Смерду трэба карміць гаспадара. Еўфрасіння жыла, каб сеяць зерне кніжнае навукі. А ён прыйшоў абараніць Полацкую зямлю. Настане парá, і крыжакі зломяць свой хрыбет.
Неўпрыкмет для сябе князь прамовіў астатнія словы ўголас.
Над борам падымаўся пунсовы сонечны шчыт.
Нізкія дзверы з рыпеннем павярнуліся на “пятцы” і зачыніліся. Немалады, каратканогі і шырокі ў целе кастапраў Даніла адступіў на два крокі і ў цьмяным святле каганца глядзеў на госця. На шырокім насатым твары была насцярожанасць.
Богуш абвёў позіркам хату. Справа ад дзвярэй стаяла гліняная печ і было заторкнутае валаковае вакенца. За печчу — палаці і нары. Уздоўж другой сцяны цягнулася лава, з якой свяціў зялёнымі вачыма кот. У хаце было цёпла і чыста. Па-ранейшаму нішкам Богуш выцягнуў з запазухі і падаў Данілу нешта загорнутае ў анучку. Гаспадар падышоў да каганца на прыпеку. У анучцы была каменная плітка з выяваю аленя і няроўна адбітым краем.
Таксама моўчкі Даніла скінуў на лаву чорны кажух і пацягнуў за цвік, на якім вісела апранаха. Са сцяны лёгка выйшаў урэзак бервяна. Памацаўшы ў схоўцы рукой, кастапраў зноў наблізіўся да святла. На Данілавай далоні побач з пліткаю ляжаў адбіты вугалок. Ён прысунуў яго ўсутыч, і да аленевай галавы прыраслі галінастыя рогі.
— Gott mit uns!* — ціха загаварыў Богуш.
* З намі Бог! (ням.)
— Gott mit uns! — як рэха азваўся гаспадар.
— Наш айцец біскуп Альберт шле табе сваё блаславенне, Дзітрых. У Рызе памятаюць пра цябе. Калі мы прывядзём схізматаў да праўдзівай веры...— На дварэ забрахаў сабака, і госць асекся.
— Я не ведаю твайго імя...— сказаў лекар, калі сабака суняўся.
— Ты не зробіш вялікай памылкі, калі будзеш называць мяне братам Тэадорыхам.
— Я думаю, ты прыйшоў не з пустымі рукамі, брат Тэадорых? — унікліва запытаўся кастапраў.
Госць павесіў на канявы слуп кайстру і зняў світку. Паверх палатнянай кашулі на ім была кальчужная безрукаўка.
— Пагаворым пра гэта пасля,— сказаў ён.— Я галодны.
Лекар паставіў на стол ёмісты збан і спод з вэнджаным вепручыным кумпяком. Госць памаліўся, асушыў вялікую шкляніцу і стаў прагна есці, адкройваючы нажом і адпраўляючы ў рот ніштаватыя кусы вяндліны. Кастапраў не еў, але піў упоравень з госцем, пакідаючы на густой барадзе кроплі піва. Здаволіўшыся, Тэадорых адсунуў спод і павёў гамонку далей.
— Перад ад’ездам у Рым айцец біскуп маліўся за здароўе полацкага караля Вальдэмара. Мы чулі, ты добра лекаваў яго...
Кастапраў закруціўся, нібы сеў на гарачае.
— Увосень кароль быў на ловах, і на яго выскачыў паранены дзік. Кароль пашкодзіў руку. Я ўправіў костку і зашыў рану ядвабнымі ніткамі. Да Калядаў кароль забыўся, што ў яго была рана. Ён шчодра заплаціў. Скажы, брат Тэадорых, я кепска зрабіў, што хутка вылечыў караля?
— Табою кіраваў сам Бог. Цяпер цябе часта клічуць у Бельчыцы?
Супакоены лекар падліў у шкляніцы піва.
— Бельчыцкі зялейнік добра лечыць травамі, але ніхто ў Полацку не ўмее так, як Дзітрых, упраўляць косці,— з гонарам сказаў ён.
— Не забывай, што сваё ўменне ты атрымаў ад Госпада.— Тэадорых крыху памарудзіў і, глянуўшы кастаправу проста ў вочы, дадаў: — I Гасподзь пажадаў, каб ты лячыў караля зноў.
— Цяпер ён здаровы, як тур. Бог...— лекар папярхнуўся,— д’ябал даў яму сілы столькі, што хопіць на нас дваіх.
Госць засмяяўся.
— Біскуп казаў мне, што ты тугадум. Цяпер ты павінен вылечыць караля назаўсёды.
У цёмных вачах гаспадара мільгануўся спалох.
— Ужо трыццаць гадоў полацкі кароль як бяльмо на нашым воку.— Тэадорых нахіліўся над сталом да лекара.— Ён не толькі неблагі ваяр. Ён стаў неблагім палітыкам. Сёння на рынку і на вуліцах я чуў, як пра яго гаварылі з бояззю і павагай. Але самае страшнае не гэта. Айцу біскупу ў дзень святога Пятра быў сон. Апостал з’явіўся перад ім і мовіў: “Я адкрыю табе вочы, і ты ўбачыш тое, што ўжо даўно мусіў убачыць”. Апостал правёў далоняй па ягоным твары, і святы айцец убачыў, як Вельзевул у абліччы Сына чалавечага кладзе ў руку каралю Вальдэмару меч, і пачуў, як ён грамавым голасам гаворыць: “Я выбраў цябе, каб ты пазбавіў гэтую зямлю ад Хрыстовых слуг”. Тады Вальдэмар укленчыў перад ім і сказаў: “Верую ў сілу тваю, Божа”.
Госць і гаспадар перажагналіся, адпрэчваючы служак д’ябла, якія маглі быць недзе побач.
— Нашы перамогі не павінны туманіць нам галаву. Вальдэмар паверыў, што яму наканавана не пусціць у Полацкую краіну праўдзівае слова Божае. Ён сам асудзіў сябе на смерць. Я прыйшоў, каб абарваць чорную нітку ягонага жыцця.