З гэтымі словамі Тэадорых узяў сваю кульбу, крутануў яе пасярэдзіне, і кульба разышлася надвое. У руцэ ў госця апынуўся маленькі бутлік з крупчастым белым парашком.
— Адно каліва гэтых лекаў,— ён страсянуў бутлік,— вылечыць караля ад усіх былых і будучых хваробаў.
Лекар загаварыў пасля цяглага маўчання:
— Дзітрых просты чалавек, але ён бачыць, што Бог сапраўды хоча гэтага. У каралеўскай вязніцы сядзіць баярын Міхайла. Міхайлаў сын выракся бацькі і служыць у Вальдэмара чашнікам. У ягоных руках усе вінныя скляпы і мядушы. У душы Міхайлаў сын ненавідзіць караля і хоча вярнуць бацькаву вотчыну...
Твар госця асвятліла змрочная радасць.
— Вось гэта ўмацуе ягоную нянавісць.— Ён дастаў з кайстры важкую торбачку і высыпаў на стол залатыя манеты.
— Я сказаў не ўсё. Баярскі сын не асмеліцца падняць руку на князя. Але калі б...
— Калі б што? — нецярпліва выгукнуў Тэадорых.
— Калі б ягоны бацька памёр... Дзітрых думае, тады баярскі сын адважыцца.
— Няхай баярын памрэ,— сказаў госць.
— Дзітрых будзе гаварыць з чалавекам, які носіць Міхайлу хлеб і ваду...
— Не шкадуй золата. Ты атрымаеш удвая больш.— Госць кіўнуў на рассыпаныя на стальніцы манеты.
— Я і цяпер сказаў не ўсё.
Тэадорых здзіўлена і зласліва падняў бровы.
— Дзітрых не такі вучоны чалавек, як ты, і не ўмее гаварыць так складна. Але ён думае, што трэба пачакаць. Кароль Вальдэмар збіраецца ваяваць з літоўскімі паганцамі. Мы вылечым караля, калі ён вернецца. Літоўцы таксама ворагі Рыгі.
Вусны ў Тэадорыха скрывіла пагардлівая ўсмешка.
— I ты паверыў у гэтую казку для немаўлятаў. Кароль Вальдэмар таемна пасылаў да літоўцаў сваіх ганцоў. Мо твая галава думае, ён хацеў папярэдзіць, каб чакалі ў госці? Га-га-га... Кароль даўно прагне ісці на Рыгу. Ледзь не кожны дзень ён прымае нейкіх паслоў. Богу дагодна адправіць яго ў пекла цяпер. Адно скажы баярскаму сыну, што атруту трэба даць у дзень выхаду ў паход. Не раней.
Лекар глядзеў на госця прысаромлена, але непаразумела.
— Ты ўпраўляеш косці лепей, чым варушыш сваімі старымі мазгамі. Калі кароль памрэ ў гэты дзень, мы зможам абвясціць усяму свету, што сам Усявышні пакараў яго за злачынства, задуманае супраць царквы. I гэта будзе праўда, бо ўсе мы ў руцэ Гасподняй. Храніст біскупа Генрых пакіне памяць пра гэта людзям, што будуць жыць тут праз стагоддзі, калі ўвесь гэты край даўно будзе нашым.
Вочы ў начнога госця апантана гарэлі.
— А зараз памолімся, каб не забывала нас у нашых пачынаннях Дзева Марыя.
Тэадорых апусціўся на калені. З апаскаю паглядаючы на госця, лекар укленчыў побач.
А трэцяй гадзіне ад усходу сонца Валодша і ваявода Віславус прымалі ў княжай палаце паслоў з Герцыкі.
Колькі гадоў таму, здабыўшы бліжэйшы ад Рыгі Куканос, біскуп Альберт на чале вялікага войска падступіў да Герцыкі, дзе сядзеў Усевалад з роду Рагвалодавічаў. Крыжакі прыйшлі помсціць за вернасць Полацку, за тое, што Усеваладава дружына няраз шкуматала Лівонію. У набегі князь хадзіў зазвычай разам з лiтоўцамi, бо іхні магутны кунігас Даўгерут даводзіўся яму цесцем. У Рызе ваяўнічага памежнага князя пабойваліся, а Герцыка ды Полацк любілі яго — не толькі за адвагу ў бітве, але і за часты шанцунак, за тое, што свяціла яму з неба шчаслівая зорка.
То ягоныя ваяры знянацку з’явяцца пад самымі рыжскімі мурамі, захопяць гарадскі статак і двух лацінскіх святароў у прыдачу і беспакарана вернуцца ў свой удзел. То, надзеўшы нямецкія панцыры, без бою ўвойдуць у замак і палоняць тузін рыцараў і самога комтура. То як быццам ні з чога ні з якага загарацца сярод ночы нямецкія караблі ў завані...
Відаць, і тады Усевалад верыў у сваю шчаслівую зорку, бо не зачыніўся ў замку, каб трываць аблогу, а вырашыў біцца ў полі. Аднак людзей у Альберта было болей, а паміж Усеваладавых вояў не кожны нават меў кальчугу. Разы са два герцыкскія ратнікі наляцелі на немцаў, ды адпалі, як выжлы ад мядзведзя, і кінуліся бегчы назад да брамы. Услед за імі крыжакі ўварваліся ў горад і пачалі сеяць смерць. Праўда, князь з дружынаю і многімі мужамі прабіўся да стругаў і ўратаваўся за Дзвіной, але жанкі і дзеці трапілі ў палон. Два дні крыжакі рабавалі Герцыку, выганялі з хлявоў худобу, зносілі да княжага хорама золата, срэбра і пурпур. На трэці дзень, утапіўшы царкоўныя званы і пасекшы мячамі абразы, немцы падпалілі горад і берагам пагналі палон у Рыгу. Прывязаная да калёсаў са скарбам, басанож ішла разам з усімі і проставалосая Усеваладава жонка Альдона з дачкою на руках.