Выбрать главу

У чоўне-аднадрэўцы пераплыў раку адпушчаны палонны. Усевалад, ашчаперыўшы голаў, сядзеў на краі берагавога ўрвішча і моўчкі гайдаўся з боку ў бок. Пушчанік перадаў словы біскупа Альберта. Калі князь хоча вярнуць жонку з дзіцем і палон, няхай адзін едзе ў Рыгу. Усевалад кінуўся на вестуна з мячом, ледзьве не ўчыніўшы смертазабойства.

Але лютага каня вуздэчка стрымае, а хуткі гнеў розумам утаймуецца. Праз сядміцу князь паехаў у варожае кубло. Перад рыцарамі, клірыкамі і купцамі ён назваў Альберта бацькам і перадаў яму Герцыку з зямлёй і вотчынамі, паабяцаўшы быць верным лацінскай царкве і не хадзіць з літоўцамі ў набегі. Зняважаны Усевалад ішоў адбудоўваць горад з палонам і трыма прынятымі ад біскупа чужынскімі сцягамі.

Князь Валодша будзе гэта памятаць давеку. Таму і гаворку з людзьмі з Герцыкі пачаў сувора, хоць у душы і хаваў радасць. Яго цешыла, што не памыліўся, калі не адправіў сваіх паслоў да Усевалада. Валодша быў пэўны, што герцыкскі ўладар дачуецца пра паход ад літоўцаў і рана ці позна, наступіўшы на горла ўласнай гордасці, адзавецца сам. Князь ведаў: хай сабе і схіліў Усевалад шыю перад рыжскім пугачом, але ніколі ён не паставіць дружыну ў варожы строй, не ўчыніць крывіцкім мячам такой нязбыўнай ганьбы.

У княжую палату, дзе ў вясёлыя вечары збіралася бяседа на сто чараў, зазірала сонца. Яно запальвала жаркім агнём медныя бляхі на каваных шчытах, што віселі па сценах, чаргуючыся з раскідзістымі рагамі аленяў і ласёў. Адсюль, з другога паверха, была відаць мураваная царква пад свінцовым крыццём і выцягнутыя ўсцяж частаколу дахі жылых клецяў, на якіх пад час аблогі стаялі абаронцы. Сям-там на дахах зелянеў мох, а на ўгрэве паспела распусціцца залацістая багатка. I ад прыходу паслоў, і ад такой яснай раніцы князь чуў сябе надзіва ўпэўненым і дужым.

— Ну, распавядайце, ці добра жывецца пад нагой у біскупа,— пачаў Валодша. На ім ладна сядзела сіняя світа з чырвонаю аблямоўкай і залатымі закаўрашамі, на нагах былі расшытыя срэбрам боты з чырвонага юхту.

Людзей ад Усевалада прыйшло двое: кульгавы ваявода Збыслаў — невысокі, увесь жылаваты і моцны, як смаловы корч, і старэйшы Усеваладаў сын Васілька, яшчэ падлетак, з дзіцячым румянцам на бязвусым і безбародым твары, але ўжо з шырокімі па-мужчынску плячамі, якім было цеснавата ў зялёным аксамітавым каптане. Разам з імі быў руды вяснушкаваты волат — літоўскі ваяр Рудзіс.

Князь чакаў адказу і міжволі параўноўваў свайго старэйшага сына з Васількам. “Такі, калі давядзецца, можа з бацькавых рук меч прыняць”,— зайздросцячы Усеваладу, думаў ён.

У палаце павісла ціша. Было чуваць, як недзе далёка на прыдзвінскім поплаве клякоча бусел.

— Дык чаму не хваліцеся, як вас новы гаспадар шануе? — парушыў гэтае маўчанне Валодша.— Ці смачнейшы стаў ваш хлеб, ці саладзейшы мёд?

Васілька ад пякучай крыўды закусіў губу. На скроні ў ваяводы Збыслава набракла крывёю жыла.

— Не такія мы словы чуць хацелі,— глуха сказаў стары ваяка.

— Не льюць міру духмяную ў паганы посуд.— Сярод кніг, а іх у хораме было шмат, Валодша найбольш гарнуўся да “Пчалы” і “Ізборнікаў”, любіў уплесці ў гаворку чытаныя там словы святых айцоў і свецкіх філосафаў.— Можа, гэта не ваш князь рыжскага біскупа за роднага бацьку прызнаў? Можа, не ваш Усевалад прысягаў адкрываць Рызе ўсе намеры і палачан і літоўцаў? Ёсць таму самавідцы.

— Ты, князь, не сядзеў на тым рубяжы. Твая жонка і дзіця не паміралі ад голаду, і немцы не кідалі ім, акі псам, скарынкі на зямлю. Але і ты падпісаў з біскупам вечны мір.

— Які гэта мір, ты, кульгач, ведаеш,— сказаў Віславус, стараючыся патрапіць у лад князю.— На той сядміцы двух нямчынаў-выведнікаў на гасціны да вадзяніка выправілі...

— Дай мне мовіць,— спыніў яго Валодша і падняўся.— Мір мірам, а лацінцаў братамі не зваў і, пакуль жывы, не назаву! — ён секануў рукою паветра.

Пасланы біскупам клірык і яго схіляў некалі прыняць новую веру. “Асвяці душу і розум ісціным законам Божым,— пранікнёна казаў красамоўны рыжанін,— і Бог прыспорыць табе і твайму каралеўству велічы і моцы”. Пасля новага хрышчэння, абяцаў клірык, вучоны святар Генрых, што піша Лівонскі летапіс, праславіць імя полацкага караля на ўвесь хрысціянскі свет. Валодша ўспомніў, як адказаў тады. Адказаў гожа: “Ад Адама і Евы да патопу, ад царства Саламонава да Аўгуста, ад страсці да ўваскрэсення — пра ўсё я знаю і вучэння ад вас не прыму. Дасць Бог, здабуду славу ад іншага чыну”.

Усё тое мільганула цяпер у памяці, як пошуг бліскавіцы.