяць балістаў, таемна зробленых на ўзор тых, што князь Вячка некалі адбіў у крыжакоў і прыслаў у Полацк. Цяпер камяні не паляцяць у сваіх. I войска ў яго будзе не такое, як калісьці.

Яшчэ ў студзені, пасля першых чудскіх паслоў, ён на радзе з Віславусам і трыма самымі вернымі баярамі наважыў збіраць сілу. Па езджых дарогах і звярыных сцежках ён адправіў пасланцоў у літоўскія лясы, дзе гараць знічы на капішчах Пяркуна, да земіголы і ў балотную краіну кураў, якія ідуць на бітву, закрыўшыся белымі шчытамі, і адсякаюць сваім параненым галовы, каб пазбавіць іх ад пакутаў. Ён паслаў людзей да дручанаў і лагажан, у Менск і Віцебск...

У Смаленск паслы не паехалі. Смаленскі князь сам глядзіць, каб адарваць кавалак ад Полацкай зямлі, ад сваіх братоў-крывічоў. Добра, калі ў спіну не ўдарыць. Затое ён, князь Валодша, моцна спадзяваўся на паўночных суседзяў. У Ноўгарад і Пскоў павёз пісаныя ім граматы сам Віславус. Ваяводзе было наказана, калі прычыніцца ў дарозе якое ліха, памерці, а лісты ў чужыя рукі не аддаць.

Не з лёгкай душой, а заціснуўшы гонар у кулак, пісаў ён тыя граматы. Наўгародцам і пскавічам нямецкія замкі на Дзвіне выгадныя: больш купцоў едзе да мора сухаземным шляхам праз іхнія княствы. Пскоўскія ратнікі нават хадзілі купна з немцамі вайной на эстаў. Праўда, калі пскоўскі князь Уладзімір Мсціславіч апаганіў свой род, выдаўшы дачку за брата рыжскага біскупа, веча выгнала яго з горада разам з дружынай. Чатыры леты таму біскуп узяў швагра на перамовы з палачанамі і пачаў змушаць яго, вялікага князя полацкага, адмовіцца ад ліўскай даніны. I тады, калі ён павёў свае палкі на крыжакоў, Уладзімір Мсціславіч пскоўскі стаў з дружынаю ў нямецкі строй. Адзінае, што ён, Валодша, вытаргаваў тады для Полацка,— вольны праезд купцам па Дзвіне.

I ўсё ж склаў ён тыя граматы, а апроч пісанага загадаў Віславусу перадаць суседзям, што нядоўга будуць багацець ад сваіх выгодаў. Рыцары паставяць на калені чудзь і пойдуць на рускія землі. Прыспеў час забыць старыя крыўды і стаяць за свае рубяжы плячо ў плячо. Іначай палягуць паасобку, як дружына князя Ігара ў палавецкім стэпе. А выступаць трэба цяпер, калi рыжскі біскуп Альберт паехаў да папы і кесара разбіраць спрэчкі з мечаносцамі.

Валодша ўсміхнуўся, павесялеў. Ён разумны, біскуп. Кожны раз, як едзе ў Нямеччыну, ён набірае сабе не толькі рыцараў, але і майстроў, каб глыбей пусціць карані ў чужую зямлю. Нядаўна ён дазволіў лівам замест дзесяціны плаціць меру збожжа з аднаго каня. Цяпер лівы не паўстануць. Біскуп вельмі разумны, ды здаралася аступацца і рыжскаму пугачу. Відаць, не раз гатовы быў кусаць сябе за локці, што заснаваў ордэн. Войска Альберта служыла яму толькі ад лета да лета, а потым, заробіўшы адпушчэнне грахоў і ў жадобу парабаваўшы, крыжакі вярталіся на караблях дадому. Ён думаў, ордэн памножыць ягоную моц. Але браты-рыцары, увабраўшыся ў сiлу, зрабіліся не памагатымі, а заклятымі ворагамі. Не першы год біскуп і ордэн грызуцца, як злыя сабакі за смачную костку. Некалі Альберт даваў ім траціну заваяванай зямлі, а цяпер ужо мечаносцы дакляруюць яму гэтую траціну, дый то на словах. Пакуль не замірыліся, пакуль няміласцівы да біскупа папа ў Рыме, і трэба біць псоў.

I аб тым загадаў ён Віславусу сказаць у Ноўгарадзе і Пскове, што не сёння, дык заўтра можа прыйсці на берагі Варажскага мора новы вораг. Вугорскі кароль пусціў на свае землі рыцараў-тэўтонаў, што дагэтуль ваявалі з сарацынамі. Полацкія князі здавён маюць сярод купцоў верных людзей, якім наказана ў падарожжах дбаць не толькі аб добрым гандлі, але мець вушы і вочы дзеля сілы і прышласці роднага гнязда. Летась купец Васіль прывёз вестку, што ляшскія князі просяць у тэўтонаў падмогі супроць прусаў...