— Калі Міхайла памёр, кароль Вальдэмар раззлаваўся і шукаў вінаватых,— сказаў ён, наліваючы ў шкляніцы цёмна-бурштынавы трунак.— Але баярскі сын паверыў, што бацьку звялі са свету па каралеўскай волі. Га-га-га... Цяпер ён зробіць тое, чаго мы хочам.
— Ты навучыў яго, калі трэба даць нашы лекі?
Гаспадар кіўнуў.
— Праўда, баярскі сын казаў, што кароль стаў падазроным. Ён часта здымае з пальца і кідае ў чару пярсцёнак, што прывезлі яму купцы.
Камень з таго пярсцёнка забівае атруту*.
* Гаворка ідзе, найверагодней пра так званы безаарны камень, які ўтвараецца ў страўніку некаторых жывёл. Прадстаўнікі вышэйшых слаёў грамадства сярэднявечнай Еўропы, баючыся, што іх атруцяць, пад час застоліцы нярэдка кідалі ў келіх пярсцёнак з безаарным каменем або высыпалі туды загадзя натоўчаны парашок. Лічылася, што ад гэтага любая атрута, асабліва найбольш пашыраны тады мыш’як, траціць сваю сілу. Доследы сучасных біяхімікаў пацвердзілі, што безаарны камень у выніку хімічнай рэакцыі сапраўды робіць няшкоднымі мыш’як і арсеніды.
— Мае лекі з краіны жаўтатварых людзей, якая ляжыць за гарамі і пустэльнямі. Дапасці той краіны можа адзін падарожнік з пяці, а вярнуліся толькі двое ці трое. Ад гэтых лекаў не ўратуе ніякі пярсцёнак, нават калі яго даў каралю сам Вельзевул.
— З намі Бог.— Кастапраў зноў напоўніў шкляніцы.— Выпі, брат Тэадорых, і даставай сваё золата. Не, яно ўжо маё. Га-га-га... Дзе маё золата, брат Тэадорых?
На стол з глухім стукам упаў цяжкі палатняны мяшэчак. Перакуліўшы шкляніцу ў разяўлены рот, лекар выцягнуў з мяшэчка залаты і праверыў яго на зуб. Ужо не надта ўпэўнена трымаючыся на нагах, ён схаваў золата недзе за печчу.
— Адну манету Дзітрых дасць удаве Агафіі з Млынавага завулка. Не, ён дасць ёй дзве манеты. За тое, што яна любіць старога кастаправа Данілу. I за тое, што цела ў яе белае, як пшанічная мука. А трэці залаты ён дасць ёй за тое, што... Га-га-га... Брат Тэадорых, ты любіш... га-га-га...— ён зрабіў непрыстойны жэст.
Альбертаў пасланец глядзеў на лекара рысінымі вачыма. Ён падышоў да дзвярэй і зноў зачыніў іх на засаўку.
— Ты шмат п’еш, Дзітрых, а калі чалавек вып’е, ён робіцца балбатлівы, як жанчына.
Рухі ў лекара запаволіліся. Ён важка апусціўся на лаву і паківаў перад носам у Тэадорыха кароткім мясістым пальцам.
— Скажы біскупу, што Дзітрых ведае, што робіць. У яго не развяжацца язык нават пад агнём. Дзітрых не будзе карміць рыбу ў Дзвіне, як недарэка Зігфрыд, хоць ён і прыхапіў з сабой на той свет аднаго з гэтых схізматаў. Га-га-га...
У гожым твары Тэадорыха нешта зыначылася.
— Табе я веру, як самому сабе. Ты не выдасі.
— Вось гэта праўда,— цяжка варочаючы языком, азваўся лекар. Збан не слухаўся ягоных рук, і мёд ліўся на стол, расплываючыся цёмнымі плямамі.
Неўзабаве лекар апусціў голаў на рукі і, здавалася, заснуў. Тэадорых уважліва паглядзеў на яго. Але раптам кастапраў прахапіўся, павёў вакол асавелымі вачыма і, аберуч прыціскаючы да жывата парожні збан, пабрыў да дзвярэй. Каля печы ён пахіснуўся і, выпусціўшы пасудзіну з рук, ухапіўся за канявы слуп. Дзітрых паспрабаваў ускараскацца на палаткі, ды не змог, дагары забурыўся проста на чарапкі і імгненна захроп.
Даволі доўга ў хаце быў чуваць адно густы храп з прысвістам.
— Кароль Вальдэмар памрэ,— напаўголаса загаварыў пасланец біскупа.— Бог выбраў мяне, свайго слабога слугу, і даў мне сілы, каб я ўчыніў суд.— У ягоных вачах загарэўся ліхаманкавы бляск.— Кароль памрэ, і яго забудуць, бо тут будуць наша вера і наша ўлада. А слава пра нас, Божых слуг, дойдзе да нашчадкаў. Дзеля гэтага я пакінуў сваю радзіму, дзеля гэтага жыў сярод ворагаў і гаварыў на іхняй мове.
Перахрысціўшыся, ён наблізіўся да лекара і некалькі імгненняў глядзеў на насаты твар з адкрытым ротам. Па шчацэ ў Дзітрыха паўзла муха.
Недзе паблізу вылі сабакі.
У першую нядзелю па Вялікадні на полацкім кірмашы ўдава рыбака Агафія, кінуўшы на прылаўку рашоты з пячыстамі, як каршун, наляцела на рослага сухарлявага чалавека з дарожнаю кайстраю на плячы. Той спрабаваў бараніцца кульбай, ды раз’ятраная баба прыціснула яго да зямлі сваім мажным целам і не адпусціла, пакуль не падбеглі пасаднікавы цівуны. Спярша людзі рагаталі з неспадзяванае пацехі і пад’юджвалі ўдаву, але яна на паў-Полацка ўсчала лямант, што гэты чалавек зарэзаў запалоцкага кастаправа Данілу. Удава бажылася, што праз шчыліну ў плоце бачыла ліхадзея на Данілавым падворку перад той самай ноччу, калі душа лекара адляцела ў рай.