А ў Чэхах было неспакойна, і на вуліцах пражскіх і дзеці і людзі паважанага веку крычалі святарам: «У сак, мнісе, у сак!», і на вачах маіх разарвалі на рынку манахаў, што за сходную цану прапаноўвалі салому асла, на якім Ісус ехаў у Ерусалім, слёзы Марыі Магдалены, а таксама малако Багародзіцы і промні Віфлеемскае зоркі, што паказвала шлях вешчунам. І хадзіў я разам з іншымі шкалярамі па месце Пражскім у сціжме людзей, а наперадзе нас ішла выляжанка, усяму месту вядомая, і была яна ва ўборы папы рымскага і на пацеху народу раздавала ахвотнікам паперкі, званыя індульгенцыямі. І трывожна было ў сэрцах нашых, бо даходзілі чуткі, што судзіць будзе Рым заступніка чэхаў Гуса і сябра ягонага найадданейшага, а майго дабрачынца Гераніма, у доме якога заўсёды мог я тою парою насыціць голад мой...*
* У гэтым месцы пергамент абгарэў і тэкст нечытэльны.
...а вялі яго туды паўз вогнішча, з кніг, ягонаю рукою напісаных, складзенае, і ўзышоў ён на сваю Галгофу вогненную з мужнасцю вялікай. Калі дагарэлі дровы, знайшлі сэрца ягонае жывое і білі яго кіямі, а затым насадзілі на пожаг і засмажылі асобна. Прах жа ягоны, каб не засталося на зямлі магілы і не было куды людзям збірацца памінаць заступніка свайго, кінулі ў раку, а на агнішчы закапалі асла, што належаў нейкаму кардыналу, і зрабілі гэта, каб напалохаць людзей кепскім паветрам, але, бачыць Бог, спудлавалі яны, бо стаяў бы там большы смурод не ад няшчаснага стварэння Божага, а ад ягонага гаспадара. Вялікі жа князь наш Вітаўт, каб абараніць пакутніка Гуса, паслаў на сабор у Канстанс мітрапаліта свайго з біскупамі, ды спазнілася пасольства ягонае і вярнулася ў смутку.
На наступнае лета вытрымаў я экзамен, і ахрышчаны быў ў бакаляры, і надзеў шапку бакалярскую кантовую і карзно з чырвонаю на рукавах аблямоўкаю, але не было радасці ў сэрцы маім, бо таго ж лета схапілі слугі папскія дабрачынца майго Гераніма і паставілі ў вежы на калоду і ногі прыкавалі цяжкімі кайданамі да калоды, а рукі да жалезных кольцаў у столі. Вісеў ён там многа дзён, і рукі і ногі ягоныя былі ў язвах гнойных, і пахіснулася вера ягоная, і выракся ён публічна вучэння настаўніка свайго Гуса, але Збавіцель у сваёй міласэрнасці даў яму сілы, і адмовіўся ён ад адрачэння, прыняўшы смерць у агні на тым самым месцы, дзе і нявінны Гус. Вялікая журба была тады ў Чэхах і ў іншых краінах, і ведаю я, што многія людзі ў месце Віцебскім, і ў Полацку, і ў Вільні таксама журбу чулі ў сэрцах сваіх, бо ведалі, што стаяў магістр Геранім калісьці перад людам віцебскім на каленях і вялікую ласку меў да народа нашага.
Няхай жа будзе вам вядома, што ў смутныя тыя часы прызваў мяне магістр Амбраж і абвясціў, што наблізіўся ён да таямніцы філасофскага каменя, званага яшчэ вялікі магістэрый, але век ягоны і сілы вымагаюць, каб узяў ён вучня, бо іначай пайсці можа праца рук ягоных тунна. І загарэлася сэрца маё, як сухая былінка, бо даўно ўжо перачытваў я пакрыёма кнігу вялікага чарнадзея Зосімы, і ведаў многія формулы, і спасцігаў таямніцы магніту і бурштыну. І ўвёў мяне магістр Амбраж у сутарэнне пад домам сваім, дзе быў куб перагонны, і горан, і ўсё, што трэба на доследы. Удвух пайшлі мы да цёмнага і невядомага праз яшчэ больш цёмнае і невядомае і датыкаліся ў доследах сваіх да чорных сіл хаосу і ў апантанасці сваёй прыраўноўвалі Хрыста да вялікага магістэрыя і вялікі магістэрый да Сына Божага, і, аддаўшыся роспачы, няраз здзіралі да крыві рукі аб каменныя сцены прыстанку нашага.
Два леты жылі мы, чужаючыся людзей, а на трэцяе лета замуравалі сябе, і ежу з вадою падавалі нам цераз атвор, і не ведалі мы, што чыніцца ў месце Пражскім і на ўсёй Чэшскай зямлі. Але ў адзін з дзён быў пасланы нам знак, і ўбачылі мы на сцяне крывавую пляму, і, калі пахолак прынёс нам хлеб, парушыў я прысягу сваю і насуперак волі настаўнікавай загаварыў з пахолкам. І ўведалі мы, што Рым абвясціў чэхаў ерэтыкамі, і падняліся яны з імем Гуса супроць папы і няправедных уладаў, і бяруць места за местам. І сказаў магістр Амбраж на гэта, што няма нічога вышэй як ісціна, а ісціна ёсць вялікі магістэрый, усё ж астатняе - марнасць марнасцяў, і розум мой гатовы быў пагадзіцца з ягонымі словамі, ды не згадзілася сэрца маё. Тады ўзвысіў настаўнік голас і вінаваціў мяне ў адступе ад прысягі і аблілося сэрца маё горыччу, але пакінуў я настаўніка, бо чуў у душы голас Геранімаў, што клікаў адназемцаў маіх узняць у ліхую гадзіну мячы свае разам з братамі-чэхамі. Было гэта ў лета, калі забраў Гасподзь душу старога караля Вацлава і не прызналі чэхі спадкаемца ягонага рудога Зыгмунда-імператара.